Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Есфирь 8 глава
1 У той дзень цар Асуэр даў царыцы Эстэр дом Амана, ворага юдэяў, і Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр сказала яму, кім быў ён для яе.
2 Цар зняў пярсцёнак свой, які прыказаў узяць ад Амана, і даў Мардахэю; Эстэр жа паставіла Мардахэя загадчыкам дому Амана.
3 І зноў Эстэр прамовіла да цара і ўпала да ног яго, і плакала, і маліла яго, сказаўшы, каб ухіліўся ён ад змовы Амана Агагіта і падкопаў яго найгоршых, скіраваных супраць юдэяў.
4 А цар выцягнуў у руцэ залаты скіпетр паводле звычаю, і яна, падняўшыся, стала перад ім
5 і сказала: «Калі падабаецца цару, ды калі знайшла я ласку перад ім, і калі мая просьба не здаецца яму супраціўнай, і калі прынята была я ў вачах яго, дык малю, каб новымі лістамі былі скасаваны ранейшыя лісты Амана, сына Амадата, Агагіта, інтрыгана і ворага юдэяў, у якіх загадаў ён загубіць юдэяў ва ўсіх царскіх правінцыях.
6 Бо як я змагу перанесці гора, якое будзе цярпець народ мой, і загубу роду майго?»
7 І тады адказаў цар Асуэр царыцы Эстэр і юдэю Мардахэю: «Перадаў я Эстэр дом Амана і яго загадаў я павесіць на шыбеніцы, бо асмеліўся ён падняць руку на юдэяў.
8 Дык вы, калі вам падабаецца, напішыце юдэям ад імя цара, запячаткаваўшы лісты пярсцёнкам маім, бо лісты, напісаныя ад імя цара і пярсцёнкам яго запячаткаваныя, не могуць быць зменены».
9 І калі былі скліканы пісары цара — бо гэта быў час трэцяга месяца, які завецца Сібан, яго дзень дваццаць трэці, — напісаны былі лісты, як загадаў Мардахэй: юдэям, і сатрапам, і намеснікам, і князям, якія кіравалі ад Індыі аж да Этыёпіі, значыць ста дваццаццю сямю правінцыямі: паасобным правінцыям паасобным народам паводле іх моў і пісьма, і юдэям паводле іх пісьма і іх мовы.
10 І гэтыя лісты пасылаліся ад імя цара і запячаткаваны былі пярсцёнкам яго, і былі пасланыя праз вестуноў — коннікаў царскіх, якія скакалі на адборных жарабцах царскіх.
11 У гэтых лістах цар дазволіў юдэям у паасобных гарадах збірацца ў адно, і стаяць, абараняючы сваё жыццё, забіваць і знішчаць усіх сваіх ворагаў разам з іх жонкамі і дзецьмі, а таксама забіраць іх маёмасць.
12 І быў вызначаны адзін дзень помсты ва ўсіх правінцыях, гэта значыць трынаццаты дзень дванаццатага месяца, які завецца Адар. Як загадаў ён ім карыстацца сваімі законамі ў кожным горадзе, і дапамагаць ім, і абыходзіцца з іх ворагамі і праціўнікамі, як яны жадаюць, у адзін дзень ва ўсім царстве Артаксэркса, у чатырнаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыць Адара. Гэта копія ліста: «Вялікі цар Артаксэркс перасылае прывітанне ста дваццаці сямі правінцыям ад Індыі да Этыёпіі, сатрапам ды ўсім, хто падначальваецца нашаму загаду. Многія з-за надзвычайнай ласкавасці князёў і пашаны, якая была на іх ускладзена, падняліся ў пыху; і не толькі спрабуюць яны ўціскаць царскіх падданых, але і чыняць падкопы, узнёсшыся ў дадзенай ім славе, тым, хто даў яе. І не задавольваюцца яны атрыманнем ад людзей падзякі, але з-за пахвальбы сваёй не ведаюць дабра, фанабэрыстыя, а таксама думаюць, што могуць ухіліцца ад волі Бога, Які ўсё ведае і ненавідзіць ліха. Часта ж і многія, надзеленыя ўладаю, з-за парады прыяцеляў, якім даручаны справы, становяцца ўдзельнікамі праліцця нявіннае крыві і ўцягваюцца ў непапраўныя беды, калі яны лжывымі і пераваротнымі падкопамі падманваюць шчырую спагадлівасць кіраўнікоў. Гэта можна бачыць як на даўніх гісторыях, так і на тых, якія на вачах паказваюць, што адбываецца з-за пошасці тых, хто ўладарыць ганебна. Адсюль у далейшым трэба забяспечыць супакой ува ўсіх правінцыях. Калі рашаем справы супярэчныя, якія перад вачамі, рашаем заўсёды з найспагаднейшаю ўвагаю. Бо Аман, сын Амадата, мацэдонец, і чужы персам па крыві, і вельмі далёкі ад нашае дабраты, быў прыняты намі як госць. І ўдастоіўся ён такой зычлівасці, якую адносна ўсяго маем народа, што бацькам нашым быў ён публічна называны, ды паважалі яго ўсе заўсёды, як другую асобу па цару. Ён падняўся да такой пыхлівасці і нахабнасці, што меў намер пазбавіць нас і царства, і жыцця. Бо жадаў нашага захавальніка і заўсёднага дабрадзея Мардахэя і беззаганную суправіцельніцу нашага царства Эстэр з усім іх народам нейкімі хітрымі і лжывымі махінацыямі давесці да загубы; гэтак думаючы, спадзяваўся ён, што, забіўшы іх, наладзіць засаду ў час нашай бездапаможнасці і дзяржаву персаў перадаць мацэдонцам. Мы ж знайшлі юдэяў сярод людзей, асуджаных на найгоршую смерць, без аніякай віны, наадварот, народам, які кіруецца найбольш справядлівымі законамі, і сынамі найвышэйшага, і найвялікшага, і жывога заўсёды Бога, спагаднасць Якога да нас і да нашых продкаў — гэта царства, пабудаванае ў найлепшым парадку. І добра зробіце, калі не будзеце глядзець на лісты, прысланыя Аманам, сынам Амадата, ён за гэтае злачынства быў павешаны на шыбеніцы перад брамай гэтага горада, гэта значыць Сузаў, ён, які чыніў падкопы разам з усім родам сваім, бо Бог, Які ўсім валодае, неўзабаве аддаў яму за тое, што ён заслужыў. А копію гэтага эдыкта, які цяпер пасылаем, памясціце ва ўсіх гарадах, каб дазволена было юдэям карыстацца сваімі законамі. Маеце ім дапамагчы супраць тых, якія ў час бяды на іх нападуць, каб яны маглі абараніцца чатырнаццатага дня дванаццатага месяца, які завецца Адар. Гэты бо дзень, прызначаны на загубу выбранага народа, абярнуў Бог Усемагутны ў радасць ім. Дык і вы між вашых святаў гэты дзень майце за асаблівы ды святкуйце яго з вялікай радасцю, каб цяпер і ў будучым быў ён для нас і прыхільных персаў збаўленнем, а для тых, якія наладжваюць засаду на нас, — памяткай загубы. Кожны ж горад і правінцыя, якая не захоча быць удзельнікам гэтае ўрачыстасці, згіне няхай ад меча ды агню; ды так хай будзе знішчана, каб быць недаступнай не толькі людзям, але каб таксама звярам і птушкам навек застацца агіднай. Бывайце».
13 Копія ліста ў форме закону была абвешчана ва ўсіх правінцыях, каб усе народы ведалі, што юдэі прыгатаваліся ў той дзень спагнаць помсту на ворагах сваіх.
14 І вырушылі вестуны на конях, спяшаючыся абвясціць, ды эдыкт царскі быў павешаны ў Сузах.
15 Мардахэй жа выйшаў ад цара з палаца ў бліскучым адзенні царскім, гэта значыць у гіяцынтавым і белым, несучы вялікі залаты вянец на галаве, і апрануты ў плашч шаўковы і пурпуровы: і ўвесь горад цешыўся і весяліўся.
16 У юдэяў жа, здалося, узышло новае святло: радасць, гонар і слава.
17 Ва ўсіх народах, гарадах і правінцыях, куды загады цара даходзілі, у юдэяў была радасць, застоллі і частаванні, і дзень святочны да таго, што вельмі многія іншага роду і веравання пераходзілі да іх рэлігіі і рытуалаў; бо напаў на ўсіх страх вялікі перад юдэямі.
Есфирь 8 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча