Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Галатам 3 глава
ЗАКОН І ВЕРАНеразумныя галаты1 О неразумныя галаты, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз укрыжаванага Езуса Хрыста, хто зачараваў вас?
2 Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі паводле Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць адносна веры?
3 Ці вы такія неразумныя, каб распачатае Духам завяршыць цяпер целам?
4 Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна!
5 Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі, робіць гэта праз учынкі паводле Закону або праз паслухмянасць веры?
Вера Абрагама6 Так, Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць.
7 Дык ведайце, што тыя, хто верыць, гэта сыны Абрагама.
8 І Пісанне, якое прадбачыла, што Бог праз веру апраўдае язычнікаў, ужо Абрагаму абвясціла добрую навіну: «У табе благаслаўлёныя будуць усе народы».
9 Таму тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам.
10 Тыя, хто спадзяецца на ўчынкі паводле Закону, знаходзяцца пад праклёнам, бо напісана: «Пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напісана ў кнізе Закону».
11 А што дзякуючы Закону ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта відавочна, бо справядлівы з веры жыць будзе.
12 Закон жа не з веры, але той, хто выконвае наказы Закону, той жыць будзе дзякуючы ім.
13 Хрыстус адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы праклёнам за нас, бо напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
14 каб благаслаўленне Абрагама праз Хрыста Езуса пашырылася на язычнікаў, каб мы атрымалі праз веру абяцанага Духа.
15 Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не змяняе.
16 Вось жа Абрагаму і ягонаму патомству былі дадзены абяцанні. Не сказана: «І нашчадкам», быццам многім, але як аднаму: «І патомству твайму», якім ёсць Хрыстус.
17 Таму кажу: Запавету, зацверджанага Богам, не адмяняе Закон, дадзены праз чатырыста трыццаць гадоў, каб скасаваць абяцанне.
18 Калі ж спадчына з Закону, то не з абяцання. Абрагама ж адарыў Бог праз абяцанне.
Роля Закону19 Нашто тады Закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не з’явіцца патомак, якому даручана абяцанне, перададзенае праз анёлаў у рукі пасрэдніка.
20 Той, хто адзін, не мае пасрэдніка, а Бог адзін.
21 Ці ж Закон працівіцца абяцанням Божым? Канешне, не. Калі б дадзены быў Закон, які мог бы даць жыццё, то сапраўды, справядлівасць вынікала б з Закону.
22 Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне было дадзена веруючым праз веру ў Езуса Хрыста.
23 Перш чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю Закону да таго часу, калі належала аб’явіцца веры.
24 Таму Закон стаў нашым выхаваўцам, які вядзе да Хрыста, каб мы апраўдаліся дзякуючы веры.
25 Калі ж прыйшла вера, мы ўжо непадуладныя выхаваўцу.
26 Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста.
27 Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.
28 Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе.
29 Калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы.
Галатам 3 глава в переводах