Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 28 глава

1 Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме. Не дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, як Давід, бацька яго,
2 але пайшоў дарогамі цароў Ізраэля. Прытым яшчэ адліваў статуі Баалам.
3 Ён той, хто складаў ахвяры ўспалення ў лагчыне сыноў Гэнома і правёў сыноў сваіх праз агонь па агідных звычаях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля.
4 І складаў таксама ахвяры крывавыя і кадзіла ўспальваў на ўзгорках, ды на ўзвышшах, ды пад кожным зялёным дрэвам.
5 І аддаў яго Госпад, Бог яго, у рукі цара Сірыі, які пабіў яго і многіх ад яго ўзяў у палон ды павёў у Дамаск. Ён таксама быў выдадзены ў рукі цара Ізраэля ды паражоны быў вялікаю плягаю.
6 Бо Фацэй, сын Рамэліі, у адзін дзень забіў сто дваццаць тысяч з юдэяў — усіх баявых ваяроў, таму што яны адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх.
7 У той жа час Зэхры, дужы мужчына з Эфраіма, забіў Маасію, сына цара, і Эзрыку, загадчыка палаца, а таксама Элькану, другога чалавека пасля цара.
8 І сыны Ізраэля ўзялі ў няволю ў братоў сваіх дзвесце тысяч жанчын, юнакоў і дзяўчат і надта вялікую здабычу, і пераправілі ўсё ў Самарыю.
9 А быў тады там прарок Госпадаў на імя Адэд, які выйшаў насустрач войску, што ішло ў Самарыю, ды сказаў ім: «Вось, Госпад, Бог бацькоў вашых, разгневаўся на Юдэю і аддаў іх у вашы рукі, і забілі іх страшэнна, так што да неба дайшла ваша лютасць.
10 Звыш таго, хочаце вы ўзяць сыноў Юды і Ерузаліма ў нявольнікі і нявольніцы. Аднак ці вы самі не без віны перад Госпадам, Богам вашым?
11 Дык паслухайце маёй парады і вярніце ўзятых у палон, якіх вы прывялі ад братоў вашых, бо страшнае абурэнне Госпада пагражае вам».
12 Такім чынам, паўсталі некаторыя мужы паміж кіраўнікоў сыноў Эфраіма: Азарыя, сын Ёганана, Барахія, сын Масаламота, Эзэкія, сын Сэлума, і Амаса, сын Адалі, — супраць тых, якія вярталіся з вайны,
13 ды сказалі ім: «Не ўводзьце сюды палонных, бо да віны, якая ўжо ляжыць на нас перад Госпадам, хочаце дадаць, апрача грахоў нашых, большую віну. Вялікая бо віна наша, і гнеў абурэння Госпада — на Ізраэль».
14 Ды адпусцілі ваяры палонных і здабычу пакінулі перад кіраўнікамі ды ўсёю супольнасцю.
15 І пайменна названыя людзі ўзялі палонных, і ўсіх, што былі голымі, апранулі са здабычы. І калі апранулі іх, і абулі, і накармілі, і напаілі, і намазалі алеем, то клапатліва павыводзілі іх, нават пасадзілі на аслоў усіх слабых ды адправілі ў Ерыхон, горад Пальмаў, да іх братоў. І самі яны вярнуліся ў Самарыю.
16 У той час паслаў Ахаз пасланцоў да цара асірыйцаў, просячы дапамогі.
17 Бо ідумейцы напалі, і пабілі юдэяў, і ўзялі палонных.
18 Таксама філістынцы напалі на гарады Юдэі Сэфэлу і Нагэб, і захапілі Бэтсамэс, і Аялон, і Гадэрот, таксама Соха з ваколіцамі яго, і Тамну, і Гамзо з ваколіцамі іх ды абжыліся ў іх.
19 Упакорыў бо Госпад Юдэю дзеля Ахаза, цара Юдэі, таму што ён разбэсціў народ і зняважыў Госпада.
20 І пайшоў на яго цар асірыйцаў Тыглатпаласар, які пакрыўдзіў яго, а не дапамог.
21 Бо Ахаз, абрабаваўшы дом Госпада і палац цара і кіраўнікоў, паднёс падарункі цару асірыйцаў, але гэта яму не дапамагло.
22 Звыш таго, у час бяды сваёй ён, як раней, зневажаў Госпада. Ён — цар Ахаз.
23 Сам цар Ахаз складаў ахвяры багам Дамаска, сваім забойцам, і казаў: «Багі цароў Сірыі дапамагаюць ім; буду і я складаць ім ахвяры, і яны дапамогуць мне», хаця, наадварот, былі яны на загубу яму і ўсяму Ізраэлю.
24 Такім чынам, Ахаз, забраўшы ўсе пасудзіны дома Божага і пабіўшы іх, замкнуў брамы дома Божага і паставіў сабе ахвярнікі па ўсіх закутках Ерузаліма.
25 Таксама ў кожным горадзе Юдэі пабудаваў узгоркі, каб успальваць ахвяры чужым багам, чым прагнявіў Госпада, Бога сваіх бацькоў.
26 А іншыя дзеянні яго і ўсе справы, ранейшыя і апошнія, запісаны ў Кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.
27 І супачыў Ахаз са сваімі бацькамі, ды пахавалі яго ў горадзе Ерузаліме; але не паклалі яго ў грабніцах цароў Ізраэля. І па ім цараваў сын яго — Эзэкія.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.