Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Иезекииль 35 глава

1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сын чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць гары Сэір і прароч супраць яе.
3 І скажаш ёй: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, гара Сэір, і Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на спусташэньне і разрабаваньне.
4 Гарады твае Я зраблю руінамі, і ты станешся пусткаю, і даведаешся, што Я — ГОСПАД.
5 За тое, што меў ты вечную варожасьць і аддаў сыноў Ізраіля пад меч у час загубы іхняй, падчас беззаконьня канца [іхняга],
6 дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я перамяню цябе ў кроў, і кроў будзе перасьледаваць цябе. Бо ты крыві не зьненавідзеў, таму кроў будзе перасьледаваць цябе.
7 Гару Сэір Я аддам на спусташэньне і разрабаваньне, і вынішчу на ёй таго, хто ідзе, і таго, хто вяртаецца.
8 І Я напоўню забітымі горы твае, і на ўзвышшах тваіх, і ў лагчынах тваіх, і ў-ва ўсіх ярах тваіх будуць падаць пазабіваныя мячом.
9 Я зраблю цябе вечнай пусткаю, гарады твае ня будуць абжытыя, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
10 За тое, што ты сказаў: "Абодва народы і абедзьве зямлі будуць мае, я вазьму іх у спадчыну, хоць там быў ГОСПАД",
11 дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я зраблю табе паводле гневу твайго і паводле зайздрасьці тваёй, якую выказаў ты, маючы нянавісьць да іх. І Я стануся вядомым для іх, калі буду судзіць цябе.
12 І ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, Я чуў усе зьнявагі твае, якія ты казаў супраць гор Ізраіля, кажучы: "Яны спусташэньнем спустошаныя, аддадзеныя нам на ежу".
13 Вы вывышаліся адносна Мяне вуснамі сваімі, і памнажалі супраць Мяне словы вашыя, Я чуў [гэта].
14 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Як узрадуецца ўся зямля, калі Я зраблю цябе пусткаю.
15 І як ты радаваўся, што спадчына дому Ізраіля спустошаная, гэтак сама Я зраблю табе. Пусткаю станецца гара Сэір і ўвесь Эдом, усе вы; і даведаецеся, што Я — ГОСПАД"”.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.