Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Даниил 4 глава

1 Я, Набукаданосар, цешыўся супакоем у сваім доме і радасцю ў сваім палацы;
2 Убачыў я сон, які мяне перапалохаў, і стрывожылі мяне думкі на маім ложку і з’явы ў маёй галаве.
3 Ды выдаў я загад, каб прывялі да мяне ўсіх мудрацоў бабілонскіх, каб яны далі мне выясненне сну.
4 Тады з’явіліся прадказальнікі, варажбіты, халдэйцы, і астролагі; і расказаў я ім сон, і выяснення яго не далі мне;
5 пакуль, на астатку, не з’явіўся да мяне Даніэль, які называецца паводле імя майго бога — Балтасар і які мае дух святых багоў у самім сабе. І расказаў я яму сон:
6 “Балтасару, кіраўніку прадказальнікаў, ведаю, што ты маеш у сабе дух святых багоў і што ніякая таямніца не робіць табе цяжкасці, вось з’явы майго сну, якія я ўбачыў, і дай мне яго выясненне!
7 З’явы ў маёй галаве на маім ложку былі такія. Глядзеў я, і, вось, дрэва на сярэдзіне зямлі, і яго вышыня — велізарная.
8 Дрэва вялікае і моцнае, і вышыня яго неба даставала; відаць яго было аж з усіх канцоў зямлі.
9 Лісты яго — найпрыгажэйшыя, і плады яго — шчодрыя, і давала яно ежу ўсім. Пад ім жылі палявыя звяры, і на яго галінах жылі птушкі паднебныя, і з яго кармілася ўсё жывое.
10 Глядзеў я ў з’явах у маёй галаве на маім ложку, і, вось, Вартуючы і Святы сышоў з неба.
11 Закрычаў Ён голасна ды так казаў: “Ссячыце дрэва і абрэжце галіны яго, абтрасіце лісты і адкіньце плады яго. Хай звяры бягуць з-пад яго, і птушкі — з галінаў яго.
12 Але пень яго каранёў пакіньце ў зямлі і ў кайданах з жалеза і медзі сярод палявых траў, хай палівае яго раса з неба, і траву палявую хай дзеліць са звярамі дзікімі.
13 Яго чалавечае сэрца хай зменіцца, і хай атрымае сэрца звярынае; і хай сем прамежкаў часу над ім праміне!
14 Па рашэнні Вартуючых такі ёсць дэкрэт, і справа вырашана Святымі, каб жывучыя ведалі, што Узвышні ёсць Валадар над людскім царствам, і можа яго даць, каму захоча, і можа паставіць над ім самага ўпакоранага з людзей”.
15 Гэта сон, які ўбачыў я, цар Набукаданосар. Такім чынам, ты, Балтасару, падай мне яго сэнс, бо ўсе мудрацы маёй зямлі не маглі мне выясніць; ты ж можаш, ёсць бо дух святых багоў у табе”».
16 Тады Даніэль, які называўся Балтасар, трапіў на нейкі час у ашаламленне, і думкі яго трывожылі яго. Цар жа сказаў яму ў адказ: «Хай сон і выясненне яго не турбуюць цябе, Балтасару». Балтасар адказаў: «Гаспадару мой, а каб жа сон тычыўся тваіх ворагаў, а яго выясненне тваіх супраціўнікаў.
17 Дрэва, якое ты ўбачыў, высокае і магутнае, вышыня якога даставала да неба, і што было бачным на ўсёй зямлі,
18 і галіны яго найпрыгажэйшыя, і плады яго шчодрыя, і ежа для ўсіх на ім, пад якім жылі звяры палявыя і на галінах якога жылі паднебныя птушкі, —
19 гэта ты, о цару, які вырас і стаў магутным, і веліч твая ўзрасла і дастала аж да неба, і валадарства тваё бачна аж на канцах свету.
20 Адносна ж таго, што цар убачыў Вартуючага і Святога, якія сыходзілі з неба і казалі: “Ссячыце дрэва і знішчыце яго; толькі пень яго каранёў пакіньце ў зямлі ў жалезных і медных кайданах сярод палявых траў; і хай яго палівае раса з неба, і хай мае ўдзел са звярамі дзікімі, аж пакуль не праміне над ім сем прамежкаў часу”, —
21 гэта ёсць выясненне, цару, і рашэнне Узвышняга, якое здзейсніцца на гаспадару маім, цару:
22 і выганяць цябе з паміж людзей, і будзеш пражываць пасярод дзікіх звяроў, і, як валы, будзеш есці траву, і расой з неба будзеш праганяць смагу; таксама сем прамежкаў часу праміне над табой, пакуль не прызнаеш, што Узвышні ёсць Валадар над царствам людскім і даручае яго каму захоча.
23 Тое ж, што дадзена было распараджэнне, каб пакінуць пень каранёў яго, гэта значыць, дрэва пакінуць табе, царства тваё застанецца, калі прызнаеш уладу Неба.
24 Дзеля таго, цару, прымі маю табе раду і выкупі грахі свае ўчынкамі справядлівымі і свае злачынствы — міласэрнасцю да ўбогіх: так можа тваё шчасце прадоўжыцца».
25 Усё гэта споўнілася на цару Набукаданосару.
26 Па дванаццаці месяцах ён прагульваўся ў палацы царства Бабілонскага;
27 і, гаворачы, сказаў цар: «Ці ж не гэта вялікі Бабілон, які я пабудаваў, як палац царскі, сілай магутнасці сваёй ды на славу гонару свайго?»
28 Калі яшчэ слова было на вуснах цара, пачуўся голас з неба: «Табе кажуць, цару Набукаданосару, цараванне тваё спынілася;
29 і выдаляць цябе ад людзей, і пражываць будзеш сярод дзікіх звяроў, траву, як валы, будзеш есці; і праміне сем прамежкаў часу над табою, пакуль не прызнаеш, што Узвышні валадарыць над людскім царствам і дае яго каму захоча».
30 Зараз жа споўнілася прадказанне пра Набукаданосара, і быў ён выгнаны ад людзей, і еў траву, як валы, і расою з неба наталялася цела яго, аж пакуль валасы не выраслі ў яго, як у арлоў, і ногці яго — як у птушак.
31 «Такім чынам, па вызначаных днях я, Набукаданосар, падняў вочы свае ў неба, і вярнуўся да мяне розум мой, і дабраславіў я Узвышняга ды Жывучага навечна праславіў я і ўхваліў, бо ўлада Яго ёсць улада вечная, і валадарства Яго — з пакалення ў пакаленне;
32 і ўсе жыхары зямлі нічога не значаць перад Ім: па Сваёй бо волі Ён распараджаецца як магуццямі неба, так і жыхарамі зямлі, і ніхто не пасупрацівіцца руцэ Яго ды не скажа Яму: “Што робіш?”
33 У той самы час вярнуўся да мяне розум мой, і на гонар царства майго і бляск мой вярнуўся ён да мяне; і магнаты мае, і намеснікі мае адшукалі мяне ды вярнулі мне царскую ўладу, ды далі мне яшчэ большую ўладу.
34 Такім чынам, зараз я, Набукаданосар, хвалю, і слаўлю, і ўзвялічваю Валадара Неба, бо ўсе Яго дзеянні ёсць праўда і дарогі Яго — справядлівасць, і тых, хто ўпадае ў пыхлівасць, можа Ён упакорыць».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.