Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Екклесиаст 5 глава
1 Ня будзь хуткі вуснамі тваімі, і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымавіць слова перад абліччам Божым, таму што Бог у небе, а ты — на зямлі. Дзеля гэтага няхай словы твае будуць нешматлікімі.
2 Бо ад мноства заняткаў прыходзіць сон, і мноства словаў [мае] голас дурня.
3 Калі абяцаеш абяцаньне Богу, не марудзь выканаць яго, бо Ён ня мае ўпадабаньня да дурняў. Калі што абяцаеш — споўні.
4 Шмат лепш не абяцаць, чым паабяцаць і ня споўніць.
5 Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх цела сваё і не кажы перад анёлам, што гэта памылка; навошта [табе], каб Бог загневаўся на голас твой і зьнішчыў справы рук тваіх.
6 Бо ў мностве сноў і ў памнажэньні словаў — марнасьць, але ты бойся Бога!
7 Калі ты будзеш бачыць прыгнёт беднага і парушэньне суду і праведнасьці ў нейкай акрузе, не зьдзіўляйся гэтым [рэчам], але мей суцяшэньне, бо высокага пільнуе вышэйшы, а над імі — яшчэ вышэйшы.
8 І карысна для зямлі ў-ва ўсім, калі валадар абрабляе поле.
9 Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, той ня будзе мець карысьці [з яго]; і гэта таксама марнасьць.
10 Памнажаюцца даброцьці, памнажаюцца і тыя, што іх зьядаюць; і што за карысьць уласьніку з гэтага, хіба, гледзячы, глядзець вачыма сваімі?
11 Салодкі сон таго, хто працуе, ці мала, ці шмат ён пад’еў, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.
12 Ёсьць ліхая нядоля, якую я бачыў пад сонцам, — багацьце, якое захоўваецца на шкоду таму, хто мае яго.
13 І загінула багацьце тое ў нешчасьлівым выпадку; і нарадзіў ён сына, і няма нічога ў руках ягоных.
14 Бо як выйшаў ён з улоньня маці сваёй голы, так і вернецца назад, як прыйшоў, і нічога не забярэ рукою сваёю з таго, што прыйшло праз цяжкую працу ягоную.
15 І гэта таксама ліхая нядоля: якім прыйшоў, такім і адыйдзе, і якая карысьць яму з таго, што працаваў на вецер?
16 Таксама ўсе дні свае ён еў у цемры, у смутку вялікім, у немачы і прыкрасьці.
17 Вось што я ўбачыў: добра і прыгожа [чалавеку] есьці і піць, і бачыць добры [плод] кожнай цяжкай працы сваёй, якой працаваў пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго, якое даў яму Бог, бо гэта доля ягоная.
18 Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў уладу спажыць гэта, і браць частку сваю, і радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
19 Бо ня будзе ён шмат памятаць пра дні жыцьця свайго, таму Бог дае радасьць у сэрца ягонае.
Екклесиаст 5 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча