Читай и изучай
Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
От Матфея 11 глава
12 глава »
1 І сталася, калі Ісус скончыў павучанні сваім дванаццаці вучням, Ён перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іх гарадах.
2 А Іаан, пачуўшы ў турме пра Хрыстовы справы, паслаў праз сваіх вучняў
3 сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?
4 І ў адказ Ісус сказаў ім: ідзіце, скажыце Іаану, што вы чуеце і бачыце:
5 сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць; мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесцяць;
6 і шчаслівы, хто не разуверыцца ўва Мне.
7 Калі ж яны пайшлі, Ісус пачаў казаць натоўпам пра Іаана: На што вы выходзілі глядзець у пустэльню? Ці не на трыснёг, што ад ветру гайдаецца?
8 Што ж вы выходзілі ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць шаты, знаходзяцца у царскіх харомах.
9 Што ж вы выходзілі ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і большага, чым прарока.
10 Бо гэта той, пра каго напісана: «Вось, Я пасылаю Майго пасланца перад Тваім абліччам, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою».
11 Сапраўды кажу вам: між народжаных ад жанчын не паўстаў большы за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Нябёсаў большы за яго.
12 Ды ад дзён Іаана Хрысціцеля аж дасюль Царства Нябёсаў бярэцца сілаю, і тыя, што ўжываюць сілу, здабываюць яго.
13 Бо ўсе прарокі і закон прарочылі да Іаана;
14 і калі хочаце прыняць, то ён — Ілія, якому належыць прыйсці.
15 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
16 З кім жа параўнаю гэтае пакаленне? Яно падобнае да дзяцей, што сядзіць на рыначных плошчах і, аклікаючы іншых,
17 кажуць: «Мы ігралі вам на флейце, а вы не скакалі; мы спявалі вам пахавальную песню, а вы не галасілі».
18 Бо прыйшоў Іаан — не есць і не п’е; і яны кажуць: «У ім дэман».
19 Прыйшоў Сын Чалавечы — і есць і п’е; і яны кажуць: «Вось, чалавек — ахвотнік паесці і выпіць, сябар зборшчыкаў падаткаў і грэшнікаў». Ды апраўдалася Мудрасць яе ўчынкамі.
20 Тады Ён пачаў дакараць гарады, дзе адбылося найбольш Яго цудаў, за тое, што яны не пакаяліся:
21 Бяда табе, Харадзіне, бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно ў валасяніцы і попеле пакаяліся.
22 Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў судны дзень, чым вам.
23 А ты, Капернауме, хіба да неба ўзвысішся? Да пекла зыдзем, бо калі б у Садоме адбыліся цуды, што адбыліся ў табе, то ён застаўся б да сённяшняга дня.
24 Але кажу вам, што лягчэй будзе Садомскай зямлі ў судны дзень, чым табе.
25 У той час казаў Ісус у адказ: Усхваляю Цябе, Татухна, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям;
26 Так, Татухна, бо гэта было Табе даспадобы.
27 Усё Мне перададзена Маім Бацькам, і ніхто не ведае Сына, апроч Бацькі; і ніхто не ведае Бацькі, апроч Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
28 Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супакой.
29 Вазьміце Маё ярмо на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я літасцівы і лагодны сэрцам; і знойдзеце спакой вашым душам:
30 бо Маё ярмо лагоднае і Мая ноша лёгкая.

 

От Матфея 11 глава в переводах