Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 26 глава

1 А ўвесь народ Юдэі шаснаццаці-гадовага Озію паставіў царом на месца бацькі яго Амазіі.
2 Ён адбудаваў Айлат і вярнуў яго пад уладу Юдэі, калі цар супачыў са сваімі бацькамі.
3 Калі пачаў цараваць, меў Озія шаснаццаць гадоў, і ў Ерузаліме быў царом пяцьдзесят два гады. Імя маці яго — Яхэлія з Ерузаліма.
4 І дзейнічаў ён справядліва ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго Амазія.
5 І туліўся да Бога ў дні Захарыі, які гадаваў яго ў страху Божым; ды як доўга туліўся да Госпада, дапамагаў яму Бог.
6 Нарэшце выйшаў ён, і ўступіў у бой з філістынцамі, і разваліў мур Гета, і мур Ябніі, і мур у Азоце. Таксама пабудаваў гарады ў краі Азота і філістынцаў.
7 Ды дапамагаў яму Бог супраць філістынцаў і супраць арабаў, што жылі ў Гурбаале, ды супраць маанітаў.
8 І аманіцяне плацілі даніну Озіі; ды праславілася імя яго аж да ўваходу ў Егіпет, бо стаў вельмі магутным.
9 І Озія пабудаваў вежы ў Ерузаліме над брамай Вугла, і над брамай Лагчыны і над Вуглом, і ўмацаваў іх.
10 Пабудаваў таксама вежы ў пустыні, ды выкапаў многа вадаёмаў, таму што меў многа жывёлы як у Сэфэлі, так і на раўніне; меў ён таксама земляробаў, і вінаградараў у гарах і на ўраджайных палях; быў бо ён чалавек, адданы земляробству.
11 А было ў Озіі войска ваяроў, якое выходзіла на вайну дружынамі па ліку ў спісе пісара Егіэля і пад кіраўніцтвам Маасіі і Хананіі, які быў адным з кіраўнікоў цара.
12 І поўны лік кіраўнікоў па родах адважных ваяроў — дзве тысячы шэсцьсот.
13 І пад іх кіраўніцтвам усяго войска было трыста сем тысяч пяцьсот ваяроў, якія былі здатныя да бою, каб ваяваць супраць ворагаў за цара.
14 Таксама Озія прыгатаваў для іх, гэта значыць для ўсяго войска: шчыты, і дзіды, і шышакі, і кальчугі, і лукі ды камяні для кідання з прашчы.
15 І ў Ерузаліме зрабіў машыны, па-майстэрску прыдуманыя, якія памясціў на вежах і па вуглах муроў, каб страляць з лукаў і кідаць вялікія камяні; і пашырылася слава яго імя далёка таму, што яму цудоўна дапамагаў Госпад і зрабіў яго магутным.
16 Але калі ўзмацніўся, сэрца яго ўзганарылася на загубу сваю ды адвярнуўся ад Госпада, Бога свайго; і ўвайшоў у святыню Госпада, і сам захацеў скласці ахвяру ўспальвання на ахвярніку каджэння.
17 І адразу ж за ім увайшоў святар Азарыя, а з ім восемдзесят святароў Госпадавых, людзей наймужнейшых;
18 яны выступілі супраць цара і сказалі: «Не твой абавязак, Озія, складаць ахвяры ўспалення Госпаду, але святароў, гэта значыць сыноў Аарона, якія на гэту службу пасвячоны, каб складаць кадзільныя ахвяры. Выйдзі са святога месца, бо ты дзейнічаў незаконна; і не залічыцца табе гэта ў славу Госпадам Богам».
19 І Озія ўзгарэўся злосцю, і, трымаючы ў руцэ кадзільніцу, каб складаць ахвяру ўспалення, пагражаў святарам. І раптам з’явілася праказа на яго чале перад вачамі святароў у доме Госпада пры ахвярніку каджэння.
20 І калі глянуў на яго першасвятар Азарыя і ўсе іншыя святары, убачылі праказу на чале яго і хутка выгналі яго; але і ён спяшаўся выйсці, бо няшчасцем пакараў яго Госпад.
21 Такім чынам, застаўся цар Озія пракажаным аж да дня сваёй смерці і пражываў асобна ў доме, поўным пракажаных, бо быў выключаны з дома Госпада. Затым Ёатам, сын яго, распараджаўся царскім домам ды судзіў людзей краю.
22 А астатнія дзеянні Озіі, ад першых да апошніх, запісаў прарок Ісая, сын Амоса.
23 Ды супачыў Озія са сваімі бацькамі, і пахавалі яго на полі каля царскіх грабніц, таму што людзі казалі: «Быў ён пракажаны». І па ім цараваў сын яго — Ёатам.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.