Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Паралипоменон 24 глава
1 Ёас стаў царом, калі меў сем гадоў, і сорак гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Сэбія з Бээр-Сэбы.
2 І ва ўсе дні першасвятара Ёяды рабіў ён тое, што добрае перад Богам.
3 А Ёяда ўзяў для яго дзве жонкі, ад якіх нарадзіў ён сыноў і дачок.
4 З часам прыйшла ў сэрца Ёаса думка аднавіць дом Госпада.
5 Дык сабраў святароў і левітаў і сказаў ім: «Ідзіце ў гарады Юдэі ды збірайце з усяго Ізраэля грошы дзеля папраўкі даху святыні Бога вашага на кожны год. І паспяшайце з гэтаю справай». Але левіты не спяшаліся.
6 Ды паклікаў цар кіраўніка Ёяду і сказаў яму: «Чаму ты не рупішся, каб змусіць левітаў збіраць з Юдэі і Ерузаліма грошы, вызначаныя Майсеем, паслугачом Госпада, каб уносіла іх уся супольнасць Ізраэля для палаткі сведчання?
7 Бо найбязбожнейшая Аталія і сыны яе разарылі дом Божы ды ўсё, што было асвячона ў святыні Госпада, аддалі Баалам».
8 Такім чынам, цар загадаў — і зрабілі скрынку, і паставілі яе каля брамы дома Госпадава звонку.
9 Ды аб’яўлена было ў Юдэі і ў Ерузаліме, каб прыносіў кожны падатак Госпаду, які ўстанавіў Майсей, паслугач Божы, для Ізраэля ў пустыні.
10 Ды ўсцешыліся ўсе кіраўнікі ды ўвесь народ, і прыходзілі, і клалі ў скрынку так шмат, што яе запоўнілі.
11 І ў час, калі левіты неслі скрынку да ўрадоўцаў цара, прыходзіў царскі пісар і той, каго назначаў першасвятар, і яны выкладалі грошы, што былі ў скрынцы, а затым скрынку адносілі на сваё месца. І так рабілі кожны дзень, і сабрана было вельмі шмат грошай,
12 якія цар і Ёяда аддавалі загадчыкам работ пры доме Госпада. А тыя за іх наймалі каменячосаў і майстроў для ўсякіх работ для аднаўлення дома Госпадавага, таксама майстроў па жалезе і медзі для ўмацавання дома Божага.
13 І работнікі прыступілі да працы, і дзякуючы працы рук іх трэшчыны залатваліся, і дом Госпадаў вярнулі ў стан ранейшы, і паставілі яго моцна стаяць.
14 І калі гэта скончылі, прынеслі астатак грошай да цара і Ёяды, з якіх зрабілі пасудзіны ў святыню для службы і на складанне ахвяраў, таксама чары ды іншыя срэбраныя і залатыя пасудзіны. І ва ўсе дні Ёяды заўсёды складалі ахвяры цэласпаленняў у доме Госпадавым.
15 А Ёяда пражыў шмат гадоў, састарэў і памёр, дажыўшы да ста трыццаці гадоў.
16 І пахавалі яго ў горадзе Давіда разам з царамі, бо добрым быў да Ізраэля, да Бога ды да Яго святыні.
17 Па смерці ж Ёяды прыбылі кіраўнікі Юдэі і ўшанавалі цара, які, змякчаючы іх пакорлівасцю, стаў іх слухаць.
18 І пакінулі святыню Госпада, Бога бацькоў сваіх, і служылі слупам і ідалам, і дзеля гэтага граху ўзгарэўся гнеў Яго супраць Юдэі і Ерузаліма.
19 І пасылаў Госпад да іх прарокаў, каб іх навярнуць да Госпада, але яны не жадалі слухаць іх словы.
20 Такім чынам, Дух Божы напоўніў Захарыю, сына Ёяды святара; і ён стаў перад народам і сказаў ім: «Гэта кажа Бог: “Чаму пераступаеце прыказанні Госпада, гэта не дасць вам поспеху! Таму, што вы пакінулі Госпада, Ён пакіне вас”».
21 Яны змовіліся супраць яго ды ўкаменавалі яго па загадзе цара на панадворку святыні Госпада.
22 І цар Ёас забыўся пра міласэрнасць, якую аказаў бацька яго Ёяда яму, але забіў сына яго. Ён, паміраючы, казаў: «Хай бачыць Госпад і аддасць!»
23 І яшчэ не скончыўся той год, як выступіла супраць яго сірыйскае войска, і ўварвалася ў Юдэю і Ерузалім, і знішчылі ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу паслалі цару Дамаска.
24 І хоць войска сірыйскае ўвайшло ў малой колькасці ваяроў, Госпад, аднак, аддаў у рукі іх вельмі вялікае войска, таму што адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх; і над Ёасам таксама правялі яны ганебны суд.
25 І сірыйцы, адыходзячы, пакінулі яго ў цяжкай хваробе. Паслугачы ж яго змовіліся супраць яго і адпомсцілі яму за кроў сына святара Ёяды, ды забілі яго на ложку яго, і ён памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў царскай грабніцы.
26 А змовіліся супраць яго Забад, сын Сэмат аманіцянкі, і Ёзабад, сын Сэмарыт Маабкі.
27 А аб яго сынах, аб колькасці падатку, што наклалі на яго, і аб адбудове дома Божага напісана ў каментарыях да Кнігі Цароў. І сын яго Амазія стаў царом на яго месцы.
2 Паралипоменон 24 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча