Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Исход 1 глава
1 Гэткія імёны сыноў Ізраэля, якія разам з Якубам увайшлі ў Егіпет; кожны ўвайшоў са сваёю сям’ёй:
2 Рубэн, Сімяон, Леві, Юда,
3 Ісахар, Забулон і Бэньямін,
4 Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.
5 Такім чынам, усіх іх, што выйшлі са сцёгнаў Якуба, было семдзесят асоб; а Язэп быў у Егіпце.
6 Калі ён памёр, і ўсе яго браты, і ўвесь той род,
7 сыны Ізраэля размнажаліся, узмацняючыся, дужэлі і хутка запаўнялі зямлю.
8 Між тым узняўся над Егіптам новы цар, які не ведаў Язэпа,
9 і сказаў свайму народу: «Вось, народ сыноў Ізраэля — шматлікі і мацнейшы за нас:
10 прыходзьце, давайце разумна абыдземся з ім, каб ён не размножыўся; бо калі выбухне супраць нас вайна, ён далучыцца да нашых ворагаў, і, скарыўшы нас, выйдзе з зямлі».
11 Такім чынам, для іх паставіў ён наглядчыкаў работ, каб вынішчалі іх цяжарам; і пабудавалі яны для фараона гарады, каб захоўваць прыпасы, — Пітом і Рамэсас.
12 І чым болей іх прыгняталі, тым больш яны размножваліся і раслі.
13 Дык егіпцяне пачалі дужа баяцца сыноў Ізраэля, і загналі іх у нявольніцтва,
14 і да гаркаты даводзілі жыццё іх цяжкімі работамі над глінай і цэглай і праз розную службу, якою прыгняталіся яны ў зямельных справах.
15 І сказаў цар егіпецкі павітухам гебрайскім, адна з якіх звалася Сэфраю, другая — Пуваю,
16 загадваючы ім: «Калі будзеце прымаць роды ў гебраяк і надыдзе час нараджэння, то глядзіце: калі будзе [дзіця] мужчынскага роду — забівайце яго; калі будзе жаночага роду — захоўвайце».
17 Але павітухі шанавалі Бога і не зрабілі згодна пастановы цара Егіпецкага, а зберагалі хлопчыкаў.
18 Заклікаўшы іх да сябе, цар сказаў: «Чаму ж гэта, чаму пажадалі вы рабіць, каб ратаваць хлопчыкаў?»
19 Яны адказалі: «Гебрайкі не такія, як егіпецкія жанчыны; бо яны здаровыя, і яны нараджаюць, перш чым мы прыходзім да іх».
20 Таму Бог добра абышоўся з павітухамі, а народ разрастаўся і рабіўся вельмі дужым;
21 і таму, што павітухі шанавалі Бога, Ён пабудаваў ім дамы.
22 А фараон загадаў усяму свайму народу, кажучы: «Калі што народзіцца мужчынскага роду — кідайце ў раку, калі што жаночага — захоўвайце».
Исход 1 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча