Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 37 глава

1 Супачыла на мне рука Госпада, і вывеў Ён мяне ў духу Госпада, і паставіў мяне сярод даліны, якая была поўная костак.
2 І абвёў Ён мяне па іх вакол: а вось, было іх на паверхні даліны вельмі многа, і былі яны дужа сухія.
3 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, як лічыш, ці косткі гэтыя вернуцца зноў да жыцця?» А я сказаў: «Госпадзе Божа, Ты ведаеш».
4 І сказаў Ён мне: «Праракуй над гэтымі косткамі і кажы ім: “Сухія косткі, слухайце слова Госпада!”
5 Вось што кажа Госпад Бог гэтым косткам: “Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць,
6 і звяжу вас жыламі, і зраблю, што абрасцеце вы целам, ды абцягну вас скурай, і дам вам дух, і будзеце жыць, і зразумееце, што Я — Госпад”».
7 І я праракаваў, як Ён мне загадаў. А калі я праракаваў, падняўся шум, і вось, грукат; і косткі набліжаліся да костак: кожная да сустава свайго.
8 І ўбачыў я, і вось, на костках з’явіліся жылы і цела, і на іх была нацягнута скура, але духа яны яшчэ не мелі.
9 І сказаў Ён мне: «Праракуй да духа; праракуй, сын чалавечы, і кажы духу: вось што кажа Госпад Бог: “Ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі”».
10 І я праракаваў, як загадаў Ён мне, і ўвайшоў у іх дух; і ажылі, і сталі на ногі свае, — войска дужа вялікае.
11 І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — гэта ўвесь дом Ізраэля. Яны кажуць: “Высахлі косткі нашы, і прапала надзея наша, і загінулі мы”.
12 Дзеля таго праракуй і кажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я адкрыю вашы магілы і выведу вас з магіл вашых, народ Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраэля;
13 і зразумееце вы, што Я — Госпад, калі Я адкрыю магілы вашы ды выведу вас з магіл вашых, народ Мой.
14 І дам Я вам Духа Майго, і вы ажывяце, і завяду вас у зямлю вашу, і будзеце ведаць, што Я — Госпад. Я сказаў і спаўняю”, — кажа Госпад Бог».
15 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
16 «І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе кавалак дрэва і напішы на ім: “Юдэі і ізраэльцам, яе сябрам”. І вазьмі другі кавалак дрэва і напішы на ім: “Язэпу, дрэву Эфраіма, і ўсяму дому Ізраэля, яго сябрам”.
17 І злучы іх сабе адно з адным, у адзін кавалак дрэва; і ў руцэ тваёй будуць яны адзіным цэлым.
18 А калі ў цябе будуць пытацца твае землякі, кажучы: “Ці не скажаш ты нам, што праз гэта маеш на думцы?”
19 скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, што ў руцэ Эфраіма, і пакаленні Ізраэля, пакаленні, якія злучаны з ім, ды прыкладу іх разам да дрэва Юды, ды зраблю іх адным дрэвам, і ў руцэ Маёй яны будуць адным”.
20 А кавалкі дрэва, на якіх будзеш пісаць, будуць перад іх вачамі ў тваёй руцэ.
21 І скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму ізраэльцаў пасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і збяру іх з усіх бакоў, і ўвяду іх у Сваю зямлю,
22 і зраблю іх адным народам у зямлі, у гарах Ізраэля; і адзін цар будзе над усімі валадарыць, ды ўжо не будуць яны ўтвараць два народы, і ўжо не будуць падзеленыя на два царствы.
23 І не будуць яны апаганьвацца сваімі ідаламі, і агіднасцямі сваімі, і ўсякімі злачыннасцямі сваімі, і Я вызвалю іх ад усякай іх нявернасці, якой яны зграшылі, і ачышчу іх, і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.
24 І паслугач Мой, Давід, будзе царом над імі, ды ўсе яны будуць мець аднаго пастыра; жыць будуць паводле Маіх законаў, і прыказанні Мае берагчы будуць, і будуць выконваць іх.
25 І будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму, Якубу, на якой жылі бацькі іх; і на ёй жыць будуць яны і сыны іх, і сыны сыноў іх аж у вечнасць, і Давід, паслугач Мой, будзе іх валадаром навек.
26 І заключу з імі запавет міру, будзе гэта вечны запавет з імі; і ўмацую іх, і памножу; і Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды,
27 і будзе месцапрабыванне Маё між імі, і Я буду іх Богам, і яны будуць Маім народам;
28 і пагане даведаюцца, што Я — Госпад, Які асвячае Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды”».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.