Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 32 глава

1 Па гэтых падзеях і па такой вернасці прыйшоў Санхэрыб, цар асірыйцаў, і, напаўшы на Юду, асадзіў умацаваныя гарады, хочучы іх узяць.
2 Калі гэта заўважыў Эзэкія, гэта значыць, што падышоў Санхэрыб і што ўсю сілу вайны накіраваў на Ерузалім,
3 параіўшыся з кіраўнікамі і наймужнейшымі ваярамі, вырашыў засыпаць вусці ручаёў, якія былі за горадам, і, паколькі ўсе былі аднае думкі аб гэтым,
4 сабралася вялікая грамада, і засыпалі ўсе ручаі і раку, якая працякала пасярэдзіне зямлі, кажучы: «Хай не прыходзяць асірыйскія цары і не знаходзяць многа вады!»
5 Дзейнічаў рупліва, адбудаваў таксама ўвесь мур, і пабудаваў на ім вежы, і знадворку — другі мур, і аднавіў Мэло ў горадзе Давіда, і зрабіў многа дзідаў і шчытоў.
6 І паставіў ваенных кіраўнікоў над народам, і сазваў іх да сябе на плошчу гарадской брамы ды прамовіў да іх сэрца гэтыя словы:
7 «Адважна дзейнічайце і будзьце дужымі! Не бойцеся, не дрыжыце перад царом асірыйцаў і вялікім мноствам, якое з ім. Многа бо больш з намі, чым з ім:
8 з ім плячо чалавечае, а з намі — Госпад, Бог наш, Ён — Успаможца наш, будзе ваяваць за нас!» І народ ад гэтых слоў Эзэкіі, цара Юдэі, падняўся духам.
9 Пасля гэтага Санхэрыб, цар асірыйскі, — бо ён з усім войскам асаджаў Лахіс, — выслаў паслугачоў сваіх у Ерузалім, да Эзэкіі, цара Юдэі, і да ўсяго народа, што пражываў у горадзе, заяўляючы:
10 «Гэта кажа Санхэрыб, цар асірыйцаў: “На каго вы маеце надзею, седзячы ў Ерузаліме ў асадзе?
11 Ці не зводзіць вас Эзэкія, каб выдаць вас на смерць ад голаду і смагі, сцвярджаючы, што Госпад, Бог ваш, вызваліць вас з рукі цара асірыйцаў?
12 Ці ж Эзэкія не той, хто знішчыў узгоркі Яго і ахвярнікі ды загадаў Юдэі і Ерузаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце паліць ахвяры”?
13 Ці ж вы не ведаеце, што я зрабіў і што зрабілі мае папярэднікі ўсім народам зямлі? Ці ж змаглі багі тых земляў выратаваць свой край ад маёй рукі?
14 Хто ж паміж усіх багоў тых народаў, якіх знішчылі бацькі мае, хто змог вырваць свой народ з рукі маёй, каб і Бог ваш мог таксама вырваць вас з гэтае рукі?
15 Дык хай не падманвае вас Эзэкія, і пустымі абяцаннямі хай не ашуквае, і не верце яму. Бо калі ніякі Бог ніякага народа або царства не змог вырваць свой народ з маёй рукі і з рукі маіх папярэднікаў, тым больш ваш Бог не зможа вырваць вас з маёй рукі».
16 Але паслугачы яго яшчэ больш гаварылі супраць Госпада Бога і супраць Эзэкіі, слугі Яго.
17 Таксама напісалі ліст, поўны блюзнення на Госпада, Бога Ізраэля, і гаварылі супраць Яго: «Як багі народаў зямлі не змаглі вызваліць народаў сваіх з маёй рукі, так і Бог Эзэкіі не зможа вырваць народа свайго з гэтай рукі».
18 Апрача таго, крычалі вялікім крыкам на гебрайскай мове да народа ў Ерузаліме, які быў на муры, каб яго запалохаць і запужаць і так здабыць горад.
19 І супраць Бога Ерузаліма Санхэрыб гаварыў, як супраць багоў народаў зямлі, якія ёсць творы рук чалавечых.
20 Дык цар Эзэкія і прарок Ісая, сын Амоса, маліліся дзеля блюзнення гэтага і прызывалі неба.
21 І паслаў Госпад анёла, які паразіў усіх дужых ваяроў і князёў у лагеры цара асірыйцаў; і ён вярнуўся з ганьбаю ў сваю зямлю. І калі ён увайшоў у дом бога свайго, сыны, якія выйшлі з нутра яго, — забілі яго там мечам.
22 Такім чынам, збавіў Госпад Эзэкію і жыхароў Ерузаліма ад рукі Санхэрыба, цара асірыйцаў, і ад рукі ўсіх ворагаў, і даў ім навокал супакой.
23 Многія таксама прынеслі дары Госпаду ў Ерузаліме ды каштоўнасці Эзэкію, цару Юдэі, які ўзвысіўся па гэтых падзеях на віду ўсіх народаў.
24 У тыя дні расхварэўся Эзэкія аж да смерці і маліў Госпада; і выслухаў яго Госпад, і даў яму знак.
25 Эзэкія, аднак, не адплаціў за дабрадзействы, якія атрымаў, бо сэрца яго ўзнялося ў пыхлівасці; і ўзгарэўся супраць яго і супраць Юдэі і Ерузаліма гнеў Госпада.
26 І потым Эзэкія ўпакорыўся дзеля пыхі сэрца свайго, як ён, так і жыхары Ерузаліма; і таму не прыйшоў гнеў Госпада на іх у дні Эзэкіі.
27 Эзэкія ж стаў вельмі багатым і слаўным; сабраў сабе вялікія скарбы срэбра, золата і каштоўнага каменя, духмянасцей, шчытоў ды ўсякага роду каштоўнасцей.
28 Назапасіў у кладоўкі збожжа, віна, алівы ды ў хлявы для ўсякіх гатункаў жывёлы і ў аўчарнікі для статка.
29 Нажыў сабе статкі і ў вялікай колькасці авечак і валоў, бо Бог даў яму вялікія багацці.
30 Гэта ён, Эзэкія, спыніў верхні працёк водаў Гіхона і павярнуў іх проста ўніз на заходні бок горада Давідава. Эзэкію шанцавала ва ўсіх яго прадпрыемствах.
31 Калі, аднак, прыбылі паслы ад князёў Бабілона, пасланыя імі да яго, каб запытацца пра цуд, які здарыўся ў краі, тады пакінуў яго Бог, каб выпрабаваць, каб выявілася ўсё, што было ў яго сэрцы.
32 Рэшта дзеяў Эзэкіі і яго міласцівасць апісаны ў бачанні Ісаі, сына Амоса, прарока, і ў Кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.
33 Супачыў Эзэкія са сваімі бацькамі і пахавалі яго ля ўваходу да магіл сыноў Давіда. Пахаванне яму справіла ўся Юдэя ды ўсе жыхары Ерузаліма. Пасля яго цараваў Манаса, сын яго.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.