Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Даниил 6 глава

1 Спадабалася Дарыю, і ўстанавіў ён над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб прабывалі яны ва ўсім яго царстве,
2 а над імі — трох кіраўнікоў, адным з якіх быў Даніэль, каб сатрапы давалі ім справаздачу і каб цару не рабіць прыкрасці.
3 Вось жа, Даніэль перавышаў усіх кіраўнікоў і сатрапаў, бо Дух Божы большы быў у ім. З-за гэтага цар маніўся паставіць яго над усім царствам;
4 дзеля таго кіраўнікі і сатрапы стараліся знайсці прычыну, каб абвінаваціць Даніэля ў справах супраць царства. Але не маглі, аднак, знайсці аніякае прычыны ані падазрэння, бо быў ён верны і не можна было ў ім знайсці аніякай віны або памылкі.
5 Дык сказалі мужы тыя: «Не знойдзем ніякай прычыны ў гэтым Даніэлю, але маем штосьці супраць яго ў законе яго Бога».
6 Тады кіраўнікі і сатрапы гэтыя паспяшаліся грамадою да цара і так яму сказалі: «Цару Дарыю, вечна жыві!
7 Усе дзяржаўныя кіраўнікі, намеснікі і сатрапы, магнаты і суддзі рашылі, каб цар распарадзіўся і даў загад: хто на працягу трыццаці дзён выкажа просьбу якому-небудзь богу або чалавеку, акрамя цябе, цару, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў.
8 Такім чынам, цяпер, цару, пацвердзі рашэнне і пастаў пячаць на загадзе, каб не было адклікана паводле непарушнага закону мідзян і персаў».
9 Дык цар Дарый паставіў пячаць на распараджэнні-дэкрэце.
10 А Даніэль, калі даведаўся, што падпісаны дэкрэт, пайшоў у свой дом; і, паколькі меў ён у сваім верхнім пакоі адчыненыя вокны, накіраваныя на Ерузалім, штодзень тры разы падаў на калені, і маліўся, і славіў Бога свайго, таксама так, як звычайна рабіў гэта і раней.
11 Такім чынам, гэтыя мужы наляцелі грамадою і знайшлі Даніэля, які маліўся і прызываў Бога свайго.
12 Дык пайшлі і сказалі цару аб рашэнні: «Ці не падпісаў ты, цару, дэкрэт, што ўсякі чалавек, хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць аб чымсьці каго-небудзь з багоў або людзей, акрамя цябе, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў?» У адказ цар сказаў: «Справядлівае слова паводле непарушнага закону мідзян і персаў».
13 На гэта адказалі, звяртаючыся да цара: «Даніэль, з сыноў палону Юды, не палічыўся з табою, цар, ані з распараджэннем, выдадзеным табою, але тры разы ў дзень моліцца ён сваёю малітвай».
14 Калі цар пачуў гэтае слова, ахапіў яго смутак; і схіліў ён сэрца сваё да Даніэля, каб выратаваць яго; ды аж да захаду сонца стараўся прыдумаць, як яго ўхаваць.
15 Але людзі гэтыя паспяшаліся грамадою да цара, кажучы яму: «Ведай, цару, што закон мідзян і персаў, як кожны дэкрэт і рашэнне, выдадзеныя царом, не можа быць зменены».
16 Тады цар загадаў, і прывялі Даніэля, і ўкінулі яго ў ільвіны роў. І цар звярнуўся да Даніэля і сказаў: «Твой Бог, Якому так трывала служыш, Сам вызваліць цябе».
17 І прынеслі адзін камень, і пакладзены ён быў па-над адтулінаю рова; цар апячатаў яго сваёй пячаткай і пячаткай сваіх магнатаў, каб нішто не змянілася ў справе Даніэля.
18 І вярнуўся цар у свой палац, і пайшоў спаць галодным, і ежы не прынеслі яму, звыш таго, і сон адышоў ад яго.
19 Дык цар устаў на світанні і паспяшаўся да львінага рова;
20 і, калі ўжо быў блізка ад рова, прызваў Даніэля голасам, поўным болю, і звярнуўся да Даніэля: «Даніэлю, паслугач жывога Бога, ці Бог твой, Якому служыш так верна, не змог вызваліць цябе ад ільвоў?»
21 І Даніэль адказаў цару: «Цару, вечна жыві!
22 Мой Бог паслаў Анёла Свайго, і Ён закрыў пашчы львам; і не скрыўдзілі яны мяне, бо перад Ім знайшлася ў мяне справядлівасць; але і адносна цябе, цару, не зрабіў я нічога благога».
23 Вельмі ўзрадаваўся тады цар з-за яго і загадаў дастаць Даніэля з рова; і выцягнулі Даніэля з рова, і не знойдзена было на ім ніводнай раны, бо даверыўся ён свайму Богу.
24 А цар загадаў, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі Даніэля, і ўкінулі ў ільвіны роў іх, і іх дзяцей, і іх жонак, і, перш чым упалі яны на дно рова, схапілі іх ільвы і раздрабілі іх косці.
25 Тады цар Дарый напісаў да ўсіх народаў, пакаленняў і моў, якія пражывалі на ўсёй зямлі: «Хай павялічваецца сярод вас супакой!
26 Выдаю дэкрэт, каб на ўсім абсягу майго царства шанавалі і трымцелі перад Богам Даніэля: бо Ён ёсць Бог жывы і трывае на векі; і Валадарства Яго не будзе знішчана, і ўлада Яго — аж навек.
27 Ён ратуе і вызваляе і творыць знакі і цуды на небе і на зямлі. Ён жа вызваліў Даніэля ад ільвоў».
28 А Даніэль цешыўся спагаднасцю ў цараванне Дарыя і ў валадаранне перса Кіра.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.