Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Исход 40 глава

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2 у першы месяц, у першы дзень месяца пастаў скінію сходу,
3 і пастаў у ёй каўчэг адкрыцьця, і захіні каўчэг заслонаю;
4 і ўнясі стол і пастаў на ім усе рэчы яго, і ўнясі сьвяцільню і пастаў на ёй лампады яе;
5 і пастаў залаты ахвярнік, каб дыміць перад каўчэгам адкрыцьця, і павесь заслону на ўваходзе ў скінію;
6 і пастаў ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у скінію сходу;
7 і пастаў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і налі ў яго вады;
8 і пастаў двор вакол і павесь заслону ў браме двара.
9 І вазьмі алею памазаньня, і памаж скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяці яе і ўсе прылады яе, і будзе сьвята;
10 памаж ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго і асьвяці ахвярнік, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая;
11 і памаж умывальнік і падножжа яго і асьвяці яго.
12 І прывядзі Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою;
13 і апрані Аарона ў сьвяшчэннае адзеньне, і памаж яго, і асьвяці яго, каб ён быў сьвятаром Мне.
14 І сыноў ягоных прывядзі, і апрані іх у хітоны,
15 і памаж іх, як памазаў ты бацьку іхняга, каб яны былі сьвятарамі Мне, і памазаньне іх прысьвеціць іх у вечнае сьвятарства ў роды іхнія.
16 І зрабіў Майсей усё: як загадаў яму Гасподзь, так і зрабіў.
17 У першы месяц другога года, у першы дзень месяца пастаўлена скінія.
18 І паставіў Майсей скінію, паклаў падножжы яе, паставіў брусы яе, паклаў жэрдкі і паставіў слупы яе,
19 напяў покрыва над скініяю і паклаў века паверсе гэтага покрыва, як загадаў Гасподзь Майсею.
20 І ўзяў і паклаў адкрыцьцё ў каўчэг, і ўклаў жэрдкі ў колцы каўчэга, і паклаў века на каўчэг зьверху;
21 і ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў заслону, і засланіў каўчэг адкрыцьця, як загадаў Гасподзь Майсею.
22 І паставіў стол у скініі сходу на паўночным баку скініі, паза заслонаю,
23 і расклаў на ім рад хлябоў перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.
24 І паставіў сьвяцільню ў скініі сходу насупраць стала, на паўднёвым баку скініі,
25 і паставіў лампаду перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.
26 І паставіў залаты ахвярнік у скініі сходу перад заслонаю
27 і задыміў на ім пахучае дымленьне, як загадаў Гасподзь Майсею.
28 І павесіў заслону пры ўваходзе ў скінію;
29 і ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў скінію сходу і прынёс на ім цэласпаленьні і ахвяру хлебную, як загадаў Гасподзь Майсею.
30 І паставіў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і наліў у яго вады для абмываньня,
31 і абмывалі зь яго Майсей і Аарон і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае;
32 калі яны ўваходзілі ў скінію і падыходзілі да ахвярніка, тады і абмывалі, як загадаў Гасподзь Майсею.
33 І паставіў двор вакол скініі і ахвярніка і павесіў заслону ў браме двара. І так закончыў Майсей дзею.
34 І ўкрыла воблака скінію сходу.
35 І ня мог Майсей увайсьці ў скінію, бо засланяла яго воблака, і слава Гасподняя напаўняла скінію.
36 Калі падымалася воблака ад скініі, тады выпраўляліся ў дарогу сыны Ізраілевыя падчас усяго падарожжа свайго;
37 калі ж не падымалася воблака, дык і яны не выпраўляліся ў дарогу, пакуль яно не падымалася;
38 бо воблака Гасподняе стаяла над скініяй удзень, і агонь быў уначы ў ёй перад вачыма ўсяго дома Ізраілевага падчас усяго падарожжа іхняга.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.