Библия » Пераклад П. Татарыновіча
2 Фессалоникийцам 2 глава
1 Просім вас, браты, адносна прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, калі зграмадзімся к Яму,
2 не дайцеся лёгка вывесьці сябе з раўнавагі, ані затрывожыць сябе харызматам (праз духа), ці праз навуку, або ліст які нібыто ад нас, — што дзень Госпадаў ужо надыходзіць.
3 Хай ніхто ніякім чынам вас не бянтэжыць; перш бо настане адступства й выявіцца чалавек граху, сын загібелі,
4 які супраціўляецца й вывышаецца над усё Богам званае, ці сьвятыняй, так што навет засядзе ў сьвятыні Божай, выдаючы сябе за Бога.
5 Ці не памятаеце, як гэта гаварыў вам, яшчэ будучы ў вас?
6 І ведаеце што цяпер яго сутрымоўвае выявіцца сваечасна.
7 Тайніца бо бязбожнай негадзі (беззаконня) ужэ арудуе, толькі ня зьдзейсьніцца цяпер пакуль ня будзе з-пасярод узяты той, хто яе ўстрымоўвае.
8 І тады зьявіцца той бязбожнік, якога Госпад Езус усьмерціць духам сваіх вуснаў і зьніштожыць зіяннем свайго прыйсьця.
9 А паява таго будзе пад шатанскім дзеянням з усякага роду сіламі й знакамі ды хвальшывымі цудамі,
10 усякай зводніцкай спакусай для гінучых затое, што ня прынялі любасьці праўды, якаяб іх збавіла.
11 І за гэта дапусьціць Бог прымірснае дзеянне подступу, каб уверылі лгарству,
12 каб былі асуджаные ўсе няўверыўшые праўдзе, а ўпадабаўшые лжу.
13 Але мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты Богу мілые, што ён ад пачатку выбраў вас для збаўлення праз асьвяту Духа і веру праўдзе,
14 да чаго і паклікаў вас нашым прапаведніцтвам Эванэліі, каб прыдбалі славу Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.
15 Дык стойцеж, браты й трымайцеся традыцыяў, якіх ад нас навучыліся ці-то вусна, ці лістоўна.
16 Сам-жа Госпад наш Езус Хрыстус і Бог Айцец наш, які палюбіў нас ды даў праз ласку сваю суцеху вечную й надзею добрую,
17 хай урадуе сэрцы вашые ды ўмацуе ў кажным добрым дзеле й добрым слове.
2 Фессалоникийцам 2 глава в переводах