Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Даниил 7 глава
1 У першы год Бэльшацара, валадара Бабілонскага, Данііл бачыў сон і відзеж галавы сваёй на ложку сваім. Тады ён запісаў гэты сон і расказаў сутнасьць справы.
2 Адказаў Данііл і сказаў: «Я бачыў відзеж уначы. І вось, чатыры вятры нябесныя ўзбурылі мора вялікае.
3 І чатыры вялізныя зьвяры выйшлі з мора, адрозныя адзін ад аднаго.
4 Першы — як леў, і ў яго арліныя крылы. Я бачыў, ажно крылы ягоныя былі адарваныя, і ён быў падняты з зямлі, і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.
5 І вось іншы зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, быў пастаўлены з аднаго боку, і тры рабрыны ў пашчы ягонай, між зубоў ягоных; і гэтак сказалі яму: “Устань, еш шмат мяса”.
6 Пасьля гэтага я бачыў, і вось яшчэ адзін, як леапард, у якога на хрыбце ягоным чатыры крылы птушыныя; і чатыры галавы ў зьвера, і ўлада была дадзена яму.
7 Пасля гэтага я бачыў у відзежах начных, і вось зьвер чацьвёрты, жахлівы і жудасны, і дужы надзвычайна; і ў яго зубы вялікія жалезныя; ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі. І ён адрозьніваўся ад усіх зьвяроў, якія былі перад ім, і дзесяць рагоў у яго.
8 Я прыглядаўся, глядзеў на рогі, і вось, адзін рог малы вырас сярод іх, і тры першыя рогі былі вырваны з карэньнем перад ім, і вось, вочы, як вочы чалавечыя, у рога гэтага і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы.
9 Я бачыў, аж былі пастаўлены пасады, і Старадаўні Днямі сеў; адзеньне Ягонае — белае як сьнег, і валасы на галаве Ягонай — як воўна чыстая; пасад Ягоны — полымя агню, колы Ягоныя — агонь палючы.
10 Рака агню выцякала і разьлівалася перад Ім; тысяча тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысячаў дзесяткаў тысячаў стаялі перад Ім. Суд сеў, і кнігі былі разгорнутыя.
11 Я бачыў тады, што з прычыны голасу словаў вялікіх, якія гаварыў рог, я бачыў, што зьвер быў забіты, і зьнішчана цела ягонае, і аддадзена на спаленьне агню.
12 А ў рэшты зьвяроў была забрана ўлада іхняя, але працягласьць жыцьця іхняга дадзена ім да [вызначанай] пары і часу.
13 Я бачыў у відзежах начных, і вось, з хмарамі нябеснымі нібы Сын Чалавечы надыходзіць, і Ён прыйшоў да Старадаўняга Днямі, і Яго падвялі перад аблічча Ягонае.
14 І была дадзена Яму ўлада, слава і валадарства, каб усе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — улада вечная, якая не праміне, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана.
15 І занепакоіўся дух мой у-ва мне, у Данііле, унутры цела [майго], і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.
16 Я наблізіўся да аднаго з тых, што [там] стаялі, і спытаўся ў яго праўды пра ўсё гэта, і ён сказаў мне, і паведаміў мне значэньне рэчаў гэтых.
17 “Гэтыя зьвяры вялікія, якіх чатыры, — гэта чатыры валадары, якія паўстануць з зямлі.
18 І атрымаюць валадарства сьвятыя Найвышэйшага і яны будуць трымаць валадарства вечна, на вякі вечныя”.
19 Тады я хацеў дазнацца пра зьвера чацьвёртага, які адрозьніваўся ад усіх іх, надзвычайна жудасны, зубы ягоныя жалезныя і кіпцюры ягоныя мядзяныя, ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі,
20 і пра дзесяць рагоў на галаве ягонай, і пра іншы [рог], які вырас і перад ім упалі тры, і пра рог гэты, і вочы ягоныя, і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы, і выгляд ягоны большы за супольнікаў ягоных.
21 Я бачыў, і гэты рог вёў вайну са сьвятымі, і перамагаў іх,
22 пакуль не прыйшоў Старадаўні Днямі, і суд быў дадзены сьвятым Найвышэйшага, і надыйшоў час [вызначаны], каб валадарства атрымалі сьвятыя.
23 Гэтак ён сказаў: “Зьвер чацьвёрты — гэта валадарства чацьвёртае, што будзе на зямлі; яно адрознае ад усіх валадарстваў, і яно зжарэ ўсю зямлю, і стопча яе, і патрушчыць яе.
24 А дзесяць рагоў [значаць], што з гэтага валадарства паўстане дзесяць валадароў, а пасьля іх паўстане адзін, і ён будзе адрозьнівацца ад іншых, і ён скіне трох валадароў.
25 І словы супраць Найвышэйшага ён будзе прамаўляць, і сьвятых Найвышэйшага будзе ўціскаць, і задумае адмяніць сьвяты і закон, і яны будуць аддадзеныя ў руку ягоную да часу, часоў і паловы часу.
26 І суд сядзе, і ўладу ягоную забяруць, каб выгубіць і зьнішчыць [яго] да канца.
27 Валадарства і ўлада і веліч валадарстваў пад усім небам будзе дадзена народу сьвятых Найвышэйшага. Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўсе ўлады будуць служыць Яму і будуць слухаць Яго”.
28 Дагэтуль канец слова гэтага. Мяне, Данііла, думкі мае вельмі трывожылі, і выгляд мой зьмяніўся ў мяне; але слова гэтае я захаваў у сэрцы маім».
Даниил 7 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча