Библия » Пераклад Яна Станкевіча
4 Царств 6 глава
1 І сказалі сыны прароцкія Елісэю: «Вось жа, месца, ідзе мы жывем пры табе, цеснае нам;
2 Пойдзем жа аж да Ёрдану, і возьмем стуль кажны па адным бярне, і зробім сабе месца жыць». Ён сказаў: «Пайдзіце».
3 І сказаў адзін: «Зрабі ласку, пайдзі й ты із слугамі сваімі». І сказаў ён: «Пайду».
4 І пайшоў ізь імі, і прышлі да Ёрдану, і рэзалі дзервы.
5 І як адзін спушчаў бярно, сякіра ягоная звалілася ў ваду. І закрычэў ён, і сказаў: «Ах, спадару мой! а яна пазычаная».
6 І сказаў чалавек Божы: «Ідзе, ідзе яна звалілася?» Ён паказаў яму месца. І адсек ён дзерва, і кінуў туды, і ўсплыла сякіра.
7 І сказаў ён: «Вазьмі сабе». Ён выцягнуў руку сваю і ўзяў яе.
8 Кароль Арамскі пайшоў вайною на Ізраялян і радзіўся із служцамі сваімі, кажучы: «У такім а такім месцу будзе табар мой».
9 І паслаў чалавек Божы да караля Ізраельскага, кажучы: «Сьцеражыся праходзіць гэным месцам, бо там Арамляне заляглі».
10 І пасылаў кароль Ізраельскі на тое месца, праз каторае наказаў чалавек Божы яму і перасьцерагаў яго; і ўсьцярогся там, не аднойчы ані двойчы.
11 І затрывожылася сэрца караля Арамскага з гэтага стацьця, і гукнуў ён слугаў сваіх, і сказаў ім: «Ці ня скажаце імне, хто з нашых із каралём Ізраельскім?»
12 І сказаў адзін із служцоў ягоных: «Не, спадару мой, каролю, а Елісэй прарока, каторы ў Ізраеля, наказуе каралю Ізраельскаму словы, што ты гукаеш у спальні сваёй».
13 І сказаў ён: «Пайдзіце й паглядзіце, ідзе ён; я пашлю й вазьму яго». І наказалі яму, кажучы: «Вось, ён у Дофане».
14 І паслаў туды коні а цялежкі а шмат войска. І прышлі ночы, і абступілі месца.
15 І ўстаў паслугачы чалавека Божага нараніцы, і вышаў, і вось, войска абступае месца, і коні, і цялежкі. І сказаў яму маладзён ягоны: «Бяда! спадару мой, што маем рабіць?»
16 І сказаў ён: «Ня бойся, бо тых, што з намі, болей, чымся тых, што зь імі».
17 І маліўся Елісэй, і сказаў: «СПАДАРУ! адчыні, прашу, яму вочы, і ён абача». І адчыніў СПАДАР вочы паслугачаму, і ён абачыў, і вось, уся гара напоўнена коньмі а цялежкамі агнянымі навокал Елісэя.
18 Як зышлі да яго Арамляне, Елісэй памаліўся СПАДАРУ і сказаў: «Паразь люд гэты нявісносьцяй». І Ён паразіў іх нявісносьцян, подле слова Елісэявага.
19 І сказаў ім Елісэй: «Гэта ня тая дарога і ня тое месца; ідзіце за імною, я завяду вас да тога чалавека, каторага вы шукаеце». І прывёў іх да Самары.
20 Як яны прышлі да Самары, Елісэй сказаў: «СПАДАРУ! адчыні вочы гэтых, каб яны бачылі». І адчыніў СПАДАР вочы ім, і абачылі, і вось, у сярэдзіне Самары.
21 І сказаў кароль Ізраельскі Елісэю, абачыўшы іх: «Ці не пабіць, пабіць іх, войча мой?»
22 І сказаў ён: «Не забівай, ціж мячом сваім а лукам сваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Пастаў хлеб і ваду перад відам іхным; хай ядуць і п’юць, і пойдуць да гаспадара свайго».
23 І прыгатаваў ім вялікую чэсьць, і яны елі й пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі болей аддзелы Арамскія да зямлі Ізраелявае.
24 І было просьле тога: зьбер Вен-Гадад, кароль Арамскі, увесь табар свой, і ўзышоў, і аблёг Самару.
25 І была вялікая галадоў у Самары, як яны аблягалі яе, аж галаву аслову прадавалі па асьмідзясят сыкляў срэбра і чацьвертую часьць каба галубінага памёту — па пяць срэбра.
26 І было: кароль Ізраельскі праходзіў па сьцяне, і жонка загукала да яго, кажучы: «Ратуй, спадару мой, каролю!»
27 І сказаў ён: «Калі не паможа табе СПАДАР, з чаго я памагу табе? ці з току, ці з таўчэльні?»
28 І сказаў ёй кароль: «Што табе?» І сказала: «Гэтая жонка казала імне: "Дай свайго сына, зьямо яго сядні, а сына майго зьямо заўтра".
29 І зварылі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй назаўтрае: "Дай свайго сына, і зьямо яго". Але яна схавала сына свайго».
30 І было, як пачуў кароль словы жончыны, разьдзер адзецьці свае, — а ён праходзіў па сьцяне, — і абачыў люд, і вось, пад сподам зрэб’е на целе ягоным.
31 І сказаў: «Хай тое зробе імне Бог і павяліча, калі застанецца галава Елісэя Шафацёнка на ім сядні».
32 Елісэй жа сядзеў у сваім доме, і старцы сядзелі ў яго. І паслаў кароль чалавека ад сябе. Уперад чымся прышоў пасланец да яго, ён сказаў старцом: «Ці бачыце, што гэты сын убіўцы паслаў зьняць ізь мяне галаву? Глядзіце, як прыйдзе пасланец, зачыніце дзьверы й прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось, ці ня тупат ног спадара ягонага за ім!»
33 Яшчэ гукаў ён ізь імі, і вось, пасланец зыходзе да яго; і сказаў: «Вось, якая бяда ад СПАДАРА! чаго імне наперад ждаць ад СПАДАРА?»
4 Царств 6 глава в переводах