Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
1 Паралипоменон 17 глава
1 Калі ж Давід абжыўся ў сваім доме, сказаў прароку Натану: «Вось, я жыву ў кедравым палацы, а каўчэг запавету Госпада пад шкурамі».
2 На гэта сказаў Натан Давіду: «Зрабі ўсё, што ў тваім сэрцы; бо Бог з табою».
3 Дык у тую ноч прамовіў Госпад да Натана, кажучы:
4 «Ідзі і кажы Давіду, слузе майму: вось што кажа Госпад: “Не збудуеш ты мне дом на пражыванне;
5 бо ад таго часу, калі вывеў Ізраэль, аж да гэтага дня не застаюся ў доме, але пераходжу з палаткі ў палатку і з жытла ў жытло.
6 Дзе толькі ні вандраваў сярод усяго Ізраэля, ці сказаў хоць бы аднаму з суддзяў Ізраэля, каму загадваў пасвіць народ мой, і ці сказаў Я: “Чаму не пабудуеце Мне дом кедравы?”
7 Дык цяпер так скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Забраў я цябе, калі ты на пашах хадзіў за статкам, каб быў ты правадыром народа майго Ізраэля;
8 ды быў Я з табой, дзе толькі ты ні хадзіў, і вынішчыў Я ўсіх непрыяцеляў тваіх дзеля цябе, праславіў імя тваё, як аднаго з вялікіх людзей, якія славяцца на зямлі.
9 І Я прыгатаваў месца дзеля народа майго Ізраэля, і размясціў яго, каб жыў на ім, ды больш не будзе перамяшчацца, ды ліхія людзі не будуць чапаць яго, як раней было,
10 і ад часоў, калі паставіў суддзяў для народа майго Ізраэля, і ўпакорыў усіх праціўнікаў тваіх. Дык паведамляю табе, што Госпад збудуе табе дом.
11 І калі пражывеш дні свае і пойдзеш да сваіх бацькоў, узбуджу па табе нашчадка твайго, што выйдзе з сыноў тваіх, ды ўмацую яго царства.
12 Ён пабудуе Мне дом, і Я ўмацую яго пасад на векі вечныя.
13 Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам; ды міласэрнасць Сваю не спыню да яго, як спыніў да таго, хто перад табой быў.
14 І насаджу яго ў доме Маім і ў Валадарстве Маім па спакон вякоў, і пасад яго будзе наймацнейшым вечна”».
15 Па ўсіх словах гэтых і па ўсім гэтым з’яўленні так сказаў Натан Давіду.
16 І калі прыбыў цар Давід і сеў перад Госпадам, казаў: «Хто я, Госпадзе, Божа, ды які мой дом, што прывёў Ты мяне сюды?
17 Але гэтага паказалася мала перад абліччам Тваім, Божа, і дзеля таго прадказаў Ты на дом паслугача свайго таксама на будучае, і глянуў Ты на мяне, як на чалавека ўзвышанага над родам чалавечым, Госпадзе Божа.
18 Што болей можа дабавіць Давід, калі Ты паслугача Твайго так праславіў і так Ты яго пазнаў?
19 О Госпадзе, дзеля паслугача Твайго па сэрцы Тваім Ты выявіў усю гэтую велікадушнасць; ды хацеў Ты, каб даведаліся пра гэтую веліч.
20 О Госпадзе, няма падобнага да Цябе ды няма іншага бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі вушы нашы.
21 Хто іншы, як народ Твой ізраэльскі, адзіны народ на свеце, да якога прыходзіў Бог, каб выратаваць народ Сабе, каб учыніць Сабе імя вялікае і страшнае, выкідаючы народы перад абліччам народа Свайго, які вызваліў Ты з Егіпта.
22 І ўстанавіў Ты народ Твой Ізраэль народам Сваім навек; і Ты, Госпадзе, стаў яго Богам.
23 Дык цяпер, о Госпадзе, хай трывае век слова, што Ты сказаў аб слузе Тваім і аб доме яго; ды ўчыні, як Ты сказаў.
24 Дык хай трывае і славіцца імя Тваё аж навек ды каб гаварылася: “Госпад Магуццяў ёсць Богам Ізраэля, ёсць Богам для Ізраэля; і дом Давіда, паслугача Твайго, будзе трываць перад Табою”.
25 Бо Ты, Бог мой, аб’явіў паслугачу Твайму, што збудуеш яму дом; і дзеля таго паслугач Твой знайшоў надзею, каб маліцца перад Табою.
26 Дык цяпер, Госпадзе, Ты — Бог; і сказаў Ты слузе Твайму пра такое дабрадзейства,
27 і пачаў дабраслаўляць дом паслугача Твайго, каб трываў перад Табою вечна: бо што Ты дабраславіш, Госпадзе, будзе дабраславёна вечна».
1 Паралипоменон 17 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча