Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Исход 40 глава

1 І прамовіў Госпад да Майсея, гаворачы:
2 «У першы дзень першага месяца паставіш скінію, палатку сустрэчы,
3 і паставіш у ёй каўчэг сведчання, накрый яго пакрывалам; і, калі
4 ўнясеш стол, пакладзі на яго тое, што прадпісана па традыцыі, падсвечнік хай стаіць з лямпамі сваімі
5 і залаты ахвярнік для каджэння хай стаіць перад каўчэгам сведчання, і памясці пакрывала пры ўваходзе ў скінію,
6 а ахвярнік цэласпалення — перад палаткай сустрэчы,
7 і пастаў таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, і напоўні яго вадою.
8 І акружы панадворак пакрываламі, і размясці пакрывала ў браме яго.
9 І, узяўшы алею намашчэння, памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асвяці яе з яе пасудзінамі, і будзе яна святыняй.
10 Памаж таксама ахвярнік цэласпалення і ўсе яго пасудзіны, і асвяці ахвярнік, і будзе ён святым з святых.
11 І памажаш таз з падножжам яго, і асвяці яго.
12 І прывядзі Аарона і яго сыноў да ўваходу ў палатку сустрэчы; абмытых вадою,
13 апрані Аарона ў святыя шаты, намасці і пасвяці яго, каб служыў Мне святаром.
14 Прывядзі сыноў яго, і апрані ў шаты,
15 і намасці іх, як намасціў іх бацьку, каб служылі яны Мне святарамі, і намашчэнне іх будзе ім у вечнае святарства ў іх пакаленнях».
16 І Майсей зрабіў усё, як яму загадаў Госпад; так і зрабіў.
17 Такім чынам, у першы месяц другога года, у першы дзень месяца паставілі скінію.
18 І паставіў яе Майсей, і паклаў падножжы, і дошкі, і жэрдкі, і слупы паставіў,
19 і разбіў палатку над скініяй, накрыўшы яе пакрыццем зверху, як загадаў Госпад Майсею.
20 Ён узяў сведчанне і паклаў яго ў каўчэг, і, прасунуўшы скрозь жэрдкі, накрыў зверху перамольняй.
21 І, калі ўнёс каўчэг у скінію, ён павесіў перад ім пакрывала, як загадаў Госпад Майсею.
22 Паставіў і стол у палатцы сустрэчы на паўночным баку скініі перад пакрывалам,
23 разлажыўшы перад абліччам Госпада па парадку хлябы пакладныя, як загадаў Госпад Майсею.
24 Паставіў і падсвечнік у палатцы сустрэчы насупраць стала ў паўднёвай частцы,
25 размясціўшы лямпы па парадку, як загадаў Госпад Майсею.
26 Паставіў і залаты ахвярнік у палатку сустрэчы перад перамольняй,
27 і на ім спаліў кадзіла з вострых духмяных рэчаў, як загадаў Госпад Майсею.
28 Размясціў і пакрывала ля ўваходу ў скінію,
29 і ахвярнік цэласпалення паставіў перад уваходам у скінію, у палатку сустрэчы, ахвяруючы на ім цэласпаленне і ахвяру, як загадаў Госпад Майсею.
30 Паставіў таксама таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, напоўніўшы яго вадою;
31 і мылі ў ім рукі і ногі свае Майсей, Аарон і сыны яго,
32 калі ўваходзілі ў палатку сустрэчы і набліжаліся да ахвярніка, як загадаў Госпад Майсею.
33 Паставіў ён і панадворак вакол скініі і ахвярніка, пры яго ўваходзе павесіўшы пакрывала. Такім чынам, Майсей закончыў работу.
34 І воблака накрыла скінію разам з палаткай сустрэчы, і слава Госпада напоўніла скінію.
35 І не мог Майсей увайсці ў палатку сустрэчы, бо спачывала на ёй воблака, і слава Госпада напоўніла скінію.
36 Калі воблака падымалася над палаткай, сыны Ізраэля пускаліся ў дарогу ва ўсякіх абставінах;
37 а калі воблака не падымалася, не пускаліся яны ў дарогу аж да дня, пакуль не падымалася воблака.
38 Бо ўдзень пакрывала скінію воблака Госпада, а ўночы свяціла, быццам бляск агню, на вачах усяго дома Ізраэля ў час усіх іх вандровак.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.