Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Деяния 27 глава

Дарога ў Рым1 Калі было вырашана, што мы паплывем у Італію, Паўла і некаторых іншых вязняў аддалі сотніку па імені Юлій з кагорты цэзара.
2 Мы селі на адраміцкі карабель, які меў плыць каля азіяцкіх мясцін. З намі быў Арыстарх, македонец з Тэсалонікі.
3 На другі дзень мы прысталі ў Сідоне. Юлій ставіўся да Паўла добразычліва і дазволіў яму наведаць сяброў і скарыстаць з іх апекі.
4 Адправіўшыся адтуль, мы прыбылі на Кіпр, бо дзьмулі супраціўныя вятры.
5 Пераплыўшы мора каля Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Ліцыйскую Міру.
6 Там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
7 Плывучы паволі шмат дзён, мы з цяжкасцю дабраліся да ваколіцы Кнідаса. Паколькі вецер не пускаў нас далей, мы падплылі да Крыта насупраць Сальмона.
8 А калі ледзьве мінулі яго, прыплылі да месца, якое завецца Добрыя Прыстані, непадалёк ад горада Ласая.
9 Калі прайшло ўжо шмат часу і плаванне было небяспечным, а пост ужо скончыўся, Павел пачаў асцерагаць,
10 кажучы ім: «Мужы, я бачу што плаванне будзе цяжкім і з вялікай шкодаю не толькі для грузу і карабля, але і для нашага жыцця».
11 Але сотнік больш давяраў стырнавому і ўладальніку карабля, чым словам Паўла.
12 Паколькі прыстань была непрыстасаваная для зімоўкі, большасць раіла адплысці адтуль, каб, калі можна, дабрацца да Фенікса і перазімаваць у гэтай крыцкай прыстані, адкрытай на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
Бура на моры13 Калі ж падзьмуў паўднёвы вецер, яны, мяркуючы, што ўжо дасягнуць сваёй мэты, паднялі якары і паплылі ўзджоўж узбярэжжа Крыта.
14 Але неўзабаве наляцеў з боку вострава ўраганны вецер, які называецца эўракілон.
15 Карабель падхапіла так, што ён не мог працівіцца ветру, таму мы паддаліся і нас панесла.
16 Падплыўшы да пэўнага вострава, які завецца Каўда, мы ледзьве ўтрымалі ратавальную лодку.
17 Падняўшы яе, мы сталі выкарыстоўваць дапаможныя сродкі, каб абвязаць карабель. Баючыся наляцець на Сірт, мы спусцілі плаваючы якар, і так нас насіла.
18 Паколькі бура пачала нас моцна гнаць, на другі дзень мы сталі выкідаць груз.
19 А на трэці — сваімі рукамі паскідалі з карабля аснастку.
20 Калі многа дзён не паказвалася ні сонца, ні зоркі, а моцная бура налягала, знікла ўсякая надзея на нашае выратаванне.
21 Паколькі доўга не елі, Павел стаў сярод іх і сказаў: «Мужы, трэба было слухацца мяне і не адплываць з Крыта, тады мы абмінулі б гэтыя пакуты і страты.
22 Цяпер жа прашу вас бадзёрыцца, таму што ніводзін з вас не загіне, толькі карабель.
23 Бо сёння ўначы з’явіўся мне анёл Бога, якому належу і якому служу,
24 і сказаў: “Не бойся, Павел, бо табе трэба з’явіцца перад цэзарам, і вось, Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою”.
25 Таму бадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што так станецца, як мне было сказана.
26 Нас павінна выкінуць на нейкі востраў».
27 На чатырнаццатую ноч, як мы блукалі па Адрыятыцы, каля поўначы маракі пачалі здагадвацца, што яны набліжаюцца да нейкай зямлі.
28 Калі памералі глыбіню, атрымалася дваццаць сажняў. Адплыўшы крыху далей, памералі зноў, атрымалася пятнаццаць сажняў.
29 Баючыся трапіць на камяністыя месцы, мы кінулі з кармы чатыры якары і маліліся, каб настаў дзень.
30 Калі ж маракі хацелі ўцячы з карабля і спусцілі лодку на мора, робячы выгляд, нібы хочуць закінуць якар з носа,
31 Павел сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце ўратавацца».
32 Тады жаўнеры перарэзалі вяроўкі на лодцы, і яна ўпала.
33 Перад наступленнем дня Павел угаворваў усіх падсілкавацца, кажучы: «Сёння чатырнаццаты дзень вы чакаеце без ежы, не спажываючы нічога.
34 Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта для вашага ўратавання, таму што нікому з вас не ўпадзе волас з галавы».
35 Сказаўшы гэта, узяў хлеб і падзякаваў Богу перад усімі і, паламаўшы, стаў есці.
36 Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу.
37 Было ж нас усіх на караблі дзвесце семдзесят чалавек.
38 Наеўшыся, яны сталі аблягчаць карабель, выкідаючы збожжа ў мора.
Караблекрушэнне39 Калі настаў дзень, яны не распазналі зямлі, але ўбачылі нейкі заліў з пясчаным берагам, куды вырашылі прыстаць з караблём.
40 Абрэзаўшы якары і пакінуўшы іх у моры, аслабілі вяроўкі стырна і, падняўшы пярэдні ветразь па ветры, скіраваліся да берага.
41 Аднак натрапілі на мель і пасадзілі на ёй карабель. Нос карабля зарыўся і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца пад напорам хваляў.
42 Жаўнеры вырашылі пазабіваць вязняў, каб ніхто, выплыўшы, не ўцёк.
43 Але сотнік, жадаючы ўратаваць Паўла, стрымаў іх ад гэтага і загадаў усім, хто ўмее плаваць, першымі выскачыць і выйсці на бераг.
44 Астатнія плылі, хто на дошках, хто на чым-небудзь з карабля. Такім чынам усе бяспечна дабраліся да берага.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.