Библия » Пераклад праваслаўнай царквы
Деяния 17 глава
1 Прайшоўшы праз Амфіпо́ль і Апало́нію, яны прыйшлі ў Фесало́ніку, дзе была́ Іудзейская сінагога.
2 Паводле свайго звы́чаю, Павел увайшоў да іх і на праця́гу трох субот размаўляў з імі на падста́ве Піса́нняў,
3 тлума́чачы і даво́дзячы, што Хрысту нале́жала прыня́ць паку́ты і ўваскрэ́снуць з мёртвых і што: Гэты Хрыстос ёсць Іісус, Якога я прапаве́дую вам.
4 І некато́рыя з іх уве́равалі і далучы́ліся да Паўла і Сілы — і з набо́жных Э́лінаў вялікае мно́ства, і са зна́тных жанчын няма́ла.
5 А Іудзеі, якія не ўверавалі, пазайздро́сціўшы і назбіра́ўшы на плошчы нейкіх няго́дных людзей, учынíлі натоўп і пачалí бунтава́ць горад; падступіўшы да дому Іасо́на, яны намага́ліся вы́весці іх да народу.
6 Але, не знайшоўшы іх, яны пацягнулі Іасо́на і некато́рых братоў да гарадскіх начальнікаў, выкры́кваючы: тыя, што бунту́юць увесь свет, і сюды прыйшлі,
7 а Іасон іх прыня́ў; і яны ўсе су́праць зага́даў ке́сара выступа́юць, гаворачы, што ёсць іншы цар — Іісус.
8 І ўстрыво́жыўся народ і гарадскія нача́льнікі, чу́ючы гэта.
9 Але, атрыма́ўшы зало́г ад Іасо́на і ад іншых, яны адпусцíлі іх.
10 Браты ж адразу ўначы́ адпра́вілі Паўла і Сілу ў Ве́рыю; яны, прыбы́ўшы туды, пайшлі ў сінагогу Іудзейскую.
11 Гэтыя былí больш высакаро́днымі за тых, што ў Фесало́ніцы, яны прынялí сло́ва з усёй шчы́расцю, штодзе́нь дасле́дуючы Піса́нні, ці так яно ёсць;
12 і многія з іх уве́равалі — і з паважа́ных Э́лінскіх жанчын, і з мужчын няма́ла.
13 Калі ж даведаліся Фесаланікíйскія Іудзеі, што і ў Ве́рыі прапаве́дана Паўлам сло́ва Божае, то прыйшлі і туды, падбухто́рваючы і будара́жачы народ.
14 Тады браты́ адразу адпра́вілі Паўла ісці ў кіру́нку да мора, а Сіла і Цімафей засталíся там.
15 Суправаджа́льнікі Паўла правялí яго да Афін, і, атрымаўшы загад для Сілы і Цімафея, каб тыя як найхутчэ́й прыйшлі да яго, адпра́віліся назад.
16 У той час, як Павел чака́ў іх у Афінах, абура́ўся ў ім дух яго, калі ён бачыў гэты горад, поўны ідалаў.
17 І вось ён размаўляў у сінагозе з Іудзеямі, і з тымі, хто шанава́ў Бога, і на плошчы штодзе́нь з сустрэ́чнымі.
18 Некаторыя з філосафаў эпікурэ́йскіх і стаíчных спрача́ліся з ім; і адны гаварылі: «што́ хоча сказаць гэты пустасло́ў?», а другія: «здае́цца, ён прапаве́днік чужы́х багоў», — бо ён прапаве́даваў ім Іісуса і ўваскрасе́нне.
19 І, узяўшы яго, прывялі ў арэапа́г і казалі: ці можам мы даве́дацца, што́ гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшча́еш?
20 бо ты нешта дзіўнае ўклада́еш у ву́шы нашы; таму мы хочам даве́дацца: што́ гэта такое?
21 А ўсе Афíняне і іншазе́мцы, якія жылí там, нічым так ахво́тна не займа́ліся, як тым, каб гаварыць або слу́хаць пра нешта новае.
22 І, стаўшы пасярод арэапа́га, Павел сказаў: мужы́ Афінскія! па ўсім бачу я, што вы асабліва набо́жныя;
23 бо, прахо́дзячы і агляда́ючы святыні вашы, я знайшоў і ахвя́рнік, на якім напíсана: «невядо́маму Богу». Вось Гэтага, Якога вы, не ве́даючы, шану́еце, я і прапаве́дую вам.
24 Бог, Які ствары́ў свет і ўсё, што ў ім, Ён, бу́дучы Госпадам не́ба і зямлі, не ў рукатво́рных хра́мах жыве́
25 і не патрабу́е паслуг рук чалавечых, як той, хто ма́е ў не́чым патрэ́бу, а Сам дае́ ўсяму жыццё, і дыха́нне, і ўсё;
26 Ён стварыў ад адной крывí ўвесь род чалаве́чы, каб жылí па ўсім аблíччы зямлі, устанавіўшы прадвы́значаныя тэ́рміны і ме́жы пражыва́ння іх,
27 каб яны шукалі Бога, ці не адчу́юць яны Яго і не зно́йдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,
28 бо мы Ім жывём, і ру́хаемся, і існуём, як і некато́рыя з вашых паэтаў казалі: «бо мы ёсць і род Яго».
29 Таму, будучы ро́дам Божым, мы не павíнны лічы́ць, што Бажаство́ падобна да золата, альбо срэ́бра, альбо ка́меня, твора ўме́льства і заду́мы чалавека;
30 дык вось, не зважа́ючы на часы́ няве́дання, Бог цяпер зага́двае лю́дзям, каб усе ўсю́ды пака́яліся;
31 таму што Ён устанавіў дзень, у які будзе пра́ведна судзíць свет праз Му́жа, Якога Ён прызна́чыў, да́ўшы ўсім доказ, уваскрасíўшы Яго з мёртвых.
32 Пачуўшы пра ўваскрасе́нне мёртвых, адны насміха́ліся, а другія казалі: пра гэта паслу́хаем цябе іншым разам.
33 Тады Павел пайшоў ад іх.
34 Некато́рыя ж мужы́, далучы́ўшыся да яго, уве́равалі; сярод іх быў Дзіянíсій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Да́мар, і іншыя з імі.
Деяния 17 глава в переводах