Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 43 глава

1 І павёў ён мяне да брамы, накіраванай на ўсход,
2 і вось, слава Бога Ізраэля прыходзіла з усходу, і голас Яго — быццам гук многіх водаў, і зямля свяцілася ад Яго велічы.
3 І ўбачыў я бачанне, роўнае таму, якое бачыў я тады, калі прыйшоў, каб знішчыць горад, і з’ява была падобная да той, якую бачыў я над ракой Кэбар, і я ўпаў на твар свой.
4 І веліч Госпада ўвайшла ў святыню праз браму, што была накіраваная на ўсход.
5 І падняў мяне дух, і занёс мяне на ўнутраны панадворак, і вось, дом быў поўны славы Госпада.
6 І пачуў я, як нехта гаварыў да мяне з боку святыні, а тым часам той чалавек стаяў яшчэ пры мне,
7 і сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, гэта месца пасада Майго і месца слядоў ног Маіх, дзе Я буду вечна жыць сярод ізраэльцаў; ужо дом Ізраэля не апаганіць Майго святога імя — ані ён сам, ані цары яго — распустай сваёю і трупамі сваіх цароў у смерці іх,
8 якія свой парог памясцілі побач з Маім парогам і свае вушакі побач з Маімі вушакамі, і сцяна была паміж Мною і імі, і апаганілі яны імя Маё святое агіднасцямі, якіх дапусціліся; дзеля таго Я вынішчыў іх у гневе Маім.
9 Такім чынам, цяпер будуць яны трымаць далёка ад Мяне сваю нявернасць і трупы сваіх цароў, і Я буду жыць сярод іх заўсёды.
10 А ты, сын чалавечы, пакажы дому Ізраэля святыню, і хай засаромеюцца яны з-за правіннасцей сваіх і змераць будынак.
11 І калі яны засаромеюцца з прычыны ўсяго, што зрабілі, намалюй ім дом і яго ўладкаванне, выхады і ўваходы ды ўвесь выгляд яго і ўсе правілы яго, ды паведамі ім усе яго законы, і запішы іх перад іх вачамі, каб захавалі ўвесь выгляд яго і яго пастановы і каб спаўнялі іх.
12 Гэта ёсць закон дома на вяршыні гары: увесь абшар вакол яго — гэта святое з святых; такім чынам, гэта — закон дома».
13 А вось такія памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць па адным локці і адной далоні; паглыбленне для яго было вышынёю ў локаць і шырынёю ў локаць; і яго абрамаванне на краі яго кругом было ў далонь. А такая была вышыня ахвярніка:
14 ад паглыблення ў зямлі аж да ніжняга выступа — два локці, і шырыня — адзін локаць; і ад меншага выступа аж да большага выступа — чатыры локці, і шырыня — адзін локаць.
15 А вогнішча на ахвяры было на чатыры локці, і з вогнішча тырчалі ўніз чатыры рогі.
16 І вогнішча на ахвяры было даўжынёю ў дванаццаць локцяў пры шырыні ў дванаццаць локцяў, чатырохкутнае, з бакамі роўнымі.
17 І выступ быў даўжынёю ў чатырнаццаць локцяў і ў чатырнаццаць локцяў шырыні па чатырох вуглах яго; і абрамаванне кругом яго было на палову локця, і паглыбленне для яго — адзін локаць кругом; а прыступкі яго былі скіраваныя на ўсход.
18 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, гэта кажа Госпад Бог: “Вось пастановы адносна ахвярніка: тады, калі ён будзе пабудаваны; каб на ім ускладаць цэласпаленні ды каб акрапляць яго крывёй,
19 дасі святарам левітам з роду Садока, якія маюць права набліжацца да Мяне, — кажа Госпад Бог, — каб служыць Мне, маладое цяля як ахвяру за грэх.
20 І возьмеш з яго крыві, пакропіш ёю чатыры рогі яго, поруч чатыры вуглы выступу і абрамаванне кругом, і ачысціш ахвярнік, дакончваючы на ім перамольванне.
21 І возьмеш цяля, якое будзе ахвяравана за грэх, і спаліш яго на прызначаным месцы дома па-за свяцілішчам.
22 І на другі дзень ахвяруеш казла з казінага статка, без заганы, як ахвяру за грэх, і ачысцяць ахвярнік так, як ачысцілі пры ахвяраванні маладога цяляці.
23 І калі скончыш яго ачышчэнне, ахвяруеш маладое цяля са статка, без заганы, а таксама барана са статка, без заганы;
24 і ахвяруеш іх перад абліччам Госпада, а святары кінуць на іх соль і ахвяруюць іх Госпаду як ахвяру цэласпалення.
25 Сем дзён штодзень будуць ахвяроўваць казла як ахвяру за грэх, і ахвяруеш цяля маладое са статка і барана са статка — жывёлу без заганы.
26 Сем дзён хай перамаленнем ачышчаюць ахвярнік ад грахоў, і хай ачышчаюць яго і асвячаюць яго.
27 А па тых днях, восьмага дня і пазней, святары будуць ускладаць на ахвярніку вашы ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і Я буду для вас спагадны”, — кажа Госпад Бог».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.