Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 40 глава
1 Дваццаць пятага году палону нашага, на пачатку году, дзясятага дня месяца, чатырнанцатага году па паразе места, таго самага дня, рука СПАДАРОВА была на імне й прывяла мяне туды.
2 У відзені Божай Ён прывёў мяне да зямлі Ізраелявае і пастанавіў мяне на вельма высокай гары, на каторай бы будынкі месцкія на паўдні.
3 І прывёў мяне туды, і во муж, — выгляд ягоны, як выгляд медзі, — зь лянным шнюром у руццэ сваёй і меральным прутом, — і стаяў ён у браме.
4 І гэты муж казаў імне: «Сыну людзкі! Глядзі сваімі ачыма, вушыма сваімі слухай і прылажы сэрца свае да ўсёга, што я пакажу табе; бо на тое, каб паказаць табе, ты прыведзены сюды; пакажы ўсе, што абачыш, дому Ізраеляваму.
5 І вось, сьцяна знадворку дому навокал, навокал, і ў руццэ мужа меральны прут удаўжкі шасьцёх локцяў, роўных локцю з даланёю; і намераў ён у гэтым будынку адзін прут ушыркі і адзін прут увышкі.
6 І падышоў да брамы, зьверненае на ўсход, і ўзышоў па ўступцох яе, і памераў парог брамы — адзін прут ушыркі, і другі парог — адзін прут ушыркі.
7 І камору — адзін прут удаўжкі і адзін прут ушыркі, а памеж камор пяць локцяў; і парог брамы ля ґанку брамы ў нутр — адзін прут.
8 Памераў таксама ґанак брамы ўнутры — адзін прут.
9 І намераў ён у ґанку брамы восьмі локцяў і ў стаўпох яе два локці; а ґанак брамы быў у нутр.
10 І каморы ля ўсходняе брамы тры на гэтым баку і тры на гэным баку: памера адна ў вусіх трох, і адна памера ў стаўпох на гэтым баку і на гэным баку.
11 І памераў шырыню ўходу брамы — дзесяць локцяў, і даўжыню брамы — трынанцаць локцяў.
12 І прамежак аднаго локця перад пакоямі, і аднаго локця прамежак на гэным баку; а пакоі шасьцёх локцяў адгэтуль і шасьцёх локцяў адгэнуль.
13 Тады ён памераў браму ад страхі аднае каморы да страхі другое — шырыня дваццаць пяць локцяў, дзьверы супроці дзьвярэй.
14 Зрабіў стаўпы шасьцьдзясят локцяў, і стоўп ля брамы панадворку.
15 І ад пярэдняе стараны брамы ля ўходу да пярэдняе стараны ґанку нутраное брамы пяцьдзясят локцяў.
16 І вузкія вокны да камор, і да стаўпоў ўнутры брамы навокал, навокал, і таксама да ґанкаў, і вокны навокал у нутр, і на стаўпох — пальмы.
17 І прывёў мяне на навонны панадворак; і гля, каморы а масткі зроблены да панадворку навокал, навокал; трыццаць камор мошчаных.
18 І масткі былі па бакох брамаў, а супроці даўжыні брамаў — масткі іншыя.
19 І памераў ён шырыню ад пераду дольняе брамы да пераду нутранога панадворку знадворку — сто локцяў на ўсход і поўнач.
20 І браму навоннага панадворку, зьверненую на поўнач, памераў удаўжкі і ўшыркі.
21 І каморы яе тры на гэтым баку і тры на гэным баку; а стаўпы яе а ґанкі яе былі подле меры першае брамы: удаўжкі пяцьдзясят локцяў, а ўшыркі дваццаць пяць локцяў.
22 І вокны яе, і ґанкі яе, і пальмы яе подле меры брамы, зьверненае на ўсход; сяма ўступцамі ўзыходзяць на яе; і ґанкі яе перад імі.
23 І брама нутранога панадворку была супроці брамы паўночнае і ўсходняе; і памераў ён ад брамы да брамы — сто локцяў.
24 І павёў мяне на паўдня; і во брама, зьверненая на паўдня; і памераў ён стаўшы яе і ґанкі яе подле гэтых мераў.
25 І вокны ў ёй, і ґанкі яе навокал, навокал, як тыя вокны: даўжыня пяцьдзясят локцяў і шырыня дваццаць пяць локцяў.
26 І ўсходы йсьці на яе, і ґанак яе перад імі, і пальмы — адна на гэтым баку і другая на гэным баку, на стаўпох іх.
27 І была брама на паўдня да нутранога панадворку; і памераў ад брамы да брамы на паўдня — сто локцяў.
28 І прывёў мяне да нутранога панадворку пераз паўднявую браму, і памераў паўднявую браму подле тых мераў;
29 І каморы яе, і стаўпы яе, і ґанкі яе подле тых мераў; і вокны ў іх, і ґанкі ў іх навокал, навокал — пяцьдзясят локцяў удаўжкі і дваццаць пяць локцяў ушыркі.
30 І ґанкі навокал, навокал іх дваццаць пяць локцяў удаўжкі і пяць локцяў ушыркі.
31 І ґанкі яе да навоннага панадворку, і пальмы на стаўпох яе, і ўзыход на яе восьмі локцяў.
32 І прывёў мяне на нутраны панадворак на ўсход, і памераў браму подле тых мераў.
33 І каморы яе, і стаўпы яе, і ґанкі яе подле тых мераў; і вокны ў ёй, і ґанкі яе навокал, навокал — пяцьдзясят локцяў удаўжкі і дваццаць пяць локцяў ушыркі.
34 І ґанкі яе на навонны панадворак, і пальмы на стаўпох яе на гэтым баку і на гэным баку, і ўзыход на яе восьмі ўступцоў.
35 І прывёў мяне да паўночнае брамы, і памераў подле тых мераў.
36 І каморы яе, і стаўпы яе, і ґанкі яе, і вокны да яе навокал, навокал удаўжкі — пяцьдзясят локцяў і ўшыркі дваццаць пяць локцяў.
37 І стаўпы яе на навонным панадворку, і пальмы на стаўпох яе на гэтым баку і на гэным баку, і ўзыход на яе восьмі локцяў.
38 І каморы і ўходы яе ля стаўпоў брамаў, ідзе абмывалі аброк на ўсепаленьне.
39 І на ґанку брамы два сталы на гэтым баку і два сталы на гэным баку, рэзаць на іх усепаленьне, і аброк за грэх, і аброк за віну.
40 І ля знадворнага боку, як уходзіш у ўход паўночнае брамы, два сталы, і на другім баку, каторы ля ґанку брамы, два сталы.
41 Чатыры сталы на гэтым баку і чатыры сталы на гэным баку ля боку брамы: восьмі сталоў, яны да зарэзу.
42 І чатыры сталы з часанага каменя да ўсепаленьня паўтара локця ўдаўжкі і паўтара локця ўшыркі і адзін локаць увышкі; на іх кладуць снадзі да зарэзу ўсепаленьня а аброку.
43 І крукі з даланю ўшыркі, прымацаваныя ўнутры навокал, навокал, і на сталох мяса на аброкі.
44 І знадворку нутраное брамы былі каморы пяюноў у нутраным панадворку, каторы на баку паўночнае брамы, зьверненыя на паўдня; адна на баку ўсходняе брамы, зьверненая на поўнач.
45 І сказаў ён імне: «Гэта камора, зьверненая на паўдня, ё сьвятаром, што стаяць на варце дому;
46 А камора, зьверненая на поўнач, сьвятаром, што стаяць на варце ля аброчніка: гэта сынове Садокавы меж сыноў Левавых, каторыя дабліжыліся да СПАДАРА, служыць Яму».
47 І памераў ён панадворак — сто локцяў удаўжкі і сто локцяў ушыркі, чатыракутні; а аброчнік перад домам.
48 І прывёў мяне да ґанку дому, і памераў стоўп ґанку — пяць локцяў на гэтым баку і пяць локцяў на гэным баку, і шырыня брамы тры локці на гэтым баку і тры локці на гэным баку.
49 Удаўжкі ґанак дваццаць локцяў, а ўшыркі адзінанцаць локцяў; і прывёў мяне ўступцамі, каторымі ўходзяць да яго; і былі падпоры ля стаўпоў, адна на гэтым баку а другая на гэным баку.
Иезекииль 40 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча