Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 18 глава

1 Такім чынам, Язафат быў багатым і вельмі слаўным, і зрадніўся ён з Ахабам.
2 І па некалькіх гадах накіраваўся да Ахаба ў Самарыю, і да прыбыцця яго Ахаб забіў многа авечак і валоў, яму і народу, які прыбываў разам з ім; і ўгаварыў яго, каб ён пайшоў з ім супраць Рамота ў Галаадзе.
3 І Ахаб, цар Ізраэля, сказаў Язафату, цару Юдэі: «Хадзі са мною ў Рамот у Галаадзе». Той адказаў яму: «Я так, як і ты; народ мой, як і твой народ, і разам з табою будзем ваяваць».
4 І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Парайся, прашу, пры сённяшніх справах, што кажа Госпад».
5 Тады цар Ізраэля сабраў чатырыста чалавек прарокаў і спытаўся ў іх: «Ці ісці нам на Рамот у Галаадзе вайной, ці павінны мы ўстрымацца?» А яму: «Ідзі, — кажуць, — і аддасць іх Бог у рукі цара».
6 І адазваўся Язафат: «Ці няма тут яшчэ іншага прарока Госпадава, каб ад яго таксама даведацца?»
7 Тады сказаў цар Ізраэля Язафату: «Яшчэ ёсць адзін чалавек, у якога маглі б мы спытацца пра волю Госпадаву; але я яго зненавідзеў, бо ён увесь час прарочыць для мяне не дабро, а ліха: гэта Міхей, сын Емлі». І сказаў Язафат: «Не гавары, цар, гэтак».
8 Дык пазваў цар Ізраэля аднаго з еўнухаў і сказаў яму: «Пакліч як найхутчэй Міхея, сына Емлі».
9 Затым цар Ізраэля і цар Юдэі Язафат абодва селі на пасады свае, апранутыя ў шаты царскія; сядзелі ж на плошчы каля Самарыйскай брамы, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іх.
10 Сэдэцыя ж, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і казаў: «Гэта кажа Госпад: “Імі будзеш турбаваць Сірыю аж да знішчэння яе”».
11 Ды ўсе прарокі падобна прарочылі, і казалі: «Ідзі ў Рамот Галаадскі, і пашчаслівіцца. Аддасць іх Бог у рукі цара».
12 Пасланец жа, які пайшоў клікаць Міхея, сказаў яму: «Вось, прароцтвы ўсіх прарокаў у адзін голас дабро цару прадказваюць; дык прашу цябе, каб і слова тваё ад іх не рознілася, і прарочы шчаслівае».
13 Міхей яму адказаў: «Хай жыве Госпад, бо што скажа Бог мой, тое я гавару».
14 Такім чынам, прыбыў да цара. Цар пытаецца ў яго: «Міхей, маем мы ісці ў Рамот у Галаадзе ваяваць, ці ўстрымацца?» Ён адказаў яму: «Ідзіце, і хай вам шчаслівіцца, каб ворагі трапілі ў вашы рукі».
15 І сказаў цар: «Колькі разоў маю цябе заклінаць, каб ты не казаў мне нічога другога, толькі праўду ў імя Госпада».
16 Тады сказаў ён: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаны па гарах, як авечкі без пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны гаспадара; хай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі!”»
17 І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не праракуе мне нічога добрага, але тое, што благое?»
18 А таму Міхей сказаў: «Слухайце слова Госпадава. Убачыў я Госпада, Які сядзіць на сваім пасадзе, ды ўсё нябеснае войска, якое абкружае Яго з правага і з левага боку;
19 і спытаў Госпад: “Хто падмане цара Ізраэля Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І калі адзін казаў так, а другі інакш,
20 тады выступіў адзін дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Спытаўся ў яго Госпад: “Чым яго падманеш?”
21 А ён адказаў: “Пайду і стану духам ілжывым у вуснах усіх яго прарокаў”. І сказаў Госпад: “Падманеш і пераможаш. Ідзі і так зрабі”.
22 Дык цяпер знай, што Госпад даў духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў ды Госпад прадказаў табе няшчасце».
23 Тады Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў па твары Міхея і сказаў: «Якой дарогай прыйшоў Дух Госпадаў ад мяне, каб сказаць табе?»
24 І Міхей сказаў: «Ты сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца».
25 А цар Ізраэля загадаў, кажучы: «Вазьміце Міхея і завядзіце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына цара,
26 і скажыце: “Гэта загадвае цар: “Укіньце яго ў вязніцу і дайце яму крыху хлеба і трошкі вады, пакуль не вярнуся ў супакоі”».
27 І Міхей сказаў: «Калі вернешся ў супакоі, не сказаў мне гэтага Госпад». Затым сказаў: «Слухайце ўсе народы!»
28 Такім чынам, цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, пайшлі ваяваць у Рамот у Галаадзе.
29 І звярнуўся цар Ізраэля да Язафата: «Я змяню адзенне і так пайду ваяваць; а ты апраніся ў твае шаты». Затым цар Ізраэля, змяніўшы адзенне, уступіў у бой.
30 Цар жа Сірыі загадаў кіраўнікам калясніц сваіх, кажучы: «Не ваюйце ані супраць малага, ані супраць вялікага, адно толькі супраць цара Ізраэля!»
31 Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, сказалі: «Гэта цар Ізраэля!» І акружылі яго, каб з ім ваяваць. Але ён ускрыкнуў да Госпада, і памог Ён яму, і Бог адвярнуў іх ад яго.
32 Бо калі кіраўнікі калясніц убачылі, што ён не цар Ізраэля, яны пакінулі яго.
33 Здарылася, аднак, што адзін з ваяроў выпадкова пусціў стралу і прабіў цара Ізраэля паміж засцежкамі кальчугі. Дык ён сказаў возніку свайму: «Павярні сваю руку і выведзі мяне з бою, бо я паранены».
34 І ўскладніўся бой у той дзень; цар жа стаяў у калясніцы сваёй насупраць сірыйцаў да вечара і на захадзе сонца памёр.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.