Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Исход 34 глава

1 І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, якія мелі табліцы, што ты разбіў.
2 Будзь гатовы раніцай, каб узысці зараз жа на гару Сінай; і стань там перада Мною на вяршыні гары.
3 Ніхто хай не ўзыходзіць з табою, і ніхто хай не паказваецца на ўсёй гары; таксама авечкі і валы хай не пасвяцца насупраць».
4 Такім чынам, Майсей вычасаў дзве каменныя табліцы, як раней былі; і, падняўшыся зацемна, узышоў на гару Сінай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы.
5 Калі Госпад сышоў у воблаку, ён стаў каля Яго, прызываючы імя Госпада.
6 І, праходзячы перад ім, ён усклікнуў: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і літасцівы, цярплівы і з вялікай літасцю, і праўдзівы,
7 Які захоўвае міласэрнасць на тысячы [пакаленняў], Які прабачае беззаконні, і злачынствы, і грахі, але не пакідае нічога беспакараным, Які вяртае правіннасць бацькоў сынам і ўнукам у трэцім і чацвёртым пакаленні».
8 І зараз жа Майсей пакланіўся, нахіляючыся да зямлі, і сказаў, кланяючыся:
9 «Калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, каб Ты пайшоў з намі; народ, што праўда, цвёрдага карка, але Ты прабач правіннасці нашыя і грахі і зрабі нас Сваёй спадчынай».
10 Адказаў Госпад: «Я заключаю запавет перад усім народам тваім; буду чыніць цуды, ніколі яшчэ не бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, справу Госпадаву страшную, якую Я маю зрабіць з табою.
11 Захавай усё, што Я табе загадваю сёння, і Я Сам выганю перад абліччам тваім амарэя, хананея, хетэя, феразея, гівея і евусея.
12 Сцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не заключаць пагаднення, якое будзе табе на загубу;
13 але знішчы іх ахвярнікі, разбі іх камяні і ссячы святыя гаі.
14 Не пакланяйся богу чужому: Госпад, імя Якога — руплівы апякун, Ён — Бог апякун, Які любіць.
15 Не заключай пагаднення з людзьмі гэтых земляў, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто-небудзь і каб ты не еў ахвяры іх.
16 Не бяры з іх дачок сынам сваім жонак, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі, не прымусілі і сыноў тваіх распуснічаць з багамі сваімі.
17 Не рабі сабе багоў літых.
18 Захоўвай урачыстасць праснакоў: сем дзён еж праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб; бо ў месяцы Абіб веснавой пары выйшаў ты з Егіпта.
19 Усё, што разрывае ўлонне, мужчынскга роду хай будзе Маім; ад усяго статка твайго, як з валоў, так і з авечак, хай Маім будзе.
20 Першароднага асла выкупі авечкай, а калі не дасі за яго цану, то скруці яму шыю. Першароднага з сыноў сваіх выкупляй і не з’яўляйся перад абліччам Маім з пустымі рукамі.
21 Шэсць дзён працуй, а ў дзень сёмы пакінь нават араць і жаць.
22 Учыні сабе свята сёмага дня ў час пяршыняў жніва твайго пшанічнага і свята збораў, калі ўсё збіраецца ў канцы года.
23 Тры разы ў год хай кожны мужчына твой з’явіцца перад абліччам Усемагутнага Госпада, Бога Ізраэля.
24 Бо калі Я выганю народы ад твару твайго і пашыру твае межы, ніхто не будзе наладжваць засаду на зямлю тваю, калі тры разы ў год ты пойдзеш і пакажашся перад абліччам Госпада, Бога твайго.
25 Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю; і хай нічога не застаецца да раніцы наступнага дня з ахвяры пасхальнай.
26 Пяршыні пладоў зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго».
27 І сказаў Госпад Майсею: «Занатуй гэтыя словы сабе, якімі Я заключыў запавет з табою і з Ізраэлем».
28 Такім чынам, быў там з Госпадам сорак дзён і сорак начэй; не еў хлеба і не піў вады; і напісаў [Бог] на табліцах словы запавету, дзесяць слоў.
29 І, калі Майсей сыходзіў з гары Сінай, ён трымаў дзве табліцы сведчання, і не ведаў ён, што скура твару яго ззяла з-за размовы яго з Госпадам.
30 А Аарон і сыны Ізраэля, бачачы здалёк, што скура твару яго ззяла, пабаяліся падысці бліжэй;
31 і, пакліканыя ім, вярнуліся і Аарон, і ўсе кіраўнікі грамады. І, калі Майсей гаварыў з імі,
32 прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля; ім ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сінай.
33 Па заканчэнні размоў паклаў ён пакрывала на твар свой,
34 якое здымаў, уваходзячы да Госпада і размаўляючы з Ім, пакуль не выходзіў; і тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана.
35 Яны бачылі, што скура твару Майсея ззяла, але ён закрываў зноў твар свой, аж пакуль, увайшоўшы, размаўляў з Ім.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.