Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 8 глава
1 І сталася па заканчэньні дваццатага году, калі Салямон пабудаваў Дом ГОСПАДА і дом свой,
2 што тыя гарады, якія даў Салямону Хурам, забудаваў Салямон і пасяліў там сыноў Ізраіля.
3 І пайшоў Салямон у Хамат-Цову, і перамог яе.
4 І забудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады сьвірнаў, якія пабудаваў у Хамаце.
5 І ён забудаваў Бэт-Харон верхні і Бэт-Харон ніжні, гарады ўмацаваныя, з мурамі, брамамі і заваламі,
6 і Баалат, і ўсе гарады сьвірнаў, якія былі ў Салямона, і ўсе гарады калясьніцаў, і гарады вершнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон пабудаваць у Ерусаліме, і на Лібане, і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня свайго.
7 Увесь народ, які застаўся з Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Гівеяў, якія не з Ізраіля,
8 з сыноў іхніх, якія засталіся пасьля іх у зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраіля, зрабіў Салямон даньнікамі аж да сёньняшняга дня.
9 А сыноў Ізраіля не зрабіў Салямон слугамі пры працы сваёй, бо яны [былі] людзьмі вайсковымі і начальнікамі выбранцоў, і начальнікамі над калясьніцамі ягонымі і вершнікамі ягонымі.
10 І яны былі князямі-намесьнікамі, якія ў валадара Салямона, — дзьвесьце пяцьдзясят, якія мелі ўладу над народам.
11 І перавёў Салямон дачку фараона з гораду Давіда ў дом, які пабудаваў для яе; бо ён казаў: «Ня будзе жыць жонка мая ў доме Давіда, валадара Ізраіля, бо ён сьвяты, бо ўвайшоў у яго Каўчэг ГОСПАДА».
12 Тады Салямон узносіў цэласпаленьні для ГОСПАДА на ахвярніку ГОСПАДА, які ён пабудаваў перад прысенкам,
13 і паводле парадку дня кожны ўзносіў [ахвяры] паводле прыказаньня Майсея ў суботы, у маладзік і на ўрачыстыя сьвяты, тройчы ў год: у сьвята Праснакоў, і ў сьвята Тыдняў, і ў сьвята Намётаў.
14 І ўстанавіў ён паводле вызначэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў для служэньня іхняга і лявітаў паводле абавязкаў іхніх, хваліць і паслугаваць пры сьвятарах, паводле парадку дня на кожны дзень, і прыдзьвернікаў паводле чаргі іхняй пры кожнай браме, бо такое прыказаньне Давіда, чалавека Божага.
15 І не адыходзілі ад прыказаньня валадара адносна сьвятароў і лявітаў у-ва ўсякай справе і адносна скарбонкі.
16 Гэтак была зроблена ўся праца Салямона ад дня закладаньня Дому ГОСПАДА аж да поўнага заканчэньня Дому ГОСПАДА.
17 Тады пайшоў Салямон у Эцыён-Гэбэр і ў Элят, які на беразе мора, у зямлі Эдом.
18 І прыслаў яму Хурам праз рукі слугаў сваіх караблі і слугаў, якія былі знаўцамі мора, і яны паплылі са слугамі Салямона ў Афір, і ўзялі адтуль чатырыста пяцьдзясят талентаў золата, і прывезьлі да валадара Салямона.
2 Паралипоменон 8 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча