Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Аввакум 1 глава

1 Цяжар, які бачыў Абакум прарок.
2 Як доўга, ГОСПАДЗЕ, я буду галасіць і Ты ня будзеш чуць? Я крычу да Цябе: “Гвалт!”, а Ты не збаўляеш.
3 Дзеля чаго Ты паказваеш мне няправасьць і глядзіш на нядолю? Злачынствы і гвалт перада мною, і пачынаецца спрэчка, і ўзьнімаецца сварка.
4 Дзеля гэтага ня дзейнічае Закон, і ніколі ня мае моцы суд. Бязбожнікі абступілі праведніка, і таму суд выходзіць скрыўленым.
5 «Паглядзіце на народы і прыгледзьцеся, і зьдзіўленьнем зьдзівіцеся, бо Я зраблю справу ў дні вашыя, што не паверыце, калі вам раскажуць [пра яе].
6 Бо, вось, Я ўзьніму Халдэйцаў, народ горкі і хуткі, які праходзіць па прасторы зямлі, каб узяць у спадчыну сялібы не свае.
7 Страшны і грозны ён; ад яго самога выходзіць суд ягоны і годнасьць ягоная.
8 Шпарчэйшыя за леапардаў коні ягоныя і небясьпечнейшыя за ваўкоў вечаровых; і расьсеюцца [шырока] вершнікі ягоныя, і вершнікі ягоныя прыйдуць здалёк, палятуць, як арол, які кідаецца на здабычу.
9 Усе яны прыходзяць [чыніць] гвалт; абліччы іхнія зьвернутыя, як вецер усходні, і яны зьбіраюць палонных як пяску.
10 І з валадароў яны насьміхаюцца, і князі будуць посьмехам для іх; з усіх замкаў яны сьмяюцца, бо насыпаюць вал, і здабываюць іх.
11 Тады зьменіцца дух [ягоны], і ён прыйдзе, і будзе абвінавачаны, бо сіла ягоная — [гэта] бог ягоны».
12 Ці ня Ты спрадвеку, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Сьвяты мой? Мы не памром. ГОСПАДЗЕ, Ты паставіў яго на суд. Скала [мая], Ты прызначыў яго дзеля пакараньня.
13 Чыстыя вочы [Твае], каб глядзець на зло, і Ты ня можаш глядзець на нядолю. Чаму Ты глядзіш на адступнікаў, маўчыш, калі бязбожнік глытае таго, хто больш праведны за яго?
14 І Ты робіш, што людзі — як рыба ў моры, як паўзуны; няма пана над імі.
15 [Вораг] выцягвае ўсіх іх вудаю, загортвае іх у нерат свой і зьбірае іх у трыгубіцу сваю; з гэтага цешыцца і весяліцца.
16 Дзеля гэтага ён складае ахвяру нерату свайму і кадзіць трыгубіцы сваёй, бо праз іх тлустая частка ягоная і сытая ежа ягоная.
17 Ці ж дзеля гэтага ён закідвае нерат свой і заўсёды забівае народы бяз літасьці?
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.