Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 40 глава
1 У дваццаць пятым годзе нашага перасялення, на пачатку года, у дзесяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасля зруйнавання горада, у той самы дзень супачыла рука Госпада на мне і завёў Ён мяне сюды.
2 У Божых бачаннях прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраэля і паставіў мяне на вельмі высокай гары, на якой было штосьці накшталт пабудовы нейкага горада на поўдзень.
3 І завёў Ён мяне туды, і вось, з’явіўся чалавек, які меў выгляд як бы [ён] з медзі; і меў ён у руцэ сваёй вяроўку з ільну, і ў другой руцэ — прут вымяральны, а стаяў ён пры браме.
4 І сказаў мне той чалавек: «Сын чалавечы, паглядзі вачамі сваімі, і паслухай вушамі сваімі, і сэрцам сваім зважай на ўсё, што я буду табе паказваць, бо прыведзены ты сюды на тое, каб было табе гэта паказана; паведамі дому Ізраэля пра ўсё, што ўбачыш».
5 І вось, мур звонку вакол дома, з усіх яго бакоў, і ў руцэ чалавека вымяральны прут даўжынёй у шэсць локцяў, лічачы па локці і адной далоні; і змераў ён шырыню пабудовы адным прутом, і вышыню таксама адным прутом.
6 І прыйшоў ён да брамы, звернутай на ўсход, і ўзышоў па прыступках яе, і змерыў парог брамы адным прутом у шырыню
7 і пакой адным прутом у даўжыню і адным прутом у шырыню, і паміж пакояў было пяць локцяў, і парог брамы з боку прысенкаў брамы ўнутры — адным прутом.
8 І змераў ён прысенкі брамы —
9 восем локцяў, і вушак яе — два локці; а прысенкі брамы былі ўнутры.
10 Затым пакоі брамы ў напрамку ўсходнім: тры з гэтага боку і тры з таго боку, і ўсе тры аднаго памеру, і аднаго памеру вушакі з абодвух бакоў.
11 І змераў шырыню ўваходу праз браму — дзесяць локцяў, і глыбіня брамы — трынаццаць локцяў,
12 і перад пакоямі была перагародка ў адзін локаць з аднаго і з другога боку; а пакоі мелі шэсць локцяў з аднаго і другога боку.
13 Потым змераў ён браму ад даху пакоя аж да даху яго з супрацьлеглага боку, шырыня была дваццаць пяць локцяў ад дзвярэй да дзвярэй.
14 Змераў таксама прысенкі — дваццаць локцяў. Навокал брамы быў двор з усіх бакоў.
15 І ад уваходу ў браму аж да прысенкаў брамы ўнутры было пяцьдзесят локцяў.
16 І вокны з устаўленымі рамамі былі наўкола ў пакоях і пры вушаках з усіх бакоў; ды таксама былі вокны наўкола прысенкаў унутры, і перад вушакамі былі аздабленні ў выглядзе пальмаў.
17 І завёў ён мяне на знешні панадворак, і вось, былі на панадворку пакоі, і падлога, выкладзеная кругом каменем; трыццаць пакояў было на падлозе кругом;
18 і падлога знаходзілася з боку ад брамы адпаведна да глыбіні брамы; была гэта ніжняя падлога.
19 І змераў ён шырыню ад знешняга боку брамы ніжняй аж да пярэдняга боку ўнутранай брамы звонку — сто локцяў.
20 Таксама браму, якая была звернута на поўнач, на знешні панадворак, ён змераў: як у даўжыню, так і ў шырыню;
21 і мелі яе пакоі тры локці з аднаго боку і тры — з другога; і яе вушакі, і яе прысенкі былі адпаведныя памеру першай брамы: пяцьдзесят локцяў — яе даўжыні і дваццаць пяць локцяў — яе шырыні.
22 І вокны яе прысенкаў разам з аздабленнем у выглядзе пальмаў былі адпаведна памеру брамы, якая была звернута на ўсход; і ўваходам у яе былі сем прыступак, і ўнутры — прысенкі.
23 І насупраць брамы паўночнай была брама ўнутранага панадворка, як пры браме ўсходняй; і ён змераў ад брамы аж да брамы: сто локцяў.
24 І завёў ён мяне на поўдзень, і вось, была там брама, звернутая на поўдзень; і змераў ён яе вушакі і яе прысенкі паводле папярэдніх памераў.
25 І мела яна прысенкі кругом і вокны, як астатнія вокны; пяцьдзесят локцяў была яна даўжынёю і дваццаць пяць — шырынёю.
26 І ўваходзілі ў яе па сямі прыступках, і яе прысенкі былі ўнутры; і мела яна пальмы разной работы на вушаках сваіх з абодвух бакоў.
27 І была брама на ўнутраным панадворку, звернутая на поўдзень; і змераў ён у напрамку паўднёвым ад брамы аж да брамы — сто локцяў.
28 І завёў ён мяне на ўнутраны панадворак пры браме паўднёвай і змераў браму паводле папярэдніх памераў;
29 пакоі, і вушакі яе, і прысенкі яе мелі тыя ж самыя памеры; і мела яна вокны кругом, як і прысенкі. Пяцьдзесят локцяў мела даўжыні і дваццаць пяць локцяў шырыні.
30 Прысенкі былі вакол даўжынёю ў пяцьдзесят локцяў і шырынёю ў пяць локцяў.
31 І яе прысенкі былі пры знешнім панадворку; і на яе вушаках былі пальмы, і ўваходзілі ў яе па васьмі прыступках.
32 І завёў ён мяне на знешні панадворак на ўсходнім баку, і змераў браму; і мела яна тыя самыя памеры;
33 яе пакоі, і вушакі яе, і прысенкі яе мелі тыя ж самыя памеры; і вокны мела яна, гэтак жа, як і прысенкі, навокал. У даўжыню мела яна пяцьдзесят локцяў і ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.
34 І прысенкі яе знаходзіліся пры знешнім панадворку, і разной работы пальмы былі на яе вушаках з аднаго і другога боку, і ўваход у яе меў восем прыступак.
35 І прывёў ён мяне да брамы паўночнай, і змераў паводле папярэдніх памераў пакоі яе і прысенкі яе;
36 і мела яна вокны кругом. Пяцьдзесят локцяў была даўжыня яе і дваццаць пяць локцяў шырыня.
37 І яе прысенкі вялі да знешняга панадворка, і аздабленні ў выглядзе пальмаў былі на яе вушаках з аднаго і другога боку, і ўваход у яе меў восем прыступак.
38 І была там камора, уваход у якую быў у прысенках брамы; там будуць мыць ахвяры цэласпалення.
39 І ў прысенках брамы былі два сталы з аднаго і два сталы з другога боку для забівання на іх ахвяр цэласпалення, і ахвяр за грэх, і ахвяр аднагараджэння.
40 І на знешнім баку прысенкаў, пры ўваходзе ў браму паўночную, былі два сталы; і з другога боку прысенкаў пры браме былі таксама два сталы.
41 Чатыры сталы тут і чатыры сталы там па баках брамы: было восем сталоў, на якіх будуць забіваць ахвяры.
42 А чатыры сталы на ахвяры цэласпалення былі зроблены з чатырохвугольных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, і вышынёю ў адзін локаць;
43 і крукі на шырыню далоні былі прыроблены да сцен памяшкання кругом, на іх будуць класці прылады да забівання ахвяр цэласпаленняў і іншых ахвяр, а на сталы — мяса ахвяры.
44 І звонку ўнутранай брамы былі два пакоі на ўнутраным панадворку; адзін быў з боку брамы паўночнай, і пярэдні бок яго накіраваны на поўдзень, і адзін з боку брамы паўднёвай, і пярэдні бок яго накіраваны на поўнач.
45 І сказаў ён мне: «Гэта пакой, які накіраваны на поўдзень; ён будзе прызначаны для святароў, якія будуць несці варту пры святыні.
46 А пакой, які накіраваны на поўнач, будзе прызначаны для святароў, якія будуць спаўняць службу пры ахвярніку: гэта сыны Садока, якія з сыноў Левія маюць права набліжацца да Госпада, каб Яму служыць».
47 І змераў ён панадворак — квадрат у сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні. Ахвярнік стаяў перад святыняй.
48 І ўвёў мяне ў прысенкі святыні, і змераў вушакі прысенкаў: пяць локцяў з аднаго і пяць локцяў з другога боку, і брама была шырынёю ў чатырнаццаць локцяў, і бакі брамы мелі тры локці з аднаго боку і тры локці з другога;
49 а даўжыня прысенкаў была дваццаць локцяў, і шырыня — дванаццаць локцяў, і ўваходзілі ў іх па дзесяці прыступках, і слупы былі на вушаках, адзін з аднаго, другі ж — з другога боку.
Иезекииль 40 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча