Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Паралипоменон 18 глава

1 Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід пабіў філістынцаў, ды ўпакорыў іх, ды адабраў Гет і навакольныя мясцовасці яго ад філістынцаў,
2 ды пабіў маабцаў, ды сталі маабцы нявольнікамі Давіда, плацілі яму даніну.
3 І таксама перамог Давід Ададэзэра, цара Собы ў мясцовасці каля Эмата, калі ён рушыў, каб пашырыць сваю ўладу аж па раку Эўфрат.
4 Узяў тады Давід тысячу яго калясніц і сем тысяч коннікаў ды дваццаць тысяч пяхоты; і падрэзаў усім коням калясніц сухажыллі, за выключэннем сотні калясніц, якія збярог для сябе.
5 І сірыйцы з Дамаска прыбылі на дапамогу Ададэзэру, цару Собы; але Давід пабіў і дваццаць дзве тысячы ваяроў яго,
6 і размясціў Давід гарнізоны ў Сірыі Дамаскавай, каб Сірыя таксама служыла яму і каб плаціла даніну. І дапамагаў яму Госпад ва ўсім, да чаго ён звяртаўся.
7 Узяў таксама Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, ды прынёс яе ў Ерузалім;
8 і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Хуна ўзяў многа медзі, з якой Саламон зрабіў мора меднае, і калоны, і посуд медны.
9 Калі пачуў пра гэта Той, цар Эмата, што менавіта Давід паразіў усё войска Ададэзэра, цара Собы,
10 паслаў сына свайго Адарама да цара Давіда прывітаць яго і падзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо Той быў праціўнікам Ададэзэра.
11 Але і ўвесь залаты посуд, і срэбраны, і медны прысвяціў цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое набраў ад усіх народаў, як з Ідумеі і Мааба, і ад сыноў Амона, так і ад філістынцаў і Амалека.
12 Абісай жа, сын Сэруі, пабіў у Саляным лагу васемнаццаць тысяч эдомцаў,
13 і пакінуў у Эдоме гарнізон, каб Ідумея падпарадкоўвалася Давіду. І дапамагаў Госпад Давіду ва ўсім, што ён рабіў.
14 Так Давід цараваў над усім Ізраэлем, і судзіў, і чыніў справядлівасць над усім сваім народам.
15 Прытым Ёаб, сын Сэруі, быў кіраўніком войска, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам.
16 Садок жа, сын Ахітуба, і Ахімэлех, сын Абіятара, былі святарамі, і Суса — пісарам.
17 Баная, сын Ёяды, быў над легіёнамі херэтаў і пелетаў; сыны ж Давіда былі першымі падручнымі цара.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.