Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Паралипоменон 31 глава
1 І, калі гэтую ўрачыстасць адсвяткавалі адпаведна звычаю, увесь Ізраэль, які знаходзіўся ў гарадах Юдэі, пайшоў і знішчыў статуі, і пассякалі слупы, разбурылі ўзгоркі ды ахвярнікі перавярнулі не толькі ва ўсёй Юдзе і ў Бэньяміне, але таксама ў Эфраіме і ў Манасе — пакуль дашчэнту не знішчылі. І вярнуліся ўсе сыны Ізраэля ў пасяленні свае ды ў свае гарады.
2 А Эзэкія вярнуў чэргі святароў і левітаў па іх раздзяленні — кожнага ў яго службе, гэта значыць, як святароў і левітаў — да ўскладання цэласпалення і мірных ахвяр, так каб спаўнялі службу і славілі ды спявалі песні пахвалы ў брамах лагера Госпада.
3 А частка маёмасці цара прызначана была на ахвяры цэласпалення заўсёды раніцай і вечарам, таксама ў суботы, і ў дні маладзіка ды ва ўрачыстасці іншыя, як напісана ў законе Майсея.
4 Таксама загадаў ён народу, які пражываў у Ерузаліме, даваць належную частку святарам і левітам, каб маглі яны прысвяціць сябе закону Госпадаваму.
5 Калі гэта дайшло да вушэй супольнасці, сыны Ізраэля ахвяравалі шмат пяршыняў збожжа, віна і аліўкавага алею, таксама мёду ды ўсяго, што родзіць зямля, і прынеслі з усяго багатыя дзесяціны.
6 Але і сыны Ізраэля і Юды, якія абжыліся ў гарадах Юдэі, прынеслі дзесяціны з валоў і авечак, і дзесяціны з асвячонага, што асвячалі яны Госпаду, Богу свайму; і паскладалі ўсяго гэтага вялікія груды.
7 У трэцім месяцы пачалі класці падмуркі грудоў, і ў сёмым месяцы скончылі іх.
8 І калі прыйшлі Эзэкія і кіраўнікі, то ўбачылі груды і дабраславілі Госпада і народ ізраэльскі.
9 Ды Эзэкія запытаўся ў святароў і левітаў, чаму так ляжаць груды.
10 Адказаў яму Азарыя, першасвятар з племя Садока, кажучы: «Калі пачалі прыносіць дары ў дом Госпадаў, мы елі, і наядаліся, і многа заставалася, таму што Госпад дабраславіў Свой народ; а вялікія запасы, якія бачыш, — гэта з астаткаў».
11 Дык загадаў Эзэкія прыгатаваць кладоўкі ў доме Госпада. Калі гэта зрабілі,
12 знеслі туды як дары, так і дзесяціны, і ўсё рупліва асвяцілі. А загадчыкам іх быў Хананія левіт і Сямэй, другі брат яго,
13 пасля яго Ягіэль, і Азазія, і Нагат, і Асаэль, і Ерымот, таксама Ёзабад, і Эліэль, і Есмахія, і Магат, і Баная — загадчыкі пад кіраўніцтвам Хананіі і Сямэі, брата яго, па загадзе Эзэкіі, цара, і Азарыі, першасвятара дома Божага.
14 Корэ ж, сын Емны, левіт і прыдзверны Усходняй брамы, быў загадчыкам над тым, што добраахвотна ахвяроўвалі Госпаду, для раздзялення дароў Госпадавых і найсвяцейшага.
15 І пад яго ўладай былі: Эдэн, і Бэньямін, Ешуа і Сямэя, таксама Амарыя і Сахэнія, якія пражывалі ў святарскіх гарадах, каб справядліва дзяліць братам сваім, падзеленым на чэргі, як вялікім, так і малым,
16 па-за палічанымі мужчынамі ад трох гадоў і вышэй, усе, хто прыходзіў у святыню Госпада, каб споўніць службу штодзень паводле сваіх чэргаў.
17 Святароў палічылі па іх родах і левітаў ад дваццаці гадоў і вышэй — па іх абавязках і чэргах.
18 І палічана была ўся сям’я ўсякага пакалення: як жонкі, так і дзеці іх абодвух полаў — бо ўсе яны былі асвячоны ў вернасці службы сваёй.
19 А для сыноў Аарона, святароў, якія пражывалі ў мясцовасцях і ваколіцах кожнага горада, былі па імені пазначаны людзі, якія размяркоўвалі часткі кожнаму мужчыне паміж святароў ды кожнаму, хто быў палічаны сярод левітаў.
20 Такім чынам, паводле гэтага дзейнічаў Эзэкія ва ўсёй Юдэі ды рабіў добрае, і слушнае, і справядлівае перад Госпадам, Богам яго.
21 І ва ўсім, што ён распачынаў у служэнні ў доме Божым, і паводле закону і прыказання, жадаючы шукаць Бога свайго, ён дзейнічаў ад усяго сэрца свайго ды меў поспех.
2 Паралипоменон 31 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча