Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 23 глава

1 А на сёмы год Ёяда, набраўшыся сілы, прыняў у змову сотнікаў: Азарыю, сына Ерахама, і Ізмаэля, сына Ёганана, таксама Азарыю, сына Абэда, і Маасію, сына Адаі, і Элісафата, сына Зэхры, і з імі ўвайшоў у змову.
2 Яны абышлі зямлю Юдэі ды сабралі левітаў з усіх гарадоў Юдэі і кіраўнікоў родаў Ізраэля і прыбылі ў Ерузалім.
3 Затым уся гэта супольнасць у доме Божым заключыла запавет з царом. Сказаў ім Ёяда: «Вось, сын цара будзе валадарыць, як прадказаў Госпад адносна сыноў Давіда.
4 Дык гэта маеце рабіць.
5 Трэцяя частка вас: са святароў, і левітаў, і прыдзверных, якія спаўняеце службу ў суботу, — будзе ў брамах, трэцяя ж частка — ля дома цара, і трэцяя — уся ў браме, якая завецца Падмуркам; а рэшта народа хай будзе на панадворку святыні Госпада.
6 І хай ніхто іншы не ўваходзіць у дом Госпада, апрача святароў і тых, хто служыць з левітаў; толькі яны ўваходзяць, бо яны асвячоныя. І ўвесь астатні народ хай захавае вернасць Госпаду.
7 А левіты хай акружаць цара з усіх бакоў, маючы кожны зброю сваю ў руках. І калі хто іншы ўвойдзе ў святыню, хай будзе забіты. І будзьце з царом, калі ён будзе ўваходзіць або выходзіць».
8 Дык левіты ды ўсе з Юдэі зрабілі ўсё так, як загадаў ім першасвятар Ёяда. Кожны ўзяў сваіх людзей, якія прыходзілі ў суботу, з тымі, якія выходзілі ў суботу: бо першасвятар Ёяда не дазволіў адысці дружынам, якія звычайна змяняліся кожны тыдзень.
9 І далей першасвятар Ёяда даў сотнікам дзіды, і шчыты, і кальчугі цара Давіда, якія былі ў святыні Божай.
10 І расставіў увесь народ са зброяй у руках вакол цара ўздоўж святыні ад правага боку аж да левага боку перад ахвярнікам і святыняй.
11 І вывелі сына цара, і ўсклалі яму дыядэму і сведчанне ды паставілі яго царом. Таксама Ёяда першасвятар і сыны яго намасцілі яго; і загаманілі ўголас, і сказалі: «Хай жыве цар!»
12 Калі Аталія пачула гоман людзей, якія бегалі і славілі цара, накіравалася яна да народа ў святыню Госпада.
13 Глянула: аж стаіць цар на прыступцы сваёй пры ўваходзе, і князёў, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі, які радуецца і трубіць у трубы, і спевакоў з рознымі музычнымі інструментамі, якія спяваюць гімны хвалы, то раздзерла яна шаты свае і закрычала: «Змова, змова!»
14 А першасвятар Ёяда загадаў сотнікам, што былі над войскам, кажучы: «Выведзіце яе за агароджу святыні. А хто пойдзе за ёй, забіце яе звонку мечам». Бо сказаў першасвятар: «Не забівайце яе ў доме Госпада!»
15 І схапілі яе; і, калі ўваходзіла ў браму, дзе ўязджаюць коні ў палац царскі, забілі яе там.
16 А Ёяда заключыў дамову між сабою і ўсім народам і царом, каб былі народам Госпадавым.
17 Затым увесь народ увайшоў у дом Баала і разбурылі яго, і ахвярнікі і статуі яго паразбівалі; таксама святара Баала Матана забілі перад ахвярнікам.
18 А Ёяда паставіў загадчыкаў у доме Госпадавым пад кіраўніцтвам святароў і левітаў, якіх Давід падзяліў у доме Госпада, каб складалі цэласпаленні Госпаду, як запісана ў законе Майсея, з радасцю і са спевамі па распараджэнні Давіда.
19 Паставіў ён таксама прыдзверных пры брамах святыні Госпадавай, каб часам не ўвайшоў туды хто нячысты ў якой-небудзь справе.
20 І ўзяў сотнікаў і наймужнейшых ваяроў і кіраўнікоў народа ды ўвесь народ зямлі, і вывелі цара з дома Госпада, і пасадзілі яго на пасадзе царскім.
21 І цешыўся ўвесь народ краю, і горад жыў спакойна; а Аталію забілі мечам.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.