Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Паралипоменон 7 глава
1 І калі Саламон закончыў маленне, сышоў агонь з неба і спаліў цэласпаленні і ахвяры, і слава Госпадава запоўніла дом.
2 І святары не змаглі ўвайсці ў святыню Госпадаву таму, што слава Госпадава запоўніла святыню Госпадаву.
3 Прытым усе сыны Ізраэля бачылі агонь, які сыходзіў, і славу Госпадаву над святыняй, ды, упаўшы ніц на зямлю, на падлогу, высланую каменем, пакланіліся і славілі Госпада: «Бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго».
4 Цар жа і ўвесь народ ускладалі ахвяры перад Госпадам.
5 Такім чынам, цар Саламон усклаў у ахвяру дваццаць дзве тысячы валоў, сто дваццаць тысяч авечак, і асвяцілі дом Божы цар і ўвесь народ.
6 Святары ж спаўнялі свае абавязкі, і левіты з музычнымі інструментамі, якія справіў Давід цар для славы Госпада: «Бо вечная ёсць міласэрнасць Яго», — спявалі яны гімны Давіда, і Давід славіў Яго праз іх. Затым святары перад імі трубілі ў трубы, і ўвесь Ізраэль стаяў.
7 Таксама асвяціў Саламон сярэдзіну панадворка перад святыняй Госпадавай; бо ўсклаў Ён там ахвяры цэласпалення і тлушч ахвяр прымірэння, бо медны ахвярнік, які ён зрабіў, не мог змясціць цэласпаленняў ды ахвяр з ежы і тлушч.
8 Такім чынам, у той час святкаваў Саламон сем дзён, і з ім увесь Ізраэль — вельмі вялікая супольнасць ад уваходу ў Эмат аж да ручая Егіпецкага.
9 І на восьмы дзень учынілі яны вялікі сход, бо сем дзён яны асвячалі ахвярнік ды сем дзён святкавалі ўрачыстасць.
10 Такім чынам, толькі ў дваццаць трэці дзень сёмага месяца ён адпусціў да сваіх палатак народ, які цешыўся і радаваўся на дабро, якое Госпад учыніў Давіду, і Саламону, і народу свайму Ізраэлю.
11 І Саламон скончыў дом Госпадаў і палац цара; і ўсё, аб чым меў намер у сэрцы сваім, каб зрабіць у доме Госпадавым і ў сваім палацы, выканаў паспяхова.
12 А аднойчы з’явіўся яму Госпад ноччу і сказаў: «Выслухаў Я маленне тваё ды выбраў Сабе гэтае месца на дом ахвяр.
13 Калі зачыню неба, і не будзе дажджу, і калі загадаю, прыкажу саранчы нішчыць палі ды пашлю пошасць на народ Мой,
14 а народ Мой, над якім прызвана было імя Маё, упакорыцца, і будзе Мяне маліць, і шукаць аблічча Майго ды пакутаваць дзеля найгоршых шляхоў сваіх, — тады Я выслухаю яго з неба, і буду ласкавы дзеля яго грахоў ды аздараўлю яго зямлю.
15 Цяпер вочы Мае будуць адкрытыя і вушы Мае чуткія да мальбы таго, хто ў гэтым месцы будзе маліцца;
16 бо выбраў Я і асвяціў гэта месца, каб імя Маё было там вечна і каб вочы Мае і сэрца Маё заставаліся там заўсёды.
17 Таксама ты, калі будзеш весці сябе перад абліччам Маім, як вёў сябе Давід, бацька твой, ды будзеш рабіць усё, што Я загадаў табе, і калі захаваеш прыказанні Мае і законы Мае,
18 зраблю трывалым пасад улады тваёй, як паабяцаў я Давіду, бацьку твайму, калі казаў: “Не будзе адкінуты з нашчадкаў тваіх чалавек, які будзе валадаром у Ізраэлі”.
19 А калі адвернецеся ад Мяне ды адкінеце Мае пастановы і прыказанні Мае, якія вам даручыў, і, адышоўшы, будзеце пакланяцца чужым багам ды ім служыць, —
20 выкіну вас з зямлі Маёй, якую даў вам, і дом гэты, які пасвяціў імю Майму, адпіхну ад аблічча Майго ды аддам яго ў прыказку ды ў казку ўсім народам.
21 І дзеля дома гэтага, што быў узвышаны, усе праходзячыя са здзіўленнем будуць казаць: “Чаму зрабіў гэта Госпад зямлі гэтай і дому гэтаму?”
22 І адкажуць: “Бо яны адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх, і прысталі да багоў чужых, і пакланяліся ім і служылі, дзеля таго прыйшлі на іх усе гэтыя беды”».
2 Паралипоменон 7 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча