Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

2 Паралипоменон 18 глава

1 І было ў Ясапата шмат багацьця а славы; і пасваячыўся ён із Агавам.
2 І пайшоў за колькі год да Агава да Самары. І зарэзаў яму Агаў множасьць статку драбнога й буйнога, і людзём, што былі зь ім, і сьхінаў яго йсьці на Рамоф Ґілеадзкі,
3 І казаў Агаў, кароль Ізраельскі, Ясапату, каралю Юдэйскаму: «Ці пойдзеш із імною да Рамофу Ґілеадзкага?» Тый сказаў яму: «Як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; і з табою на вайне».
4 І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Папытайся сядні, што сказаў СПАДАР».
5 І зьбер кароль Ізраельскі прарокаў чатырыста чалавекаў, і сказаў ім: «Ці йсьці нам ваяваць на Рамоф Ґілеадзкі, ці ўзьдзержыцца?» Яны сказалі: «Узыйдзі, і Бог аддасьць у руку караля».
6 І сказаў Ясапат: «Ці няма тут яшчэ прарокі СПАДАРОВАГА? папытаемся і ў яго».
7 І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ё яшчэ адзін чалавек, каторым можна папытацца ў СПАДАРА; але я ненавіджу яго, бо ён не праракае празь мяне добрага, а ўсі дні свае адно благое; гэта Міхей Емлянок». І сказаў Ясапат: «Не кажы так, каролю».
8 І гукнуў кароль Ізраельскі аднаго легчанца, і сказаў: «Схадзі барзьдзей па Міхея Емлянка».
9 Кароль жа Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, сядзелі кажны на сваім пасадзе, адзетыя ў вадзецьці каралеўскія; сядзелі ля ўходу брамы Самары, і ўсі прарокі праракалі перад імі.
10 І зрабіў сабе Сэдэка Хенаанёнак зялезныя рогі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Гэтымі будзеш басьці Арамлян, пакуль іх ня выгубіш"».
11 І ўсі прарокі праракалі гэтак, кажучы: «Узыйдзі на Рамоф Ґілеадзкі: будзе дасьпех табе, і аддасьць СПАДАР у руку каралю».
12 Пасланец, што пайшоў гукнуць Міхея, гукаў яму, кажучы: «Вось, словы прарокаў добрыя каралю ў вадзін голас; дык хай твае слова, калі ласка, будзе, як кажнага зь іх, і ты гукай добрае».
13 І сказаў Міхей: «Жыў СПАДАР: што скажа імне Бог, тое я буду казаць».
14 І прышоў ён да караля, і сказаў яму кароль: «Міхею, ці йсьці нам ваяваць на Рамоф Ґілеадзкі, ці ўзьдзержыцца?» І сказаў тый: «Узыйдзіце, будзе вам дасьпех, і яны адданы будуць у рукі вашы».
15 І сказаў яму кароль: «Колькі разоў я буду прысягаю абавязаваць цябе, каб ты нічагусенькі не казаў імне, апрача праўды ў імя СПАДАРОВА?»
16 Тады сказаў: «Я бачыў усіх сыноў Ізраеля, рассыпаных па горах, як авечкі, у каторых няма пастыра. І сказаў СПАДАР: "Няма ў іх спадароў, хай зьвернуцца кажны да дому свайго ў супакою"».
17 І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ці не казаў я табе, што ён не праракае празь мяне добрага, але толькі благое?»
18 І сказаў: «Дык слухайце слова СПАДАРОВА: я бачыў СПАДАРА, на пасадзе Сваім седзячага, і ўсе войска нябёснае стаяла па правай і па левай руццэ Яго.
19 І сказаў СПАДАР: "Хто прынадзіў бы Агава, караля Ізраельскага, каб ён узышоў і загінуў у Рамофе Ґілеадзкім?" І адзін гукаў гэтак, другі гукаў гэнак.
20 І выступіў адзін дух, і стаў перад відам СПАДАРА, і сказаў: "Я прынаджу". І сказаў яму СПАДАР: "Чым?"
21 Тый сказаў: "Я выйду й буду духам маны ў вуснах усіх прарокаў ягоных". І сказаў Ён: "Ты прынадзіш яго, і ты ўзумееш; ідзі й зрабі гэтак".
22 Дык цяпер, вось, СПАДАР даў духа маны ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але СПАДАР гукаў благое празь цябе».
23 І дабліжыўся Сэдэка Хенаанёнак, і выцяў Міхея па шчаццэ, і сказаў: «Якою гэта дарогаю перайшоў ад мяне Дух СПАДАРОЎ, каб гукаць у табе?»
24 І сказаў Міхей: «Вось, ты пабачыш таго дня, як будзеш бегаць із пакою да пакою, каб схавацца».
25 І сказаў кароль Ізраельскі: «Вазьміце Міхея, і завядзіце яго да Амона гараднічага а да Ёаша, сына каралёвага,
26 І скажыце: "Гэтак кажа кароль: ’Пасадзіце гэтага ў вязьніцу і давайце яму есьці хлеб немарасьці й ваду немарасьці, пакуль я зьвярнуся ў супакою’"».
27 І сказаў Міхей: «Калі ты зьвернешся ў супакою, то не СПАДАР гукаў імною». І сказаў: «Слухайце, усі люды!»
28 І ўзышоў кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, да Рамофу Ґілеадзкага.
29 І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Я пераадзенуся й пайду ў бітву, але ты надзень адзецьці свае». І пераадзеўся кароль Ізраельскі, і ўступілі ў бітву.
30 А кароль Арамскі расказаў князём цялежак сваіх, бытым у яго, сказаўшы: «Ня біцеся ані з малым, ані зь вялікім, толькі з адным каралём Ізраельскім».
31 І як абачылі Ясапата князі цялежак, то сказалі: «Гэта кароль Ізраельскі», — і абступілі яго, каб біцца зь ім. Але Ясапат закрычэў, і СПАДАР памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.
32 І як абачылі князі цялежак, што гэта ня быў кароль Ізраельскі, то павярнуліся ад яго.
33 Прымеж тога адзін чалавек ненарокам напяў лук і паразіў караля Ізраельскага, памеж панцырнага шва. І сказаў ён возьніку: «Павярні назад і вывязі мяне з табару, бо я захварэў».
34 Але бітва таго дня павялічылася; і кароль Ізраельскі стаяў на цялежках насупроці Арамлян аж да вечара, і памер заходам сонца.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.