Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Колоссянам 2 глава
1 Бо я хачу, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў целе,
2 каб сталіся ўсьцешанымі сэрцы іхныя, злу́чаныя ў любові, і дзеля ўсяго багацьця паўнаты разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Ба́цькі і Хрыста,
3 у Якім усе скарбы мудрасьці і разуменьня схаваны.
4 А кажу вам гэтае, каб хто-небудзь ня зьвёў вас ілжэпераконваючымі словамі.
5 Бо хаця я целам і адсутнічаю, але духам я разам з вамі, радуючыся і бачучы ваш парадак і цьвёрдасьць веры вашай у Хрыста.
6 Таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, гэтак і хадзіце ў Ім,
7 будучы ўкарэненымі і будуемымі на Ім, і мацуемымі ў веры, як вы навучаны, збыткуючы ў ёй з удзячнасьцю.
8 Глядзіце, каб ніхто вас ня захапіў хвілязохвіяй і пустым ашуканствам паводля традыцыі людзей, паводля стыхіяў гэтага сьвету, а ня паводля Хрыста;
9 таму што ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,
10 і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць Галава ўсякага начальства і ўлады.
11 У Ім і вы абрэзаны абразаньнем нярукатворным, зьмярцьвеньнем цела грахоў, плоці, абразаньнем Хрыстовым,
12 быўшы пахаванымі зь Ім у хрышчэньні, у якім і ўваскрэсьлі зь Ім праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго зь мёртвых.
13 І вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў няабразаньні плоці вашай, Ён ажывіў зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
14 зьнішчыўшы ру́капіс пастаноў адносна нас і даўгоў нашых, што было супраць нас, Ён узяў яго з асяродку нашага і прыцьвікаваў яго да крыжу;
15 абяззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў іх на пасьмешышча, перамогшы іх ім (крыжам).
16 Дык вось, няхай ніхто ня асуджае вас за ежу ці пітво, ці за ўдзел у якім-небудзь сьвяце, ці (за сьвяткаваньне) маладзіка, ці за суботу,
17 усё гэтае зьяўляецца це́нем будучага, а цела — Хрыста.
18 Няхай ніхто ня зводзіць вас паказнымі ціхасьцю і мудрасьцю ды служэньнем Ангелаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, марна хванабэрачыся плацкім розумам сваім
19 і ня трымаючыся Галавы ад Якой усё цела суставамі і зьвязкамі, злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
20 Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхіяў гэтага сьвету, то чаму вы падпарадкоўваецеся пастановам, быццам тыя, што жывуць па-сьвецку:
21 «ня чапай, ня еш, і ня дакранайся» (да таго),
22 што ўсё ёсьць на тленьне ад ужываньня? (А вы падпарадкуецеся) адпаведна прыказаньням і навуцы чалавечым.
23 Гэта мае толькі выгляд ціхасьці і мудрасьці ў выдуманым служэньні са змардаваньнем цела і абясцэненьнем клопату аб правільным насычэньні цела.
Колоссянам 2 глава в переводах