Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 23 глава

1 А ў сёмы год умацаваўся Егаяда, і заключыў запавет з начальнікамі сотняў: Азарыяй, сынам Ерахама, Ізмаэлем, сынам Егаханана, Азарыяй, сынам Адэда, Маасэем, сынам Адая, Элішафатам, сынам Зіхры.
2 І яны абыйшлі Юду, і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юды і галоваў [дамоў] бацькоў Ізраіля, і прыйшлі ў Ерусалім.
3 І ўся царква заключыла запавет з валадаром у Доме ГОСПАДА. І [Егаяда] сказаў ім: «Вось, сын валадара мае валадарыць, як ГОСПАД сказаў пра сыноў Давіда.
4 Гэтую рэч маеце рабіць: траціна з вас, якія прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, [будзе] прыдзьвернікамі пры парогах [Дому Божага],
5 і траціна — у доме валадара, і траціна — пры браме Есод, а ўвесь народ [будзе] на панадворках Дому ГОСПАДА.
6 І ніхто няхай не ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, акрамя сьвятароў і лявітаў, якія служаць. Яны маюць увайсьці, бо яны — пасьвячоныя, а ўвесь народ няхай захоўвае загады ГОСПАДА.
7 І няхай лявіты аточаць валадара вакол, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у Дом, няхай будзе забіты. І будзьце пры валадары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць».
8 І зрабілі лявіты і ўвесь Юда паводле ўсяго, што загадаў Егаяда сьвятар, і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу і якія адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў Егаяда сьвятар чэргаў [лявітаў].
9 І раздаў Егаяда сьвятар начальнікам сотняў дзіды, тарчы і шчыты, якія [зрабіў] валадар Давід і якія [былі] ў Доме Божым,
10 і паставіў увесь народ, і кожны меў зброю сваю ў руцэ сваёй, ад правага боку Дому аж да левага боку Дому, перад ахвярнікамі і каля Дому навокал валадара.
11 І вывялі сына валадара, і ўлажылі на яго карону, і [далі яму Каўчэг] Сьведчаньня, і паставілі яго валадаром; і Егаяда і сыны ягоныя памазалі яго, і сказалі: «Няхай жыве валадар!»
12 І пачула Аталія голас народу, які бегаў і славіў валадара, і выйшла да народу ў Дом ГОСПАДА.
13 І ўбачыла яна, і вось, валадар стаіць на ўзвышэньні каля ўваходу, і начальнікі, і трубы пры валадары, і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубіць у трубы, і сьпевакі з музычнымі інструмэнтамі кіруюць хвалою. І разьдзерла Аталія шаты свае, і закрычала: «Змова! Змова!»
14 І вывеў Егаяда сьвятар начальнікаў сотняў, якія былі пастаўленыя над войскам, і сказаў ім: «Выведзіце яе з шэрагаў, а хто пойдзе за ёю, няхай будзе забіты мячом». Бо сьвятар сказаў: «Не забівайце яе ў Доме ГОСПАДА».
15 І налажылі рукі на яе, і выйшла яна да ўваходу брамы конскай дому валадара, і там забілі яе.
16 І Егаяда заключыў запавет паміж сабою і паміж усім народам і валадаром, каб яны былі народам ГОСПАДА.
17 І ўвесь народ пайшоў да дому Баала, і зруйнаваў яго, і ахвярнікі ягоныя, і выявы ягоныя разьбілі, і забілі Маттана, сьвятара Баала, перад ахвярнікамі.
18 І Егаяда перадаў урады ў Доме ГОСПАДА ў рукі сьвятароў і лявітаў, якіх Давід прызначыў у Доме ГОСПАДА ахвяраваць цэласпаленьні ГОСПАДУ, як напісана ў Законе Майсея, з радасьцю і сьпяваньнем, паводле пастановы Давіда.
19 І паставіў ён прыдзьвернікаў каля брамаў Дому ГОСПАДА, каб не ўваходзіў ніхто нячысты.
20 І ўзяў ён начальнікаў сотняў, магнатаў, і кіраўнікоў народу, і ўвесь народ зямлі, і вывялі валадара з Дому ГОСПАДА, і прайшлі праз браму найвышэйшую ў дом валадара, і пасадзілі валадара на пасадзе валадарскім.
21 І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад быў у супакоі. А Аталію забілі мячом.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.