Читай и изучай

Библия » Пераклад Анатоля Клышкi

Деяния 27 глава

1 І калі было вырашана, каб адплысці нам у Італію, то Паўла і некаторых іншых вязняў перадалі сотніку імем Юлій з Аўгуставай кагорты.
2 І, узышоўшы на адрамітыйскі карабель, які меўся плыць у месцы, што былі ўздоўж азійскага пабярэжжа, мы адплылі, і з намі быў Арыстарх, македонец з Фесалонікі.
3 І на другі дзень мы прысталі ў Сідоне, і Юлій, чалавекалюбна ставячыся да Паўла, дазволіў яму пайсці да сяброў, каб пакарыстацца іх апекаю на дарогу.
4 І, ад’ехаўшы адтуль, мы плылі пад прыкрыццём Кіпра, бо вятры былі стрэчныя.
5 І, пераплыўшы мора ўздоўж Кілікіі і Памфіліі, мы прыйшлі ў Міры Лікійскія.
6 І там сотнік, знайшоўшы александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго.
7 І, даволі шмат дзён павольна плывучы і з цяжкасцю дайшоўшы да Кніда — вецер не дазваляў нам ісці далей — мы падплылі да Крыта каля Салмоны,
8 і, з цяжкасцю прабіраючыся ўздоўж яго, мы прыйшлі ў адно месца, якое завецца Добрыя Прыстані, паблізу якога быў горад Ласея.
9 І калі мінула даволі шмат часу і было ўжо небясечным плаванне, бо і пост ужо мінуўся, то Павел раіў,
10 кажучы ім: Мужы, бачу я, што гэтае плаванне будзе са шкодаю і вялікаю стратаю не толькі для грузу і карабля, але і для нашых жыццяў.
11 Але сотнік давяраў больш стырнавому і ўладальніку карабля, чым таму, што казаў Павел.
12 А як прыстань была непрыдатная для зімоўкі, то большасць раіла адплываць адтуль — ці не змогуць яны як-небудзь дабрацца да Фініка і перазімаваць у крыцкай гавані, адкрытай на паўднёвы і паўночны захад.
13 І калі злёгку падзьмуў паўднёвы вецер, яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, паднялі якар і паплылі ўздоўж Крыта, трымаючыся берага.
14 Але неўзабаве абрынуўся з боку Крыта ўраганны вецер, які называецца эўракілан.
15 І калі карабель захапіла і ён не мог сураціўляцца ветру, мы аддаліся яму і нас насіла.
16 І, увайшоўшы пад прыкрыццё аднаго астраўка, што называецца Каўда, мы з цяжкасцю змаглі даць рады лодцы.
17 І, падняўшы яе, ужылі дапаможны рыштунак, каб абвязаць карабель. І баючыся, каб не выкінула на Сірт, спусцілі снасці, і так усіх насіла.
18 І таму што нас моцна шпурляла бураю, на другі дзень карабельшчыкі пачалі выкідаць груз;
19 а на трэці дзень сваімі рукамі павыкідалі карабельнае начынне.
20 І калі многа дзён не паказвалася ні сонца, ні зорак і калі налягала немалая бура, пачала ўрэшце прападаць усялякая надзея, каб нам уратавацца.
21 І калі доўга людзі былі без яды, тады Павел, стаўшы пасярод іх, сказаў: Трэба было, о мужы, паслухаўшыся мяне, не ад’язджаць з Крыта і не несці гэтай шкоды і страты.
22 А цяпер я раю вам падбадзёрыцца, бо не будзе ніводнай згубы жыцця сярод вас, апрача страты карабля.
23 Бо гэтай ночы Анёл Божы, Якому [я] належу і Якому служу, стаў каля мяне
24 і сказаў: «Не бойся, Паўле, табе трэба стаць перад цэзарам і вось, Бог дараваў табе ўсіх, хто плыве з табою».
25 Таму падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, якраз такім чынам, як мне сказана.
26 Нас жа павінна выкінуць на нейкі востраў.
27 А калі надышла чатырнаццатая ноч, як нас насіла ў Адрыятычным моры, каля апоўначы маракі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да некай зямлі.
28 І, змерыўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; і, прайшоўшы крыху, зноў змерылі, знайшлі пятнаццаць сажняў.
29 І, баючыся, як бы не наскочыць нам куды-небудзь на камяністыя мясціны, яны, кінуўшы з кармы чатыры якары, маліліся, каб настаў дзень.
30 Калі ж маракі спрабавалі ўцячы з карабля і, спусціўшы лодку ў мора, робячы выгляд, што збіраюцца расцягнуць якары з носа,
31 Павел сказаў сотніку і воінам: Калі гэтыя людзі не застануцца на караблі, то вы не зможаце ўратавацца.
32 Тады воіны адсеклі вяроўкі ў лодкі і далі ёй упасці.
33 І перад тым, як збіралася днець, Павел заклікаў усіх прыняць ежу, кажучы: Сёння чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканні, застаецеся галоднымі, нічога не прымаючы.
34 Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта паслужыць для вашага выратавання; бо ў нікога з вас волас з галавы не прападзе.
35 І, сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы, пачаў есці.
36 І ўсе падбадзёрыліся і самі прынялі ежу.
37 А было на караблі ўсіх нас душ — дзвесце семдзесят шэсць.
38 І, падсілкаваўшыся, яны пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
39 А калі настаў дзень, зямлю яны не пазнавалі, але распазналі нейкую затоку са спадзістым берагам, на які, яны вырашылі, калі змогуць, вывесці карабель.
40 І, зняўшы якары, пакінулі іх у моры, адначасова развязаўшы вяроўкі стырнаў; і, падняўшы пад вецер пярэдні ветразь, кіраваліся да берага.
41 Але трапіўшы на водмель, паабапал якой было мора, яны пасадзілі на яе судна; і нос угруз і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца сілаю [хваляў].
42 І рашэннем воінаў было забіць вязняў, каб хто-небудзь, выплыўшы, не ўцёк.
43 Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, перашкодзіў ім у іх намеры і загадаў усім, хто мог плыць, першымі кінуцца і выйсці на зямлю,
44 а астатнім — за імі, адным на дошках, другім — на чым-небудзь ад карабля. І так выйшла, што ўсе выратаваліся, выбраўшыся на зямлю.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.