Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 4 глава

1 Зрабіў ён таксама медны ахвярнік у дваццаць локцяў даўжыні і дваццаць локцяў шырыні ды дзесяць локцяў вышыні.
2 Таксама зрабіў мора літае ад берага да берага — дзесяць локцяў, усё круглае; у вышыню яно мела пяць локцяў, і шнур, што абвіваў яго кругом, — трыццаць локцяў.
3 Таксама нешта накшталт валоў стаяла пад ім; кругом на дзесяць локцяў абкружалі яны яго; два рады валоў, вылітых адным ліццём з морам, абкружалі заглыбленне мора.
4 І само мора стаяла на дванаццаці валах, тры з якіх звярталіся на поўнач, і іншыя тры — на захад, затым тры іншыя — на поўдзень, і тры астатнія — на ўсход, маючы мора над сабой; а іншыя валы былі ўнутры пад морам.
5 Затым таўшчыня яго была ў далонь, і бераг яго быў зроблены ў выглядзе краёў келіха або лілеі, якая распусцілася; і змяшчала яно тры тысячы батаў.
6 Таксама зрабіў дзесяць купеляў і памясціў пяць на правым баку і пяць на левым баку, каб мыць у іх усё, што мелі складаць на цэласпаленні; прытым святары ў моры мыліся.
7 Зрабіў жа таксама дзесяць залатых падсвечнікаў у выглядзе, як было загадана ім быць, і памясціў іх у святыні пяць па правым баку, і пяць па левым.
8 Таксама і дзесяць сталоў зрабіў ды памясціў іх у святыні: пяць па правым баку, і пяць па левым; таксама зрабіў сто залатых чараў.
9 Таксама ўладкаваў панадворак святарскі ды вялікі панадворак поруч, брамы ў панадворку, якія пакрыў меддзю.
10 Затым паставіў мора з правага боку на паўднёвы ўсход.
11 Гірам жа зрабіў катлы, і лапаткі, і чары, і так скончыў усю працу, якую меў выканаць у святыні Бога для цара Саламона, а менавіта:
12 дзве калоны, і шары, і капітэлі над верхам дзвюх калон, і дзве гірлянды, якія пакрывалі капітэлі;
13 таксама чатырыста яблыкаў граната і дзве гірлянды, так што абодва рады яблыкаў граната злучаліся з абедзвюма гірляндамі, якія пакрывалі шары, што былі на слупах.
14 Зрабіў ён таксама падножжы і купелі, якія паставіў на падножжы,
15 адно мора і дванаццаць валоў пад морам;
16 катлы, і лапаткі, і відэльцы: усе пасудзіны зрабіў Гірам, майстар, для цара Саламона і для дома Госпадавага з найчысцейшай медзі.
17 Адліў іх цар у ваколіцы Ярдана, у гліністай зямлі між Сукотам і Сарэдай.
18 І нарабіў Саламон безліч прылад, так што нельга было падлічыць вагі медзі.
19 Зрабіў таксама Саламон усе прылады для дома Божага: і залаты ахвярнік, і сталы, і на іх — пакладныя хлябы;
20 таксама падсвечнікі ды іх лямпы з найчысцейшага золата, каб паліць іх па рытуале перад Дабірам, месцам найсвяцейшым,
21 і кветку, і лямпы ды шчыпцы — усё было зроблена з найлепшага золата.
22 Таксама нажніцы, і чары, і катлы, і курыльніцы былі з найчысцейшага золата. І дзверы святыні звонку ў святое з святых ды дзверы святыні знадворку былі залатыя.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.