Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 2 глава
1 І сказаў Салямон пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА і дом для валадарства свайго.
2 І прызначыў Салямон семдзясят тысячаў чалавек насіць цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над імі.
3 І паслаў Салямон да Хурама, валадара Тыру, кажучы: «Як ты дапамагаў Давіду, бацьку майму, і пасылаў яму кедры, каб ён пабудаваў дом, каб жыць у ім, так зрабі і мне.
4 Вось, я будую Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, каб сьвяціць Яго і кадзіць перад абліччам Ягоным пахкае кадзіла, і каб заўсёды [былі там] хлябы пакладныя і цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, у суботы і ў маладзік, і ва ўрачыстасьці ГОСПАДА, Бога нашага. Гэта на вякі ў Ізраілі.
5 І Дом гэты, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, [большы] за ўсіх багоў.
6 І ці стане ў каго сілы пабудаваць Дом для Яго, бо неба і нябёсы нябёсаў не зьмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Дом для Яго? Хіба толькі [магу] кадзіць перад абліччам Ягоным.
7 І цяпер прышлі мне чалавека мудрага, каб працаваць з золатам і срэбрам, з медзьдзю, жалезам, пурпурам, кармазынам і блакітам, які ўмее выразаць рэзьбы, [каб працаваць] з мудрымі людзьмі, якія ў мяне ў Юдзе і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
8 І пашлі мне дрэва кедровае, кіпарысавае і сандалавае з Лібану, бо я ведаю, што слугі твае ўмеюць сячы дрэвы ў Лібане. І вось, слугі мае [будуць] са слугамі тваімі,
9 каб падрыхтаваць мне шмат дрэва, бо Дом, які я будую, [будзе] вялікі і цудоўны.
10 І вось, для дрывасекаў, якія сякуць дрэвы, слугаў тваіх, я даў на ежу дваццаць тысячаў кораў пшаніцы, і дваццаць тысячаў кораў ячменю, і дваццаць тысячаў батаў віна, і дваццаць тысячаў батаў алею».
11 І сказаў Хурам, валадар Тыру, у лісьце, і паслаў Салямону: «Палюбіў ГОСПАД народ Свой, і паставіў цябе за валадара над ім».
12 І сказаў Хурам: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які ўчыніў неба і зямлю, Які даў Давіду валадару сына мудрага, які мае розум і веданьне, які пабудуе Дом ГОСПАДУ і дом для валадарства свайго.
13 І цяпер я паслаў чалавека мудрага, які мае веданьне і ўменьні, Хурам-Абію,
14 сына жанчыны з дачок Дана, і бацькі ягонага, чалавека з Тыру. Ён умее рабіць з золата, срэбра, медзі, жалеза, камяня, дрэва, пурпуру, блакіту, вісону і кармазыну; і выразаць усялякую разьбу, і майстраваць усялякае мастацтва, якое будзе дадзена яму [рабіць] з майстрамі тваімі і майстрамі пана майго Давіда, бацькі твайго.
15 І цяпер пшаніцу, ячмень, алей і віно, пра якія гаварыў гаспадар мой, пашлі для слугаў тваіх.
16 І мы будзем сячы дрэвы з Лібану, паводле ўсіх патрэбаў тваіх, і прыгонім іх табе плытамі па моры ў Яфу, і ты завязеш іх у Ерусалім».
17 І палічыў Салямон усіх прыхадняў, якія ў зямлі Ізраіля, пасьля сьпісу, якім палічыў іх Давід, бацька ягоны, і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шэсьцьсот.
18 І прызначыў ён з іх семдзясят тысячаў для нашэньня цяжараў, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над працамі народу гэтага.
2 Паралипоменон 2 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча