Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 7 глава

1 Калі скончыў Салямон малітву, зыйшоў агонь з неба, і праглынуў цэласпаленьні і ахвяры, і слава ГОСПАДА напоўніла Дом.
2 І не маглі сьвятары ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА.
3 І ўсе сыны Ізраіля, бачачы, як зыйшоў агонь і слава ГОСПАДА на Дом, упалі абліччам на зямлю, на падлогу, і пакланіліся, і выслаўлялі ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
4 І валадар і ўвесь народ ахвяравалі ахвяры перад абліччам ГОСПАДА.
5 І ахвяраваў валадар Салямон як ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авечак, і асьвяцілі Дом Божы валадар і ўвесь народ.
6 А сьвятары стаялі на варце сваёй, і лявіты з музычнымі інструмэнтамі ГОСПАДАВЫМІ, якія зрабіў валадар Давід для праслаўленьня ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная, бо Давід выхваляў [Бога] імі. І сьвятары трубілі перад імі, і ўвесь Ізраіль стаяў.
7 І асьвяціў Салямон сярэдзіну панадворку, які перад Домам ГОСПАДА, бо там прынёс цэласпаленьні і тлушч ахвяраў мірных, бо ахвярнік мядзяны, які зрабіў Салямон, ня мог зьмясьціць цэласпаленьняў, і ахвяраў хлебных, і тлушчу.
8 І зрабіў Салямон у той час сьвята на сем дзён, і ўвесь Ізраіль з ім, царква вельмі вялікая, [якая сабралася] ад уваходу ў Хамат аж да ракі Эгіпецкай.
9 І зрабілі ў восьмы дзень урачысты сход, бо асьвячэньне ахвярніка рабілі сем дзён, і сьвяткавалі сем дзён.
10 І ў дваццаць трэці дзень сёмага месяца адпусьціў [Салямон] народ у намёты іхнія, радасных і з добрым сэрцам дзеля дабра, якое зрабіў ГОСПАД Давіду, і Салямону, і Ізраілю, народу Свайму.
11 І скончыў Салямон Дом ГОСПАДА і дом валадара; і ў-ва ўсім, што прыйшло ў сэрца Салямону зрабіць у Доме ГОСПАДА і ў доме сваім, ён меў посьпех.
12 І зьявіўся ГОСПАД Салямону ўначы, і сказаў яму: «Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае на Дом для ахвяраваньня.
13 Калі Я замкну неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы жэрці зямлю, альбо спашлю пошасьць на народ Мой,
14 і калі ўпакорыцца народ Мой, які завецца імем Маім, і будзе маліцца і шукаць аблічча Маё, і адвернуцца ад шляхоў сваіх ліхіх, Я пачую з неба і прабачу грахі іхнія, і аздараўлю зямлю іхнюю.
15 Цяпер вочы Мае будуць адчыненыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
16 І цяпер Я выбраў і асьвяціў Дом гэты, каб імя Маё было там на вякі; і вочы Мае і сэрца Маё будуць там усе дні.
17 І цяпер, калі ты будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і рабіць паводле ўсяго, што Я загадаў табе, і захоўваць пастановы Мае і суды Мае,
18 Я ўмацую пасад валадарства твайго, як Я заключыў [запавет] з Давідам, бацькам тваім, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж, які пануе ў Ізраілі”.
19 А калі вы адвернецеся і пакінеце пастановы Мае і прыказаньні Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багам, і будзеце пакланяцца ім,
20 Я выкараню вас з зямлі Маёй, якую Я даў вам, і гэты Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, Я адкіну ад аблічча Майго і аддам яго на прыказку і насьмешку для ўсіх народаў.
21 І Дом гэты, які быў найвышэйшы, [будзе такі, што] ўсе, якія будуць праходзіць каля яго, аслупянеюць і скажуць: “За што зрабіў так ГОСПАД зямлі гэтай і Дому гэтаму?”
22 І скажуць: “За тое, што яны пакінулі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і ўхапіліся за багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, за тое Ён навёў на іх усё гэтае ліха”».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.