Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 17 глава
У Тэсалоніцы. Цяжкасці з юдэямі1 Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была юдэйская сінагога.
2 Павел сваім звычаем увайшоў да іх і тры шабаты дыскутаваў з імі на падставе Пісання,
3 адкрываючы і даказваючы ім, што Хрыстус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць і што: «Гэты Езус, якога вам прапаведую, — гэта Хрыстус».
4 Некаторыя з іх паверылі і далучыліся да Паўла і Сілы — вялікае мноства пабожных грэкаў і нямала знатных жанчын.
5 Тады юдэі, ахопленыя зайздрасцю, узялі з рынку нейкіх нягодных людзей, сабралі натоўп і пачалі бунтаваць горад. Падышоўшы да дома Ясона, яны шукалі іх, каб вывесці да народу.
6 Калі ж не знайшлі, пацягнулі Ясона і некаторых братоў да гарадскіх уладаў з крыкам: «Тыя, што бунтуюць увесь свет, прыйшлі і сюды,
7 а Ясон прыняў іх. Усе яны паступаюць насуперак загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы кароль — Езус».
8 Устрывожыўся народ і гарадскія ўлады, якія слухалі гэта.
9 Але, атрымаўшы даволі шмат ад Ясона і іншых, адпусцілі іх.
Павел і Сіла ў Бэрэі10 Тады браты адразу ж уначы адправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Прыбыўшы туды, яны пайшлі ў юдэйскую сінагогу.
11 Тутэйшыя былі больш прыхільныя, чым у Тэсалоніках, яны прынялі слова з усёй ахвотай і кожны дзень даследавалі Пісанне, ці так яно ёсць.
12 Многія з іх паверылі — і з грэцкіх знатных жанчын, і з мужчын нямала.
13 Калі ж даведаліся тэсаланікійскія юдэі, што і ў Бэрэі Павел прапаведуе Божае слова, прыйшлі таксама туды ды падбухторвалі і бунтавалі натоўп.
14 Тады браты адразу ж адправілі Паўла, каб ён пайшоў да самага мора, а Сіла і Цімафей засталіся.
15 Тыя, хто спадарожнічаў Паўлу, правялі яго аж да Атэн. Атрымаўшы наказ для Сілы і Цімафея, каб як мага хутчэй прыйшлі да яго, вярнуліся.
Павел у Атэнах16 Калі Павел чакаў іх у Атэнах, яго дух абураўся на від горада, перапоўненага ідаламі.
17 Ён размаўляў у сінагозе з юдэямі і з тымі, хто баіцца Бога, і штодня з сустрэчнымі на рынку.
18 Спрачаліся з ім некаторыя філосафы з эпікурэйцаў і стоікаў. Адны казалі: «Што хоча сказаць гэты пустаслоў?» Іншыя: «Здаецца, ён прапаведуе чужых багоў», — таму што ён прапаведаваў ім Езуса і ўваскрасенне.
19 Яны ўзялі яго і прывялі на Арэапаг, кажучы: «Ці можам даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшчаеш?
20 Бо нешта дзіўнае ўкладаеш нам у вушы. Мы хочам ведаць, што гэта азначае?»
21 А ўсе атэнцы ды іншаземцы, якія жылі там, нічым так ахвотна не займаліся, як расказваннем або слуханнем чагосьці новага.
Прамова Паўла на Арэапагу22 Павел стаў пасярод Арэапагу і сказаў: «Атэнцы, я бачу, што ва ўсім вы вельмі рэлігійныя.
23 Бо, калі я праходзіў і аглядаў вашыя святыні, я знайшоў таксама алтар, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Таго, каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам.
24 Бог, які стварыў свет і ўсё, што ў ім, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў святынях, збудаваных рукамі,
25 і не з рук чалавечых прымае служэнне, быццам бы маючы ў нечым патрэбу. Ён сам дае ўсяму жыццё, дыханне і ўсё.
26 Ён учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй зямлі. Прызначыў устаноўленыя часы і межы іх рассялення,
27 каб яны шукалі Бога. Можа намацаюць і знойдуць Яго, бо Ён недалёка ад кожнага з нас.
28 Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём, як некаторыя з вашых паэтаў сказалі: “І мы род Ягоны”.
29 Дык калі мы належым да Божага роду, то не павінны думаць, што боства падобна да золата ці срэбра, ці каменя, да выявы мастацтва і чалавечай фантазіі.
30 Не зважаючы на часы няведання, Бог цяпер наказвае людзям, каб усе і паўсюль каяліся,
31 бо Ён вызначыў дзень, калі будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога прызначыў, і даў доказ усім, уваскрасіўшы Яго».
32 Калі пачулі пра ўваскрасенне, адныя насміхаліся, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам».
33 Так Павел выйшаў ад іх.
34 Але некаторыя людзі далучыліся да яго і паверылі. Сярод іх быў Дыянізій Арэапагіт, жанчына па імені Дамарыс ды іншыя разам з імі.
Деяния 17 глава в переводах