Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Галатам 5 глава
Сутнасць хрысціянскай свабоды1 Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі.
2 Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа.
3 Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон.
4 Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі.
5 Мы ж у Духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру.
6 Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
Трыванне ў праўдзе7 Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
8 Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча.
9 Малая закваска квасіць усё цеста.
10 Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў.
11 Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму надалей мяне пераследуюць? Бо тады знікла б згаршэнне крыжа.
12 О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!
Свабода і любоў13 Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.
14 Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе.
15 Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!
Учынкі цела і плады Духа16 Я кажу: паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела.
17 Бо жаданні цела супярэчаць Духу, а Дух супярэчыць целу, таму што яны супрацьстаяць адзін аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б.
18 Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам.
19 Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
20 ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі,
21 нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
22 А плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць,
23 далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону.
24 А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю.
25 Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.
26 Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.
Галатам 5 глава в переводах