Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 36 глава

1 А ты, сын чалавечы, праракуй пра горы Ізраэля і кажы: “Горы Ізраэля, слухайце слова Госпада.
2 гэта кажа Госпад Бог. За тое, што вораг сказаў пра вас: “Ага, спрадвечныя ўзгорышчы дадзены нам ва ўласнасць”;
3 дзеля таго праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог. Дзеля таго, што вас спустошылі і вытапталі вас кругом, каб вы сталі ўласнасцю іншых народаў, каб сталі вы прыказкай і кпінамі для людзей;
4 дзеля таго, горы Ізраэля, слухайце слова Госпада Бога. Вось што кажа Госпад Бог гарам і ўзгоркам, ручаям і лагчынам, апусцелым руінам і пакінутым гарадам, якія сталі бязлюднымі і сталі пасмяяннем для астатніх навакольных народаў;
5 дзеля таго гэта кажа Госпад Бог: “У агні абурэння Майго гаварыў Я супраць астатніх народаў і супраць усёй Ідумеі, якія дзялілі Маю зямлю сабе ў спадчыну з радасцю, і ад усяго сэрца, і з ліхой душою, каб пашы яе былі ім на здабычу”.
6 Дзеля таго праракуй аб зямлі Ізраэля і гавары да гор і ўзгоркаў, ручаёў і лагчын: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я гаварыў у руплівасці і абурэнні Маім, бо вы знеслі знявагу з боку народаў”;
7 таму так кажа Госпад Бог: “Я падымаю руку Маю: акружаючыя вас народы будуць зносіць ад вас знявагу;
8 а вы, горы Ізраэля, выпускаць будзеце свае галіны і даваць свае плады народу Майму Ізраэльскаму, бо ён хутка вернецца.
9 Бо вось, Я прыйду да вас і звярнуся да вас, і будуць вас абрабляць і засяваць;
10 і павялічу ў вас людзей, увесь дом Ізраэля, і гарады будуць абжытыя, і руіны адбудаваныя.
11 І Я памножу ў вас людзей і жывёлу, і яны будуць павялічвацца і расці; і зраблю, што будзеце вы абжытыя так, як у мінулым, і Я буду абдорваць вас дабротамі больш, чым вы мелі дагэтуль, і вы зразумееце, што Я — Госпад.
12 І прывяду на вас людзей, Мой народ Ізраэля, ды яны завалодаюць вамі як спадчынаю, і вы маеце стаць іх уласнасцю ды ўжо не будзеце пазбаўляць іх дзяцей”.
13 Гэта кажа Госпад Бог. Дзеля таго, што гавораць пра вас: “Ты пажыральнік людзей і адбіраеш патомства ў народа твайго”;
14 дзеля таго ты больш не будзеш з’ядаць людзей і адбіраць патомства ў народа твайго, — кажа Госпад Бог. —
15 І ты ў будучыні не будзеш ужо слухаць знявагу паганаў, і больш ніколі не будзеш цярпець ганьбу ад народаў, і не будзеш больш адбіраць патомства ў твайго народа, — кажа Госпад Бог».
16 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
17 «Сын чалавечы, дом Ізраэля жыў на сваёй зямлі, і ён апаганіў яе сваімі паводзінамі і сваімі ўчынкамі; паводзіны іх адносна Мяне былі, як нячыстасць месячная жанчыны.
18 І выліў Я на іх Маё абурэнне дзеля крыві, якую вылілі яны на зямлю, і ідаламі сваімі яе апаганілі.
19 І Я раскідаў іх паміж народаў, ды расцярушыліся яны па землях; Я асудзіў іх па паводзінах іх і па ўчынках іх.
20 І апынуліся яны ў паганаў, да якіх прыйшлі, і зняважылі яны святое імя Маё, калі аб іх казалі: “Гэта народ Госпадаў, і мусілі яны выселіцца з Яго”.
21 І Я захаваў святое імя Маё, якое зняважыў дом Ізраэля сярод паганаў, да якіх прыйшоў.
22 Дзеля таго скажы дому Ізраэля: гэта кажа Госпад Бог: “Не дзеля вас Я зраблю гэта, доме Ізраэля, але дзеля святога імя Майго, якое зняважылі вы сярод паганаў, да якіх папрыходзілі.
23 Я асвячу вялікае імя Маё, якое было зняважана вамі паміж народаў, якое зняважылі вы паміж іх, дык пазнаюць яны, што Я — Госпад”, — кажа Госпад Бог, — калі Я выяўлю святасць Маю адносна вас перад іх вачамі.
24 Я бо збяру вас пасярод народаў, і збяру вас з усіх земляў, і прывяду вас у вашу зямлю;
25 і пакраплю вас чыстаю вадой, каб сталі вы чыстымі ад усіх вашых агіднасцей ды ачышчу вас ад усіх вашых ідалаў.
26 І дам вам сэрца новае, і дух новы ўдыхну ў ваша нутро, і забяру з цела вашага сэрца каменнае і дам вам сэрца цялеснае;
27 і ўдыхну ў вас Дух Мой і зраблю, каб вы жылі паводле прыказанняў Маіх ды бераглі законы Мае і выконвалі іх.
28 І будзеце жыць у зямлі, якую Я даў бацькам вашым, ды будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.
29 І Я вызвалю вас ад усякай нячыстасці вашай, і вырашчу збожжа, і павялічу яго, і голаду на вас не спашлю.
30 І Я памножу плады на дрэвах і ў палях, каб не цярпелі вы больш сярод плямёнаў ганьбы голаду.
31 І ўзгадаеце вы шляхі вашы найгоршыя, і благія паводзіны, і абрыднуць вам правіннасці вашы і злачынствы вашы.
32 Засаромейцеся і пачырванейце дзеля вашага жыцця, дом Ізраэля”.
33 Вось што кажа Госпад Бог: “У дзень, калі ачышчу вас ад усіх вашых правін, і засялю зноў гарады, і руіны адбудую,
34 і спустошаная зямля зноў будзе абрабляцца, якая калісьці была спустошаная на вачах кожнага падарожнага;
35 будуць казаць: “Гэтая спустошаная зямля стала, як сад Эдэнскі, і гарады, спустошаныя, і знішчаныя, і зруйнаваныя, цяпер умацаваныя і населеныя”.
36 І пагане — усе, што пакінуты былі навокал вас, — даведаюцца, што Я, Госпад, тое, што зруйнавана, — зноў адбудаваў; а тое, што пакінута, — зноў засяліў; Я — Госпад, сказаў і зрабіў”.
37 Гэта кажа Госпад Бог: “Яшчэ і аб гэтым папросіць Мяне дом Ізраэля, каб зрабіў Я ім: Я памножу іх, як статак людзей,
38 як святы статак, як статак Ерузаліма ў дні святаў яго; так гарады спустошаныя стануць поўныя статкаў людскіх, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.