Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 9 глава

1 Таксама царыца Сабы, пачуўшы пра славу Саламона, прыбыла ў Ерузалім, каб выпрабаваць Саламона праз складаныя загадкі, пераканацца ў мудрасці Саламона; прыбыла ў Ерузалім з вялікім суправаджэннем і вярблюдамі, якія везлі духмянасці, вялікую колькасць золата, і каштоўныя камяні. І калі яна прыбыла да Саламона, яна выказала яму, што толькі мела ў сваім сэрцы.
2 І Саламон растлумачыў ёй усё, што яна прадставіла, і не было нічога, што не было б ёй растлумачана.
3 Пасля таго, як яна ўбачыла гэта: мудрасць Саламона, і палац, які ён пабудаваў,
4 а таксама стравы яго стала, і памяшканне яго паслугачоў, і абавязкі паслугачоў яго, і адзенне іх, таксама чарнікаў і адзенне іх, і цэласпаленні, якія ўскладаў ён у доме Госпада, — то не было ў яе іншых пачуццяў, акрамя здзіўлення.
5 І яна сказала цару: «Праўду казалі, што чула ў маёй зямлі пра справы твае ды мудрасць тваю:
6 я не верыла тым, што расказвалі, пакуль сама не прыбыла і вочы мае не ўбачылі, што нават і палавіны не расказалі аб вялікай мудрасці тваёй; перавысіў ты славу, пра якую я чула.
7 Шчасныя людзі твае і шчасныя паслугачы твае, якія прысутнічаюць з табою ўвесь час і могуць слухаць тваю мудрасць.
8 Хай будзе дабраславёны Госпад, Бог твой, Які захацеў пасадзіць цябе на прастол Свой царом Госпада, Бога твайго! Бо мілуе Бог твой Ізраэль і хоча захаваць яго навек, таму паставіў Цябе царом над ім, каб чыніў ты суд і справядлівасць».
9 І дала затым цару сто дваццаць талентаў золата і надта многа духмянасцей ды найкаштоўнейшыя камяні; не было такіх духмянасцей, як гэтыя, што дала царыца Сабы Саламону.
10 Але і паслугачы Гірама, і паслугачы Саламона прывезлі золата з Афіра, і чырвонае дрэва ды найкаштоўнейшыя камяні.
11 З дрэва туевага цар зрабіў прыступкі ў дом Госпадаў і ў палац царскі, таксама зрабіў цытры і псалтэрыёны для спевакоў. У зямлі Юдэі не бачылі ніколі такіх дрэў.
12 А цар Саламон даў царыцы Сабы ўсё, што яна хацела і чаго прасіла, і намнога болей, чым прынесла яму. І яна вярнулася ў сваю зямлю са сваімі паслугачамі.
13 Вага золата, якое штогод дастаўлялася Саламону, была шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць талентаў золата,
14 не ўлічваючы платы ад гандляроў і падарожных купцоў, якія іх дастаўлялі, і ўсіх цароў арабскіх і намеснікаў зямлі, якія прыносілі Саламону золата і срэбра.
15 Дык цар Саламон зрабіў дзвесце шчытоў, з шасцюстамі сіклямі золата ў кожным шчыце,
16 таксама трыста меншых шчытоў з золата, на кожны шчыт — па трыста сікляў золата і памясціў іх цар у доме з лесу лібанскага.
17 Зрабіў таксама цар Саламон з косці слановай вялікі пасад і пакрыў яго найчысцейшым золатам.
18 Пасад меў шэсць прыступак і падножжа з золата, і два падлакотнікі з двух бакоў сядзення, і пры падлакотніках стаялі два львы,
19 на шасці прыступках стаяла там з абодвух бакоў дванаццаць ільвянят; такога пасада не было ні ў якім царстве.
20 Таксама ўсе пасудзіны для царскай трапезы былі залатыя дый усе пасудзіны дому з лесу лібанскага з найчысцейшага золата; срэбра бо ў час Саламона нічога не каштавала.
21 Бо цар меў караблі, якія плавалі ў Тарсіс разам з паслугачамі Гірама; раз у тры гады прыплывалі караблі з Тарсіса, прывозячы золата, і срэбра, і слановую косць, і малпаў, і паўлінаў.
22 Такім чынам, цар Саламон падняўся над усімі царамі зямлі багаццем і мудрасцю.
23 І ўсе цары зямлі прагнулі пабачыць аблічча Саламона, каб пачуць мудрасць, якую даў Бог у сэрца яго,
24 і складалі яму падарункі, пасудзіны срэбраныя і залатыя, і адзенне, і зброю, і духмянасці, і коней і мулаў кожны год.
25 Саламон меў таксама чатыры тысячы стаянак для коней і калясніц дый дванаццаць тысяч коннікаў; і рассяліў іх па гарадах калясніц, ды пры цары ў Ерузаліме.
26 Справіў ён таксама ўладу над усімі царамі ад ракі Эўфрат аж да зямлі філістынцаў і аж да межаў Егіпта;
27 так многа сабраў Саламон срэбра ў Ерузаліме як камянёў і кедраў, ды такое мноства, як сыкамораў, якія выраслі ў Сэфэлі.
28 Прыводзілі яму коней з Егіпта і з другіх краёў.
29 Іншыя ж дзеянні Саламона ад першых да апошніх запісаны ў словах прарока Натана ды ў прароцтвах Ахіі Сіланіта, а таксама ў бачанні Адо Празарліўца ў справе Ерабаама, сына Набата.
30 А Саламон цараваў у Ерузаліме над усім Ізраэлем сорак гадоў,
31 і супачыў са сваімі бацькамі; і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі яго. І па ім цараваў сын яго Рабаам.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.