Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 24 глава

1 Сем гадоў было Ёашу, калі ён пачаў валадарыць, і сорак гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Цыбэя з Бээр-Шэвы.
2 І рабіў Ёаш слушнае ў вачах ГОСПАДА ўсе дні Егаяды сьвятара.
3 І ўзяў [Егаяда] для яго дзьве жонкі, і ён меў сыноў і дочак.
4 І сталася пасьля гэтага, было ў сэрцы Ёаша аднавіць Дом ГОСПАДА.
5 І сабраў ён сьвятароў і лявітаў, і сказаў ім: «Ідзіце ў гарады Юды, і зьбірайце з усяго Ізраіля срэбра на направу Дому Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў справе гэтай». Але не сьпяшаліся лявіты.
6 І паклікаў валадар Егаяду, галаву [сьвятароў], і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад лявітаў, каб яны прыносілі з Юды і з Ерусаліму дары, [як загадаў] Майсей, слуга ГОСПАДА, і царква Ізраіля для Намёту Сьведчаньня?»
7 Бо сыны Аталіі, гэтай бязбожніцы, уварваліся ў Дом ГОСПАДА і ўсе пасьвячоныя рэчы Дому ГОСПАДА аддалі Баалам.
8 І сказаў валадар, і зрабілі адну скрыню, і паставілі яе ў браме Дому ГОСПАДА звонку.
9 І абвясьцілі ў Юдзе і ў Ерусаліме, каб прыносілі ГОСПАДУ дары, [як загадаў] Майсей, слуга Божы, Ізраілю ў пустыні.
10 І радаваліся ўсе князі і ўвесь народ, і прыносілі, і кідалі ў скрыню, аж пакуль напоўнілі.
11 І было ў той час, што прыносілі скрыню рукамі лявітаў да ўраду валадарскага, і калі бачылі, што шмат срэбра, тады прыходзіў пісар валадарскі і прадстаўнік сьвятара найвышэйшага, і высыпалі са скрыні, і бралі яе, і адносілі яе зноў на месца сваё. Гэтак яны рабілі дзень пры дні, і сабралі шмат срэбра.
12 І давалі яго валадар і Егаяда тым, якія рабілі працу абслугоўваньня Дому ГОСПАДА, і наймалі каменяроў і цесьляроў, каб аднаўляць Дом ГОСПАДА, а таксама майстроў жалеза і медзі, каб мацаваць Дом ГОСПАДА.
13 І рабілі працаўнікі, і хутка ішла праца ў руках іхніх, і паставілі Дом ГОСПАДА на месцы ягоным, і ўмацавалі яго.
14 І калі скончылі, прынесьлі рэшту срэбра перад аблічча валадара і Егаяды, і зрабілі начыньне для Дому ГОСПАДА, начыньне для служэньня і цэласпаленьня, і келіхі, і начыньне залатое і срэбнае. І прыносілі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА заўсёды ў-ва ўсе дні Егаяды.
15 І пастарэў Егаяда, і быў насычаны днямі, і памёр. Ён меў сто трыццаць гадоў, калі памёр.
16 І пахавалі яго ў горадзе Давіда з валадарамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі для Бога і для Дому Ягонага.
17 А пасьля сьмерці Егаяды прыйшлі князі Юды, і пакланіліся валадару; тады валадар пачаў слухаць іх.
18 І пакінулі яны Дом ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і служылі Астартам і ідалам, і прыйшоў гнеў [Божы] на Юду і на Ерусалім за гэтую правіну іхнюю.
19 І Ён пасылаў да іх прарокаў, каб навярнуць іх да ГОСПАДА, і яны сьведчылі супраць іх, але яны не зважалі.
20 І Дух Божы ахінуў Захарыю, сына Егаяды сьвятара, і ён стаў перад народам, і сказаў ім: «Гэта кажа Бог: “Чаму вы парушаеце прыказаньні ГОСПАДА? Ня будзеце мець посьпеху, бо вы пакінулі ГОСПАДА, і Ён пакінуў вас”».
21 І яны змовіліся супраць яго, і закідалі камянямі паводле загаду валадара на панадворку Дому ГОСПАДА.
22 І не ўзгадаў валадар Ёаш міласэрнасьць, якую Егаяда, бацька ягоны, зрабіў яму, і забіў сына ягонага. І, паміраючы, той сказаў: «Няхай убачыць ГОСПАД і адпомсьціць».
23 І сталася напрыканцы году, выйшла супраць яго войска Сірыйскае, і прыйшлі ў Юду і Ерусалім, і выбілі ўсіх князёў народу спаміж народу, і ўсю здабычу сваю паслалі валадару Дамаску.
24 Хоць войска Сірыйскае прыйшло ў малой колькасьці, але ГОСПАД даў сілу вельмі вялікую ў рукі іхнія, бо [Юда] пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і яны ўчынілі суды над Ёашам.
25 І калі адыйшлі ад яго, пакінуўшы яго ў шматлікіх хваробах, слугі ягоныя змовіліся супраць яго за кроў сыноў Егаяды сьвятара, і забілі яго на ложку ягоным, і ён памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не пахавалі яго ў магіле валадарскай.
26 А гэта тыя, якія змовіліся супраць яго: Завад, сын Шымэаты Аманянкі, і Егазавад, сын Шымрыт Мааўлянкі.
27 А пра сыноў ягоных, і пра мноства цяжараў, [накладзеных] на яго, і пра направу Дому Божага, вось, гэта запісана ў гісторыі Кнігі валадароў. І пачаў валадарыць Амазія, сын ягоны, пасьля яго.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.