Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Аввакум 1 глава

1 Прароцтва, якое ўбачыў прарок Абакук.
2 Дакуль, Госпадзе, буду прызываць Цябе, і Ты не чуеш? Буду лямантаваць Табе аб гвалце, і Ты не збаўляеш?
3 Чаму Ты даеш мне бачыць несправядлівасць і глядзіш на крыўду? І рабунак, і гвалт у мяне на вачах, і паўстае звадка, і нараджаецца сварка.
4 Дзеля таго закон страчвае сваю моц, і суд не даходзіць да канца, бо бязбожнік крыўдзіць справядлівага, таму прысуд становіцца крывадушны.
5 «Глядзіце вы, хто пагарджае, дзівіцеся ды адыдзіцеся, бо Я ў дні вашы выконваю тое, ува што ніхто не паверыць, калі б вам хтосьці аб ім гаварыў.
6 Бо Я, вось, падыму халдэяў, народ дзікі і нахабны, які жыве на вялікіх абшарах зямлі, каб захапіў ён палаткі не свае.
7 Жудасны і страшны ён; ад яго самога паходзіць яго суд і яго ўлада.
8 Жвавейшыя за пантэру коні яго і дзічэйшыя за пустынных ваўкоў; і разбягаюцца вершнікі яго: бо і коннікі яго здалёку прыйдуць, прыляцяць, быццам арол, што кідаецца на жыраванне.
9 Усе яны прыйдуць, каб учыніць гвалт, ва ўсіх іх твары, быццам палаючы вецер; і збяруць яны палонных, як пясок.
10 І ён будзе здзекавацца з цароў, з валадароў будзе насміхацца; яму кожная крэпасць — гульня, і ён насыпле вал і здабудзе яе.
11 Тады далей ён пойдзе, быццам вецер праляціць; і сілу сваю назаве богам сваім».
12 Ці ж не Ты спрадвеку, Госпадзе, Божа мой, Святы мой, Які не памрэш? Госпадзе, Ты на суд прызначыў яго; Скала мая, Ты на пакаранне паставіў яго.
13 Чыстыя вочы Твае, каб не глядзець на ліхоту; і на несправядлівасць не зможаш Ты глядзець. Чаму Ты глядзіш на ліхотнікаў і маўчыш, калі бязбожнік праглынае справядлівейшага за сябе?
14 Ты стварыў людзей, як рыбу марскую, як паўзуна, што не мае кіраўніка над сабою.
15 Усіх ён ловіць вудаю, цягне іх нератам сваім і збірае ў сетку сваю; з гэтага цешыцца і скача ў радасці.
16 Дзеля таго ахвяру ўскладае нерату свайму і прыносіць ахвяру сетцы сваёй, бо дзеля іх здабыў ён багатую здабычу і тлустая страва яго.
17 Такім чынам, няўжо мае ён заўсёды выцягваць меч свой, каб забіваць людзей без літасці?
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.