Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Деяния 24 глава
1 Пасля пяці дзён прыбыў першасвятар Ананія з некалькімі старэйшынамі і з нейкім рытарам Тэртулам, і прадставілі намесніку абвінавачанне супраць Паўлы.
2 І, калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць, кажучы: «Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакоі, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народа,
3 найдастойнейшы Фэлікс, і мы ўсюды ды заўсёды прымаем гэта з выказваннем усякай удзячнасці.
4 А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна нядоўга паслухаў.
5 Мы знайшлі, што гэты чалавек — зараза і выклікае бунты сярод усіх юдэяў у цэлым свеце, і ён — правадыр секты Назарэйцаў,
6 які нават адважыўся спаганіць святыню, дык мы яго схапілі і хацелі судзіць паводле нашага закону.
7 Але прыйшоў трыбун Лісій і з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук,
8 загадаўшы абвінаваўцам яго ісці да цябе. Дык, даследуючы ўсё гэта, ты сам зможаш даведацца ад яго, у чым мы яго вінавацім».
9 І юдэі пацвердзілі, кажучы, што так яно і ёсць.
10 Калі намеснік даў знак Паўлу гаварыць, ён адказаў: «Ведаю, што ты ад многіх гадоў з’яўляешся суддзёю гэтага народа, таму з добрым настроем дам апраўданне ў маёй справе.
11 Можаш пераканацца, што я не больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім дзеля пакланення.
12 І ані ў святыні, ані ў сінагозе, ані ў горадзе не бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падбухторваў людзей на забурэнне.
13 Яны не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць.
14 Да таго, вось, прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў, верачы ва ўсё, што напісана ў законе ды ў прарокаў,
15 маючы таксама ў Богу надзею, што будзе ўваскрэсенне мёртвых, справядлівых і несправядлівых, чаго і самі яны чакаюць.
16 Таму і сам стараюся заўсёды мець бездакорна чыстае сумленне перад Богам і перад людзьмі.
17 Па многіх гадах прыйшоў я да майго народа, каб учыніць міласціны ды ахвяры,
18 і пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў святыні без натоўпу ды без заварухі некаторыя юдэі з Азіі.
19 Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць, калі маюць нешта супраць мяне.
20 А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі ўва мне, калі стаяў я перад радай.
21 Хіба толькі тое, што, стоячы між імі, закрычаў я ўголас: “Судзяць мяне сёння ў вас за веру ва ўваскрэсенне з мёртвых”.
22 Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў справу іх, сказаўшы: «Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лісій».
23 І загадаў сотніку пільнаваць Паўлу і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з яго блізкіх паслугаваць яму і прыходзіць да яго.
24 Па некалькіх днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўлу ды слухаў яго аб веры ў Хрыста.
25 Але калі Паўла стаў апавядаць пра справядлівасць, і пра ўстрыманасць, ды пра суд, што мае быць, Фэлікс, напалоханы, адказаў: «Цяпер даволі, ідзі; пры зручным часе паклічу цябе».
26 Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўлы грошы, каб вызваліў яго, дык таму, часта запрашаючы яго, гутарыў з ім.
27 Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцый Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўлу ўвязненым, хочучы аказаць ласку юдэям.
Деяния 24 глава в переводах