Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Даниил 6 глава
1 Спадабалася Дарыю паставіць над валадарствам сто дваццаць князёў, якія будуць над усім валадарствам,
2 а над імі — трох маршалкаў, адным з якіх [быў] Данііл, каб гэтыя князі давалі справаздачы ім і каб валадар ня меў ніякай страты.
3 Гэты Данііл пераўзыходзіў маршалкаў і князёў, бо ў яго быў дух надзвычайны, і валадар думаў паставіць яго над усім валадарствам.
4 Тады маршалкі і князі шукалі прычыны, каб абвінаваціць Данііла ў справах валадарства, але ніякай прычыны ці заганы не маглі знайсьці, бо ён быў верны, і ніякае занядбаньне ці загана не былі знойдзены ў ім.
5 Тады сказалі тыя людзі: «Мы ня знойдзем супраць Данііла гэтага нейкую прычыну [для абвінавачваньня], хіба толькі знойдзем нешта супраць яго ў Законе Бога ягонага».
6 Тады тыя маршалкі і князі пасьпяшаліся да валадара і гэтак сказалі яму: «Дарый валадар, жыві на вякі!
7 Парадзіліся ўсе маршалкі валадарства, начальнікі, князі, раднікі і ваяводы, каб выдаць пастанову валадарскую і зрабіць пастанову, што калі хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць просьбаю якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, той будзе кінуты ў роў з ільвамі.
8 Цяпер, валадару, зацьвердзь пастанову і падпішы ліст, які ня можа быць зьменены, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».
9 Тады валадар Дарый падпісаў ліст і пастанову.
10 А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны ліст, пайшоў у дом свой, і вокны ў пакоі ягоным былі адчыненыя ў бок Ерусаліму, і тройчы ў дзень ён схіліў калені свае і маліўся, і дзякаваў Богу свайму так, як рабіў перад гэтым.
11 Тады мужы тыя пасьпяшаліся і знайшлі Данііла, які ўзносіў просьбы і маленьні да Бога свайго.
12 Тады яны наблізіліся і сказалі валадару пра пастанову валадарскую: «Ці ж ты не падпісаў пастанову, што кожны чалавек, які будзе прасіць на працягу трыццаці дзён [гэтых] якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, будзе кінуты ў роў з ільвамі?» Валадар адказаў і сказаў: «Праўдзівае слова гэтае, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».
13 Тады яны адказалі і сказалі перад валадаром: «Данііл, які з сыноў выгнаньня Юдэйскага, не зважае на пастанову тваю, валадару, і на забарону, якую ты падпісаў, але тройчы ў дзень узносіць малітву сваю».
14 Калі валадар пачуў гэтыя словы, ён вельмі засмуціўся, і да Данііла прыхіліў сэрца, каб выратаваць яго, і намагаўся аж да заходу сонца вызваліць яго.
15 Тады тыя людзі пасьпяшаліся да валадара і сказалі валадару: «Ведай, валадару, што паводле закону Мідзянаў і Пэрсаў ніякая забарона і пастанова, якая пастаноўленая валадаром, ня могуць быць зьменены».
16 Тады валадар сказаў, і прывялі Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Бог твой, Якому ты заўжды служыш, няхай выратуе цябе».
17 І быў прынесены адзін камень, і быў паложаны на адтуліну рову, і валадар запячатаў яе сыгнэтам сваім і сыгнэтам магнатаў сваіх, каб нічога не магло быць зьменена адносна Данііла.
18 Пасьля пайшоў валадар у палац свой і правёў ноч у посьце, і музычных інструмэнтаў не прыносілі да яго, і сон ягоны адыйшоў ад яго.
19 Тады валадар устаў на золку і пасьпешліва пайшоў да рову з ільвамі.
20 І, падыйшоўшы да рову, ён крыкнуў голасам жалосным да Данііла. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Данііл, слуга Бога Жывога! Бог твой, Якому ты заўжды служыш, ці змог выратаваць цябе ад ільвоў?»
21 Тады прамовіў Данііл да валадара: «Валадару, жыві на вякі!
22 Бог мой паслаў анёла Свайго і зачыніў пашчы ільвоў, і яны не пашкодзілі мне, бо нявіннасьць перад Ім была знойдзена ў-ва мне, і табе, валадару, я не зрабіў шкоды».
23 Тады валадар моцна ўсьцешыўся і сказаў, каб вывелі Данііла з рову; і Данііл быў выцягнуты з рову, і ніякага пашкоджаньня не знайшлі на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
24 І сказаў валадар, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі зласьліва Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі іх, сыноў іхніх і жонак іхніх; і не дасягнулі яны яшчэ дна рову, як схапілі іх ільвы і патрушчылі ўсе косткі іхнія.
25 Тады Дарый валадар напісаў усім народам, плямёнам і мовам, якія жылі на ўсёй зямлі: «Супакой ваш няхай памножыцца!
26 Ад мяне выдадзены загад, каб паўсюль, дзе ўлада валадарства майго, усе трымцелі і баяліся перад Богам Данііла, бо Ён — Бог Жывы, Які існуе вечна, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана, і ўлада Ягоная ня мае канца.
27 Ён ратуе і вызваляе, і робіць і цуды ў небе і на зямлі, бо Ён выратаваў Данііла ад ільвоў».
28 І гэты Данііл меў поспех у [час] валадараньня Дарыя і валадараньня Кіра Пэрса.
Даниил 6 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча