Библия » Пераклад П. Татарыновіча
Галатам 5 глава
1 Стойце восьжа пры вольнасьці, якою вызваліў нас Хрыстус, не паддавайцеся зноў ярму няволі.
2 Вось я, Павал, гавару вам: калі паддасьцеся абразанню, ад Хрыстуса ня будзе вам ніякае ўспамогі;
3 і датаго сьветчу кажнаму, хто паддаецца абразанню, што ёнжа забавязаны спаўняць увесь Закон.
4 Вы, шукаючыя апраўдання ў Законе, вызбыліся Хрыстуса, адпалі ад ласкі;
5 а мы ў духу зь веры надзеемся апраўдання;
6 бо ў Хрыстусе Езусе ня ёсьць важнае абразанне, ці неабразанне, але вера дзейная праз любасьць.
7 Вы паступалі добра: хто убіў вам у голаў, ня слухаць праўды?
8 Гэткі нагавор не ад таго, хто вас кліча.
9 Крыха закваскі усё цеста квасіць.
10 Маю аднак адносна вас надзею на Усеспадара, што ня інакш думаць будзеце (як я), а той, хто зводзіць вас, панясе засуд, кімбы ён ні быў.
11 Заштож цярплю яшчэ прасьлед, браты, калі я і цяпер прапаведую абразанне? Тады спыняласяб ужо згоршанне з крыжа.
12 О, каліб-то зусім былі аддалены тыя, што вас бянтэжаць!
13 Бо вы, браты, пакліканы да свабоды, абы толькі гэтай свабоды ня выкарыствалі на дагаджанне целу, але на ўзаемную услугу праз любасьць.
14 Увесь бо Закон поўніцца ў вадным сказе: Любі бліжняга твайго, як сябе самога.
15 А калі вы адзін другога кусаеце й пажыраеце, глядзеце, каб і ня згубілі адзін другога.
16 Кажу восьжа: водле духа паступаеце, а пажадлівасьцям цела не патурайце;
17 бо цела пажадае проці духа, а дух проці цела: яны супярэчаць адно другому, так што вы ня можаце рабіць тое, што-б хацелі.
18 Калі-ж вамі кіруе дух, дык вы не пад Законам.
19 Учынкі цела ведамы, як: блудадзейства, распуста, бясстыдзтва, разнузданасьць,
20 балванахвальства, чараўніцтва, гэрэзыі, ростыркі, сваркі, закатная злосьць, варожасьць, гнеў, забойствы,
21 ненавісьць, зайдрасьць, п’янства й гуляцкае абжорства ды ўсяму гэтаму падобнае; аб чым упераджаю, як і раней упераджаў, што гэтак паступаючыя Валадарства Божага не унасьледзяць.
22 А плод Духа: любасьць, радасьць, згодалюбнасьць, цярплівасьць, ветлівая лагоднасьць, дабрата, міласэрдзе,
23 вернасьць, ціхая скромнасьць, паўстрымнасьць. На гэткіх то няма Закону.
24 А тые, што належаць да Хрыстуса, цела сваё зь ягонымі похацямі й прыжадлівасьцямі ўкрыжавалі.
25 Калі жывём духам, дык водле духа і паступаем.
26 Ня будзьма пустахваламі, задзіракамі між сабою, адзін другому завідуючы.
Галатам 5 глава в переводах