Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Паралипоменон 21 глава
1 А супачыў Язафат са сваімі бацькамі ды пахаваны быў з імі ў горадзе Давіда; і царом стаў па ім сын яго Ярам.
2 Ён меў братоў, сыноў Язафата: Азарыю, і Ягіэля, і Захарыю, і Азарыю, і Міхаэля, і Сафацію; усе яны былі сынамі Язафата, цара Ізраэля.
3 І пакінуў ім бацька іх многа дароў срэбра, і золата, і каштоўныя рэчы разам з вельмі ўмацаванымі гарадамі ў Юдэі; царства ж перадаў Яраму, таму што ён быў першародны.
4 Такім чынам, Ярам узяў уладу над царствам бацькі свайго; і, калі ўмацаваўся, забіў усіх братоў сваіх мечам, ды некаторых князёў Ізраэля.
5 Меў Ярам трыццаць два гады, калі стаў царом, і восем гадоў цараваў у Ерузаліме.
6 І пайшоў дарогаю цароў Ізраэля так, як рабіў дом Ахаба; дачка ж Ахаба была яго жонкаю. І нарабіў ён ліха перад абліччам Госпада.
7 Аднак не хацеў Госпад нішчыць дом Давіда дзеля прымірэння, якое заключыў з ім, ды таму, што абяцаў даць яму і сынам яго светач на ўвесь час.
8 У тыя дні ўзбунтаваўся Эдом, каб не быць падпарадкаваным Юдэі, і паставіў сабе цара.
9 І калі выправіўся Ярам з кіраўнікамі сваімі ды з усімі калясніцамі, што былі з імі, ноччу падняўся і паразіў эдомцаў, якія яго акружалі, а таксама ўсіх кіраўнікоў калясніц іх.
10 Аднак эдомцы ўзбунтаваліся, каб не быць пад уладай Юдэі, аж па гэты дзень. У той час і Лебна адышла, каб не быць пад яго рукой; пакінуў бо Госпада, Бога бацькоў сваіх.
11 Акрамя таго, ён пабудаваў узгоркі на гарах Юдэі і дазволіў распуснічаць жыхарам Ерузаліма ды горшыў Юдэю.
12 Прынесены быў яму ліст ад прарока Іллі, у якім было напісана: «Гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Таму, што ты не пайшоў дарогамі Язафата, бацькі твайго, і дарогамі Асы, цара Юдэі,
13 але ўзышоў на дарогу цароў Ізраэля і дазволіў распуснічаць Юдэі і жыхарам Ерузаліма, успадкаемліваючы распусту дома Ахаба, і, звыш таго, забіў братоў сваіх, з дому бацькі свайго, лепшых за цябе:
14 вось, Госпад паразіць вялікім горам народ твой, сыноў і жонак тваіх ды ўсю маёмасць тваю;
15 ты ж захварэеш самай ліхой хваробай жывата свайго, пакуль не выйдзе пакрыху ў некалькі дзён нутро тваё”».
16 Дык узбудзіў Госпад супраць Ярама дух філістынцаў і арабаў, якія межаваліся з этыёпцамі,
17 і яны ўварваліся ў зямлю Юдэі, і знішчылі яе ды захапілі ўсю маёмасць, што знаходзілася ў палацы цара, а па-за гэтым і сыноў яго, і жонак, і не застаўся яму ніводзін сын, апрача найменшага Ёахаза.
18 І пасля ўсяго гэтага паразіў яго Госпад невылечнай хваробай жывата.
19 І, калі праходзіў дзень за днём і ішоў час, на працягу двух гадоў скончыўся шлях яго; і так ён быў змучаны доўгаю хваробаю, што нават вывергнуў нутро сваё, адначасова пазбавіўся ён хваробы і жыцця. І памёр у хваробе ліхой, і не справіў яму народ яго пахавання па звычаі спалення, як справіў папярэднікам яго.
20 Калі стаў царом, меў трыццаць два гады, і восем гадоў быў царом у Ерузаліме. І адышоў так, што ніхто аб ім не пашкадаваў; і пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў царскай грабніцы.
2 Паралипоменон 21 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча