Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
От Луки 9 глава
1 Склікаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і вылечваць хваробы
2 і паслаў іх абвяшчаць Царства Божае і вылечваць [нямоглых],
3 і сказаў ім: Нічога не бярыце ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і не майце па два хітоны.
4 І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу.
5 А калі дзе не прымуць вас, выходзячы з таго горада, абтрасіце пыл з вашых ног у сведчанне на іх.
6 І, выйшаўшы, яны праходўзілі па сёлах, дабравесцячы і вылечваючы ўсюду.
7 Пачуў жа пра ўсе выдарэнні Ірад чацвёраўладнік і не ведаў, што і думаць, бо некаторыя казалі, што Іаан быў уваскрэшаны з мёртвых,
8 а некаторыя, што Ілія з’явіўся, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
9 І сказаў Ірад: Іаана я абезгаловіў. Хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? — І дамагаўся ўбачыць Яго.
10 А апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што зрабілі. І, узяўшы іх з Сабою, Ён падаўся асобна ў горад, званы Віфсаіда.
11 Але натоўпы, даведаўшыся, пайшлі ўслед за Ім; і Ён, прыняўшы іх, казаў ім пра Царства Божае і тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, вылечыў.
12 А дзень пачаў хіліцца да вечара; і, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: Адпусці натоўп, каб, пайшоўшы ў навакольныя сёлы і вёскі, спыніліся і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльнай мясціне.
13 Ён жа сказаў ім: Вы дайце ім есці. — Яны ж сказалі: Няма ў нас больш як пяць хлябоў ды дзве рыбы, хіба што мы пойдзем і купім яды для ўсяго гэтага народу.
14 Бо было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў Сваім вучням: Рассадзіце іх групамі [прыблізна] па пяцьдзесят.
15 І яны зрабілі так і рассадзілі ўсіх.
16 Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуўшы на неба, добраславіў іх і разламаў, і даваў вучням, каб разносілі натоўпу.
17 І елі і наеліся ўсе, і назбіралі пазасталых у іх кавалкаў дванаццаць кошыкаў.
18 І сталася: калі Ён маліўся на адзіноце, з Ім былі вучні, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: Кім Мяне лічаць натоўпы?
19 Яны ж у адказ сказалі: Іаанам Хрысціцелем, некаторыя ж Іліёю, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
20 І сказаў ім: А вы кім Мяне лічыце? — Пётр жа у адказ сказаў: Хрыстом Божым.
21 Ён жа, забараніўшы ім, загадаў нікому гэтага не казаць,
22 сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець, і быць адрынутым старэйшынамі, першасвятарамі, і кніжнікамі, і быць забітым, а на трэці дзень быць ўваскрэшаным.
23 І да ўсіх казаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і штодня бярэ свой крыж, і ідзе ўслед за Мною.
24 Бо хто хоча сваё жыццё ўратаваць, той загубіць яго; а хто загубіць сваё жыццё дзеля Мяне, той уратуе яго.
25 Бо што за карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а самога сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?
26 Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Бацькавай, і святых Анёлаў.
27 Кажу ж вам па праўдзе: Некаторыя з тых, што стаяць тут, не спазнаюць смерці, як ужо ўбачаць Царства Божае.
28 І сталася: пасля гэтых слоў дзён праз восем Ён, узяўшы Пятра, Іаана і Іякава, узышоў на гару памаліцца.
29 І калі Ён маліўся, выгляд Яго аблічча зрабіўся іншым, Яго ўбранне — белым, бліскучым.
30 І вось два мужы размаўлялі з Ім, гэта былі Маісей і Ілія,
31 што, з’явіўшыся ў славе, казалі пра Яго адыход, які належала Яму здейсніць у Іерусаліме.
32 Пятра ж і тых, хто быў з Ім, змарыў сон; а прачнуўшыся, яны ўбачылі Яго славу і двух мужоў, што стаялі з Ім.
33 І сталася: калі тыя адыходзілі ад Яго, Пётр сказаў Ісусу: Настаўніку, добра нам тут быць, і давайце зробім тры палаткі, адну Табе, адну Маісею і адну Іліі, — не ведаючы, што кажа.
34 І калі ён казаў гэта, паўстала воблака і ахінула іх; яны ж спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
35 І голас пачуўся з воблака, кажучы: Гэта Мой Сын, Абраны; Яго слухайце!
36 І калі голас прагучаў, Ісус апынуўся адзін. І яны маўчалі і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
37 І сталася: на другі дзень, калі яны зышлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
38 І вось, чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: Настаўніку, малю Цябе паглядзець на майго сына, бо Ён адзіны ў мяне.
39 і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго, аж той пену пускае, і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
40 і я прасіў Тваіх вучняў, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
41 У адказ жа Ісус сказаў: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае, дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына!
42 І калі яшчэ той падыходзіў, дэман кінуў яго і скурчыў; але Ісус забараніў нячыстаму духу, і вылечыў хлопца, і аддаў яго бацьку.
43 І ўсе ўразіліся велічы Божай. Калі ўсе дзівіліся ўсяму таму, што рабіў Ісус, Ён сказаў Сваім вучням:
44 Укладзіце сабе ў вушы гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выданы ў людскія рукі.
45 Яны ж не разумелі гэтага слова. І яно было закрыта ад іх, так што яны не спазналі яго, і яны баяліся спытацца ў Яго аб гэтым слове.
46 І прыйшло ім на думку, хто з іх большы.
47 Ісус жа, ведаючы думку іх сэрца, узяў дзіцятка і паставіў яго каля Сябе
48 і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіцятка ў Маё імя, Мяне прымае; і хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
49 У адказ жа Іаан сказаў: Настаўніку, мы бачылі аднаго, што Тваім імем выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі.
50 А Ісус сказаў яму: Не забараняйце; бо хто не супроць вас, той за вас.
51 І сталася: калі спаўняліся дні Яго ўзяцця ў неба, Ён цвёрда скіраваў Сваё аблічча да Іерусаліма.
52 І выслаў перад Сабою пасланцоў. І, выправіўшыся, тыя ўвайшлі ў самарыцянскае сяло, каб падрыхтаваць усё для Яго.
53 Ды не прынялі Яго, бо Яго аблічча выдавала, што Ён ідзе ў Іерусалім.
54 Убачыўшы ж гэта, [Яго] вучні Іякаў і Іаан сказалі: Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб агонь зышоў з неба і знішчыў іх, [як і Ілія зрабіў].
55 Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, [і сказаў: Не ведаеце, якога вы духа:
56 бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць.] І яны пайшлі ў другое сяло.
57 І [сталася:] калі яны ішлі, хтосьці ў дарозе сказаў Яму: Я пайду ўслед з Табою, куды б Ты, [Госпадзе], ні ішоў.
58 І сказаў яму Ісус: Лісы маюць норы, і нябесныя птушкі — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць.
59 І сказаў другому: Ідзі ўслед за Мною. — Ён жа сказаў: Госпадзе, дазволь Мне пайсці спярша пахаваць майго бацьку.
60 Але Ён сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. Ты ж ідзі і абвяшчай Царства Божае.
61 Сказаў жа і другі: Я пайду ўслед за Табою, Госпадзе; але спярша дазволь мне развітацца з маімі дамашнімі.
62 Ісус сказаў [яму]: Ніводны чалавек, хто паклаў [сваю] руку на плуг і азіраецца назад, не прыдатны для Царства Божага.
От Луки 9 глава в переводах